https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


У Мінску адсвяткавалі Дзень Волі


Беларуская апазіцыя і прыхільнікі дэмакратычных сіл адзначылі гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Беларуская апазіцыя і прыхільнікі дэмакратычных сіл адзначылі 98-ю гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі шэсцем, мітынгам, а таксама ўскладаннем кветак да помнікаў Янку Купалу і Якубу Коласу.

Першапачаткова шэсце планавалася ад Акадэміі навук па праспекце Незалежнасці да парку Янкі Купалы, аднак Мінгарвыканкам змяніў маршрут: ён прапанаваў арганізатарам сабраць людзей каля кінатэатра "Кастрычнік" і прайсці па вуліцы Сурганава да плошчы Бангалор, дзе дазволена правесці мітынг.

Арганізатары назвалі рашэнне гарвыканкама правакацыйным і заклікалі грамадзян сабрацца 25 сакавіка з 18.00 да 18.30 на пляцоўцы каля кінатэатра "Кастрычнік", што дазволена ўладамі, і ўжо на месцы вызначыцца з маршрутам шэсця.

Адзін з лідараў апазіцыі былы палітвязень Мікалай Статкевіч заявіў пра намер ускласці 25 сакавіка ў 17.00 кветкі да помніка Янку Купалу ў аднайменным скверы, каб выказаць падзяку заснавальнікам БНР і дзеячам нацыянальнага адраджэння, а затым далучыцца да ўдзельнікаў асноўнай акцыі.

17.00 У скверы Янкі Купалы прыкладна 150 чалавек. Досыць шмат людзей у цывільным, некаторыя з іх вядуць відэаздымку. Працуюць назіральнікі ад праваабарончых арганізацый. Сярод прысутных апазіцыйныя палітыкі Мікалай Статкевіч, Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі, Павел Севярынец, Павел Вінаградаў. Колькасць удзельнікаў актыўна расце. Людзі нясуць кветкі да помніка Купалу. Каля помніка ўсталявалі невялікі бел-чырвона-белы сцяг.

17.05 Мікалай Статкевіч зазначыў, што Дзень Волі — "дата, якая вызначыла лёс Беларусі, дазволіла беларусам захавацца ў мінулым стагоддзі як нацыі". "Гэта свята заслугоўвае таго, каб быць адзначаным у цэнтры сталіцы Беларусі", — заявіў палітык.

Ён негатыўна ацаніў той факт, што некаторыя прадстаўнікі дэмсіл лёгка пагадзіліся на прапанаваны ўладамі маршрут ад кінатэатра "Кастрычнік" да плошчы Бангалор. Паводле слоў Статкевіча, паркам Дружбы Народаў можна было б задаволіцца на якой-небудзь сацыяльнай акцыі, куды "прыходзяць запалоханыя слаі". "Але палітычная дата, якая па сутнасці зрабіла, хоць і з невялікай адтэрміноўкай, Беларусь незалежнай, павінна быць адсвяткаваная годна незалежна ад таго, ёсць на гэта санкцыя ці не", — падкрэсліў палітык.

Ён таксама адзначыў, што пачатак акцыі каля помніка Купалу з`яўляецца кампрамісным варыянтам для арганізатараў Дня Волі. Паводле слоў Статкевіча, спачатку ён прапанаваў правесці акцыю на Кастрычніцкай плошчы, але гэтая прапанова не была падтрыманая. Тады было вырашана пачаць святкаванне Дня Волі ў Купалаўскім скверы.

17.10 Выступаючы на мітынгу ў Купалаўскім парку, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД) Павел Севярынец адзначыў, што ў беларускай мове слова "воля" азначае "і свабоду, і рашучасць". "Гэта адна з нешматлікіх моў у свеце, у якой у адным слове аб`яднаныя паняцці, так неабходныя беларусам", — сказаў Севярынец. 

Паводле яго слоў, на працягу 22 гадоў Беларусь "спрабавалі ўтаптаць у бруд". "Прыкладна 100 гадоў Беларусь спрабуюць ператварыць у калгас з брыгадзірам, свінарнікамі, з чырвонымі куткамі. Гэтага не будзе. СССР разваліўся, Расійская імперыя развальваецца, час Лукашэнкі праходзіць. Беларусь не будзе калгасам", — сказаў Севярынец. Ён нагадаў, што сёлета 25 сакавіка каталікі і пратэстанты адзначаюць Дабравешчанне: "Гэта надзвычай светлы дзень. Дзень тых, хто верыць. Калі будзем верыць — пераможам".

17.17 Лідар руху салідарнасці "Разам" Вячаслаў Сіўчык заявіў: беларускія ўлады хочуць, каб грамадзяне краіны змірыліся з тым, што ў іх няма правоў. "Улада жыве паводле сваіх уласных законаў, аднак мы жадаем быць гаспадарамі на сваёй зямлі, а не жыць, як яны кажуць, дрэнна, але нядоўга", — сказаў Сіўчык. Ён падзякаваў прысутным: "На вашай мужнасці і стаіць Беларусь. Трэба спадзявацца, што мы пераможам. Мы верым у Бога, у свае сілы і Беларусь". 

Старшыня Аб`яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, выступаючы ля помніка паэту, адзначыў, што рашэнне беларускіх праблем знаходзіцца ў Мінску, а не ў Бруселі ці іншых сталіцах. "Будучыня Беларусі — гэта наша з вамі адказнасць. Беларусы вартыя жыць у незалежнай еўрапейскай краіне. Усё больш людзей імкнуцца да гэтага", — лічыць палітык. 

У сваю чаргу Сіўчык адзначыў, што беларусы — гэта ўнікальная нацыя, якая "шануе сваіх продкаў так, як не шануе ніхто з суседзяў". Ён нагадаў пра тое, што не так даўно памёр вядомы савецкі дысідэнт Сяргей Ханжанкоў, а таксама Валерый Сядоў, пасля чаго аб`явіў хвіліну маўчання ў памяць аб усіх загінулых за Беларусь пачынаючы з 25 сакавіка 1918 года. 

17.20 Уладзімір Някляеў перад сваім выступленнем пахваліў адзін з плакатаў, які ўбачыў у руках удзельніка мітынгу. На ім напісана: "БНР паўстала без дазволу Мінгарвыканкама". 

Някляеў заявіў, што ўсе прысутныя ў парку Купалы людзі "перакананыя, што жыць у лукашэнкаўскай Беларусі больш нельга", бо пры Лукашэнку Беларусь, паводле яго слоў, не належыць беларусам. "Мы з вамі хочам жыць у купалаўскай Беларусі, дзе народ сам сабе гаспадар, таму мы і прыйшлі да помніка Купалу", — заявіў Някляеў. Ён падкрэсліў, што такія людзі, як Якуб Колас і Янка Купала, "не толькі пісалі вершы, але і стваралі Беларусь, беларускасць на гэтай зямлі", якую "ўсялякая нечысць сёння спрабуе растаптаць". "Але ў яе нічога не атрымаецца. Не з дазволу Мінгарвыканкама або Адміністрацыі прэзідэнта ўзнікла гэтая краіна, а па волі Бога", — падсумаваў паэт. 

17.22 Калона ўдзельнікаў акцыі, прыкладна 300 чалавек, рушыла па тратуары праспекта Незалежнасці ў бок кінатэатра "Кастрычнік". Па дарозе яны збіраюцца ўскласці кветкі да помніка Якубу Коласу на аднайменнай плошчы. 

17.35 Дэманстрантаў ўжо прыкладна 500 чалавек. Яны нясуць дзясяткі бел-чырвона-белых сцягоў. На чале калоны група моладзі з транспарантам "Воля народам, смерць імперыям!". 

17.55 Калона дайшла да плошчы Якуба Коласа. Перад дэманстрантамі выступіў Статкевіч, які назваў Коласа нацыянальным геніем, адным з тых, хто набліжаў незалежнасць Беларусі. Ад імя ўсіх удзельнікаў шэсця палітык усклаў кветкі да помніка паэту. 

18.01 Калона рушыла далей па праспекце Незалежнасці ў бок кінатэатра "Кастрычнік", дзе дазволены збор удзельнікаў акцыі. 

18.05 Каля "Кастрычніка" сабралася прыблізна 150 чалавек. Шмат бел-чырвона-белых сцягоў, сцягоў з сімволікай апазіцыйных партый. Дэманстранты таксама трымаюць расцяжку са словамі "Верым, можам, пераможам", транспаранты з надпісам "Волю не даруюць, за волю — змагаюцца" і іншымі. За тым, што адбываецца, назіраюць шматлікія супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным і форме. Актывісты грамадзянскай кампаніі "Арт Сядзiба" сабраліся каля імправізаванай сцэны, павіншавалі прысутных са святам, а таксама ўшанавалі памяць загінулага ва Украіне беларуса Алеся Чаркашына і жонкі музыканта Лявона Вольскага Ганны Вольскай, якая памерла 23 сакавіка. 

18.10 На пляцоўцы каля кінатэатра ўжо больш за 300 чалавек. Тут знаходзяцца Анатоль Лябедзька і актывісты АГП, Віталь Рымашэўскі, Аляксандр Мілінкевіч, грамадская актывістка Вольга Нікалайчык. З`явіліся сцягі ЕС і Украіны, а таксама сцяг з сімволікай гурту "Крамбамбуля". З ініцыятывы музыканта Пятра Клюева ўдзельнікі акцыі спяваюць папулярныя песні беларускіх гуртоў "Трубяцкі", "Н.Р.М." і іншых. Мегафон сталі перадаваць па руках, людзі выказваюць сваё меркаванне аб сённяшнім святкаванні Дня Волі. 

18.17 Калона дэманстрантаў, якая ішла ад парку Купалы, прыбыла на асноўны пункт збору. 

18.25 Намеснік старшыні руху "За Свабоду" Алесь Лагвінец зачытаў тэкст звароту да суайчыннікаў старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы з нагоды 98-й гадавіны абвяшчэння БНР. У ім выказаная вера ў тое, што беларусы дасягнуць найлепшай будучыні. "Пацверджанне нашай моцы бачым у зусім нядаўняй гісторыі — калі 25 жніўня 1991 года беларусы здолелі скарыстаць шанец і аднавілі Незалежнасць, здзейсніўшы мару пакаленняў. І вось ужо чвэрць стагоддзя наш край незалежны — але ўсё яшчэ не свабодны, — падкрэсліла кіраўнік Рады БНР. — Прыйдзе час, калі будзем сапраўды той незалежнай, вольнай дзяржавай, пра якую гаварылі нашыя дзяды, калі наш край далучыцца да сям`і заможных і паважаных еўрапейскіх народаў". 

Вячаслаў Сіўчык папрасіў заяўнікаў акцыі сабрацца каля імправізаванай сцэны, каб абвясціць пачатак шэсця. 

18.31 Перад прысутнымі выступіў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Ён адзначыў ролю БНР у станаўленні незалежнасці Беларусі. Пры гэтым палітык падкрэсліў, што Беларусь сёння незалежная не цалкам, пагроза яе незалежнасці да гэтага часу існуе. Янукевіч нагадаў, што за незалежнасць Беларусі сваім жыццём ахвяравалі шматлікія пакаленні беларусаў. "Калі нехта кажа, што незалежнасць звалілася на нас зверху, дык гэта няпраўда, — заявіў ён. — Мы павінны быць гатовыя да таго, што імперская Расія не пагодзіцца з еўрапейскім выбарам Беларусі. Калі мы скінем ярмо дыктатуры, мы павінны быць гатовыя абараніць Беларусь". Паводле слоў Янукевіча, сёння важна несці беларускую ідэю, беларускую думку, каб народ стаў сапраўдным гарантам незалежнасці краіны. "Наша ідэя пераможа, бо яна вартая, яна грунтуецца на спадчыне стагоддзяў", — перакананы палітык. 

У сваю чаргу старшыня АГП Анатоль Лябедзька заявіў: пагаршэнне ўмоў жыцця беларусаў — гэта наступствы дзеянняў "тых, хто жыве ў Драздах". "Драздуноў" у адстаўку! — заявіў Лябедзька. — Сёння мы павінны канстатаваць, што ў нас няма права выбару, нам неабходны новы эканамічны курс, нам патрэбная еўрапейская будучыня. За 22 гады "драздуны" пабудавалі толькі сваю будучыню. Што атрымалі пенсіянеры, якія іх падтрымлівалі? Што атрымалі прадпрымальнікі, якія верылі ў добрага цара?" Лябедзька падкрэсліў, што ніхто не вырашыць праблемы беларусаў, акрамя іх саміх, што кожны нясе адказнасць за гэта. Улада, паводле яго слоў, будзе лічыцца з народам, толькі калі на вуліцы выйдуць сотні тысяч людзей. 

18.35 Узяў слова актывіст прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў. Ён запытаў, ці прысутнічаюць на акцыі прадпрымальнікі, гэтае пытанне было сустрэтае апладысментамі. Затым Макаеў зачытаў тэкст рэзалюцыі ў падтрымку патрабаванняў ІП, вылучаных імі падчас лютаўскіх акцый пратэсту. Удзельнікам акцыі прапанавана падтрымаць патрабаванні ІП. Макаеў заявіў, што прадпрымальнікі не вераць у дзеяздольнасць рабочай групы па пытаннях ІП, створанай пры Міністэрстве эканомікі. "Мы патрабуем яе роспуску і стварэння новай групы, у якую былі б прыцягнутыя індывідуальныя прадпрымальнікі", — сказаў актывіст. У зачытанай ім рэзалюцыі таксама гучыць заклік да арганізацыі і падтрымкі новых мітынгаў прадпрымальнікаў, які плануюцца ў красавіку і маі. Рэзалюцыя была падтрыманая большасцю ўдзельнікаў акцыі. 

Макаеў таксама зачытаў тэкст іншай рэзалюцыі — з патрабаваннем вызваліць праваабаронцаў Андрэя Бандарэнку і Міхаіла Жамчужнага, якіх частка апазіцыі лічаць палітвязнямі. 

18.48 Арганізатары Дня Волі прынялі рашэнне не заклікаць людзей ісці на плошчу Бангалор, дзе дазволены мітынг. Як паведаміў член аргкамітэта Анатоль Лябедзька, меркаванні арганізатараў падзяліліся: адны прапануюць завяршыць акцыю каля кінатэатра "Кастрычнік", іншыя — завяршыць святкаванне шэсцем да ўніверсама "Рыга". Абодва варыянты будуць вынесеныя на галасаванне прысутным. 

18.51 Сіўчык і былы палітвязень Яўген Васьковіч, якія выступілі на мітынгу, закранулі тэму пагрозы для Беларусі з боку Расіі і заклікалі беларусаў быць гатовымі абараняць сваю краіну. 

Мітынг на пляцоўцы каля "Кастрычніка" завяршыўся. Удзельнікам акцыі прапанавалі дайсці да ўніверсама "Рыга", пасля чаго разысціся і "працягнуць адзначаць гэтае свята". 

19.00 Каля "Кастрычніка" застаюцца прыблізна сотня чалавек. Яны фатаграфуюцца, гутараць. Прыкладна 700 дэманстрантаў рушылі калонай да ўніверсама "Рыга". На чале калоны Віталь Рымашэўскі, Вячаслаў Сіўчык, Аляксей Янукевіч, Рыгор Кастусёў, Алесь Лагвінец.

19.18 Удзельнікі акцыі, якія засталіся каля кінатэатра "Кастрычнік", разышліся. Мікалай Статкевіч і Уладзімір Някляеў не пайшлі ў бок плошчы Бангалор. Паводле слоў Статкевіча, такі дзень заслугоўвае годнага свята і годнай акцыі. "Яна прайшла ля помніка Янку Купалу, адбылося таксама шэсце па праспекце Незалежнасці. Ісці ў бок Бангалор, дзе выгульваюць сабак, няма сэнсу", — сказаў палітык. 

19.20 Калона дайшла да "Рыгі". Дэманстрантаў суправаджаюць супрацоўнікі ДАІ, яны рэгулявалі пераход праезнай часткі, каб удзельнікі акцыі пераходзілі дарогу на зялёнае святло. Уздоўж маршруту шэсця было шмат сілавікоў у цывільным, якія здымаюць тое, што адбываецца, на відэакамеры. Праваахоўнікі таксама ў цывільным замыкалі калону мітынгоўцаў. У шэсці ўдзельнічае не менш за 1 тысячу 200 чалавек. 

19.26 Арганізатары акцыі абвясцілі аб завяршэнні шэсця і прапанавалі дэманстрантам разыходзіцца. 

19.38 Каля будынка "Беларусбанка" насупраць універсама "Рыга" застаюцца прыблізна 200 чалавек. Яны танчаць і скандуюць: "Жыве Беларусь!", "Слава Украіне, героям — слава!", "Хто не скача — той маскаль". За тым, што адбываецца, працягваюць назіраць некалькі дзясяткаў сілавікоў у цывільным на чале з камандзірам мінскага АМАП Дзмітрыем Балабам. 

Лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч станоўча ацаніў акцыю. "Адзначылі годна, на ўзроўні. Людзей было не так шмат, хацелася б, каб было больш, але дзякуй кожнаму з некалькіх тысяч, якія прыйшлі ў розныя месцы, каб адзначыць Дзень Волі. Было шмат сцягоў, шмат моладзі", — сказаў палітык. На пытанне, чаму колькасць удзельнікаў вулічных акцый расце нязначна ва ўмовах, калі міліцыя не затрымлівае дэманстрантаў і не арыштоўвае іх згодна з адміністрацыйным заканадаўствам, Янукевіч адказаў, што за дзесяцігоддзі знаходжання Лукашэнкі ва ўладзе ў людзей ўмацавалася думка, што ад іх нічога не залежыць — ні ад іх голасу, ні ад іх дзеянняў. "Гэта апатыя і нявер`е, а не толькі страх — вось з-за чаго так мала людзей", — сказаў Янукевіч. 

19.55 Апошнія ўдзельнікі акцыі, якія спявалі песні і танцавалі, разышліся.

Захар Шчарбакоў, Сяргей Каралевіч, Аляксей Аляксандраў
БелаПАН, Мінск, 25 сакавіка 2016
 
Дата публикации:25.03.2016
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:538
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме