https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Студыя «Летапіс» прадставіла фільмы, створаныя за мінулы год


Кожны са створаных поўнаметражных фільмаў летась у якасці кінапраекта перамог у рэспубліканскім конкурсе, дзякуючы чаму атрымаў стапрацэнтнае дзяржаўнае фінансаванне. Вынік з`явіўся даволі хутка.
З 17 карцін большасць здымалася ў фармаце трынаццаці хвілін (калі дакладней — 12.59). Але і поўны метр усё ж заявіў пра сябе і ўвасобіўся ў трох стужках, што былі давераны ўжо масцітым рэжысёрам — Галіне Адамовіч, Віктару Аслюку і Юрыю Гарулёву.

Мінулае ў прадстаўленым кантэнце дамінуе, яму і ўвага, і даследаванне, і пэўны піетэт. А вось сучаснасць застаецца недзе ўбаку, недарэмна з`яўляецца шкадаванне таго, што беларуская дакументалістыка аддаецца на карысць рэкламным фільмам, лікбезу і мантажу кінахронікі.

Сярод кароткаметражак ёсць цэлая серыя фільмаў серыя фільмаў пра замкі Беларусі — Крэўскі, Мірскі, Навагрудскі, Гальшанскі... У гэтым жа сегменце рэалізавана некалькі іншых тэм, напрыклад, партрэт дырыжора і мастацкага кіраўніка Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Аляксандра Анісімава альбо фільм пра студэнцкі тэатр, аўдыторыяй якога з`яўляюцца хворыя дзеці.

Прэм`ера карціны «Беларусь. Дакументальная гісторыя» Галіны Адамовіч ужо адбылася некалькі месяцаў таму. Пэўная частка фільма заснавана на хроніцы і работах беларускіх дакументалістаў ад пачатку дзевяностых да сённяшніх дзён. У карціну ўключаны надзвычай фактурныя эпізоды з 90-х гадоў: чэргі на мяжы з Польшчай, у якой беларусы зараблялі грошы, незадаволены натоўп людзей на плошчы каля помніка Леніну, аповед простых працоўных пра безграшоўе і неабходнасць утрымліваць сям`ю. Тут зафіксаваны час безнадзейнасці і надзеі на будучыню, час сацыяльных узрушэнняў, час гучнага голасу народа, час лёсавырашальных падзей. Усё гэта лагічна перацякае ў аповед пра дасягненні незалежнай краіны — працу завода Гомсельмаш, паспяховую практыку трансплантацыі сэрца, будаўніцтва Беларускай АЭС, пра рэстаўрацыю Архікафедральнага касцёла ў Мінску. Побач з тымі, хто гэтыя поспехі стварае, дакументалісты — яны фіксуюць гісторыю краіны і адшукваюць сапраўдных герояў.

Карціна Віктара Аслюка «Педагагічная паэма» па сцэнарыі Вольгі Дашук здымалася ў канцы навучальнага года і пачатку ўжо наступнага. А між тым, героямі фільма з`яўляюцца маладыя настаўнікі Дзмітрый Макарчук і Сяргей Бародзіч, што з`ехалі з Мінска ў аграгарадок Жыліхава Капыльскага раёна, каб працаваць у школе.

За час працы над фільмам адзін з педагогаў перайшоў працаваць у іншую школу, да таго ж калегі знайшлі для пражывання прыватны дом замест інтэрната. Вучні, шчыра прывязаныя да сваіх настаўнікаў, дапамагалі ім прыбіраць новае жытло.

Усё гэта — побыт, урокі, стасункі з вучнямі, падрыхтоўка да школьнага свята, віншаванні калег, непрацяглыя разважанні — стала жывой і прыемнай фактурай. Па словах сцэнарыста, героі фільма — апантаныя педагогікай, таму тут сапраўдная, не штучная тэма, маляўнічая гісторыя. Адсутнасць выразнага пачатку і канца ў «Педагагічнай паэме» робіць карціну быццам выразаным з кантэксту доўгім эпізодам, без адказаў на неадчэпныя лагічныя пытанні. Гэта бытапісанне. Што само па сабе мае каштоўнасць.

Каштоўнасць карціны «Трасцянец. Мы павінны ім памяць» у жывых людзях, для якіх гэта назва — «Трасцянец» — мае значэнне.

Карціна Юрыя Гарулёва зафіксавала тыя водгукі, магчымасць атрымаць якія паступова знікае. Водгукі тых, чые бацькі альбо сваякі падчас Другой сусветнай вайны былі накіраваны ў лагер смерці; тых, хто жыў у вёсцы Малы Трасцянец, тых, хто сёння даследуе гэты гістарычны эпізод.

У Трасцянцы былі забіты людзі з Германіі, Аўстрыі, Польшчы, СССР, сённяшніх Чэхіі і Славакіі, таму і водгукі трагедыі можна шукаць на даволі вялікай тэрытарыяльнай прасторы. Аўтары карціны такой цяжкасці не пабаяліся — фільм змясціў багаты матэрыял, чуллівыя нюансы аповедаў нашчадкаў забітых людзей, аддаў даніну ахвярам нацызму.

Тры поўнаметражныя фільмы для студыі «Летапіс» — гэтага мала. Мала нават для таго, каб даследаваць сучаснасць і пакінуць яе візуалізацыю і эмоцыі будучым пакаленням. А рэчаіснасць тым часам настолькі разнастайная, што самастойна яе не ахапіць, не ўсвядоміць, не прааналізаваць. Творчы азарт кінадакументаліста павінен знаходзіць адпаведную падтрымку. Тады і да памяці мы зможам дакрануцца.

Аўтар: Ірэна Кацяловіч
katsyalovich@zviazda.by
Звязда, 6 лютага 2016
 
Дата публикации:06.02.2016
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:939
 
Ключевые слова:
Летапіс Документальное кино
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме