https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У Беларусі для інвалідаў створаць ІТ-курсы і дапамогуць знайсці прэстыжную работу


На сталічным кірмашы вакансій, што праходзіў у лістападзе, у секцыі «Занятасць без межаў» прапаноўвалі работу інвалідам. Іх гатовы былі ўладкаваць дыспетчарамі, сантэхнікамі, адміністратарамі вэб-сервера.
Героі гэтага матэрыялу ўпэўнены: спіс прафесій, дзе можа сябе праявіць чалавек з асаблівасцямі ў развіцці, куды большы. І гатовы дапамагчы іншым знайсці работу. На сёлетнім конкурсе сацыяльных праектаў Socіal Weekend прэзентуюць адразу два адукацыйныя курсы для людзей з інваліднасцю.

«Нас арыентуюць на завод»

Нядаўна Максім Молнар атрымаў прэстыжную прафесію — 3D-дызайнер. Цяпер хлопец спрабуе ўладкавацца на работу: адна амерыканская фірма выслала яму тэставае заданне. Прызнаецца, што ў ідэале хацеў бы працаваць у гульнявой сферы, у кампаніі, дзе ў калектыве ёсць людзі, якія чуюць і якія не.

Максім страціў слых у самым маленстве. Вучыўся ў спецшколе. Расказвае, што яго знаёмыя з парушэннямі слыху працуюць па розных спецыяльнасцях: дызайнер, кухар, стаматолаг, настаўнік, акцёр.

— Але ў прэстыжных прафесіях насамрэч занята вельмі мала глухіх. Многія кампаніі не хочуць траціць свой час на іх, для кіраўніцтва гэта проста нязручная сітуацыя. Як правіла, нас арыентуюць на работу на заводзе. Я сваім прыкладам хачу паказаць, што магчымы іншы варыянт. Мы можам рэалізаваць самыя смелыя мары, — дзеліцца хлопец.

Ён навучаўся ў звычайнай групе па 3D-мадэляванні ў ІТ-школе. Перакладчыка не было — выкладчыкі вырашылі: тое, што яны тлумачаць для астатніх наведнікаў вусна, будуць дубляваць на дошцы спецыяльна для Максіма. Цяпер сумесна з гэтай школай хлопец збіраецца арганізаваць ІТ-курсы для глухіх. Заняткі будуць праходзіць і ў аўдыторыях, і анлайн. Ужо распрацавана спецыяльная навучальная праграма па 3D-мадэляванні на дзевяць месяцаў, весці якую стане сам Максім. Пазней плануюць дадаць заняткі па фатаграфіі, вэб-дызайне і іншых спецыяльнасцях.

Выпускнікоў курсаў, якія захочуць працаваць па атрыманай спецыяльнасці, забяспечаць заказамі. У праект хочуць прыцягнуць ІТ-кампаніі, якія б аплачвалі навучанне маладых людзей і потым бралі іх на работу, вочна ці дыстанцыйна.

Па падліках арганізатараў, для запуску такой школы патрэбна пяць тысяч рублёў. Гэтыя сродкі пойдуць на стварэнне відэаўрокаў па праграмаванні, мантаж адзнятага матэрыялу ў выглядзе заняткаў, дапрацоўку сэрвісу для анлайн-адукацыі глухіх.

— Мы абышлі пяць школ для дзяцей з парушэннямі слыху і прапанавалі атрымаць новую спецыяльнасць, — кажа кіраўнік ІТ-школы «Myfreedom» Алена Дзінман. — Не ўсе вераць, што гэта магчыма. Але гэта ўсяго толькі справа часу.

Анлайн-школа «У Савы»

Барысаўчаніна Аляксандра Макарчука называюць беларускім Стывенам Хокінгам. Мужчына амаль цалкам паралізаваны, але гэта не перашкаджае яму станавіцца найлепшым на спаборніцтвах па сістэмным адміністраванні і працаваць на высокааплатных месцах.

Калі сем гадоў таму рукі і ногі Аляксандра перасталі рухацца, ён вырашыў, што не хоча, каб інваліднасць зрабіла яго бездапаможным. За два тыдні ён асвоіў галасавое кіраванне камп`ютарам.

— Звычайна, каб навучыцца ім карыстацца, патрэбна пара месяцаў. Але мне тады дзяўчына спадабалася, хацеў з ёй кантактаваць праз інтэрнэт, таму так хутка і асвоіў, — усміхаецца мужчына. — Дый я з дзевяці гадоў з камп`ютарам на «ты».

З 2010 года барысаўчанін пачаў працаваць аддалена. На пошук работы ў яго пайшло каля месяца. Кожную раніцу Аляксандр прачынаўся і праглядаў сайты з вакансіямі, рассылаў свае рэзюмэ. Тое, што ён інвалід, ад патэнцыйных наймальнікаў не хаваў. І змог уладкавацца. Спачатку быў аператарам відэаназірання, потым знайшоў вакансію сістэмнага адміністратара.

— Калі абслугоўваў камп`ютары, людзі нават не заўважалі, што я інвалід. Я хутка спраўляўся з работай, — расказвае суразмоўнік.

Цяпер Аляксандр дыстанцыйна давучваецца ў Міжрэгіянальным адкрытым сацыяльным інстытуце Расіі і працуе ІТ-рэкруцёрам у мінскай кампаніі. Прызнаецца, што прафесія яму даўно падабалася і ён марыў гэтым займацца.

Для такіх жа людзей, як ён, мужчына вырашыў стварыць анлайн-школу «У Савы», дзе будуць курсы рознай тэматыкі — ад праграмавання да асабістага росту. Унікальнасць праекта ў тым, што выкладаць там будуць людзі з інваліднасцю. Аляксандр ужо сабраў каманду з 15 настаўнікаў.

— Мэтавая аўдыторыя курсаў — гэта таксама апекуны. Паколькі яны пастаянна знаходзяцца дома і дапамагаюць інвалідам, я лічу важным удзяліць ім увагу, — заўважае мужчына.

Грошы на анлайн-школу Аляксандру ўдалося сабраць з дапамогай часопіса «Имена». Наступны крок — сертыфікаваць выкладчыкаў. Калі барысаўчаніну ўдасца атрымаць прыз на конкурсе сацыяльных праектаў, то ён патраціць грошы менавіта на гэтыя мэты.

— Мая школа дазволіць інвалідам рэалізаваць сябе прафесійна і асабіста, атрымаць большую самастойнасць і незалежнасць (і знізіць нагрузку на апекуноў і асістэнтаў), адшукаць новых сяброў, — разважае Аляксандр Макарчук. — Людзі з асаблівасцямі ў развіцці хочуць быць карыснымі грамадству, і ім сапраўды ёсць чым падзяліцца.

Аўтар: Наталля Лубнеўская
lubneuskaya@zvіazda.by
Звязда, 3 снежня 2016
 
Дата публикации:03.12.2016
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:867
 
Ключевые слова:
Соцзащита в Беларуси Инвалиды Интернет Компьютер Трудоустройство
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме