https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Рагачоў запрашае на Дзень беларускага пісьменства


Дзень беларускага пісьменства з`яўляецца нацыянальным святам.
Адзначаецца з 1994 года і праводзіцца ў мэтах прапаганды лепшых традыцый нацыянальнай культуры, друкаванага слова, духоўнасці беларускага народа ў гістарычных і культурных цэнтрах, з якімі непарыўна звязана жыццё вядомых дзеячаў краіны.

У розныя гады ўрачыстасці праходзілі ў гістарычных і культурных цэнтрах краіны - Полацку, Тураве, Навагрудку, Нясвіжы, Оршы, Пінску, Заслаўі, Мсціславе, Міры, Камянцы, Паставах, Шклове, Барысаве, Смаргоні, Хойніках, Ганцавічах, Глыбокім, Быхаве, Шчучыне.

У бягучым годзе свята пройдзе 4 верасня ў Рагачове Гомельскай вобласці. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў нумар 80 ад 1 лютага 2016 года.

Святкаванне Дня беларускага пісьменства ў Рагачове стане маштабным яркім дзействам. Больш за 70 мерапрыемстваў уключана ў праграму Дня беларускага пісьменства.

Дамінантамі свята стануць тэмы Года культуры, падрыхтоўкі краіны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, а таксама юбілейныя даты літаратараў - Змітрака Бядулі, Кандрата Крапівы, Максіма Багдановіча, Івана Мележа і Івана Шамякіна.

Напярэдадні Дня беларускага пісьменства праходзіць рэспубліканская навукова-асветная экспедыцыя "Дарогамі святыні", якая завершыцца 4 верасня.

Экспедыцыя з Жыватворным агнём ад Труны Гасподняй стартавала 31 жніўня ў Свята-Духавым кафедральным саборы Мінска. Маршрут экспедыцыі пройдзе па пяці раёнах Гомельскай вобласці і Гомеля. У яе склад уваходзяць прадстаўнікі духавенства і творчай інтэлігенцыі. У мерапрыемствах экспедыцыі прымаюць удзел вядомыя пісьменнікі, дзеячы навукі і культуры, мастацтва, педагогі, артысты, журналісты, прадстаўнікі міністэрстваў, ведамстваў, грамадскіх аб`яднанняў. Місіянеры наведаюць школы, бальніцы, сацыяльныя ўстановы, храмы і манастыры.

Запланаваны шматлікія навукова-асветныя і творчыя сустрэчы з жыхарамі раёнаў, вернікамі, моладдзю, падапечнымі сацыяльных устаноў. 3 верасня ў Рагачове пройдзе конкурс юных чытальнікаў "Жывая класіка".

Урачыстае адкрыццё рэспубліканскага свята ў Рагачове запланавана на 12.00 4 верасня. Пасля адкрыцця на галоўнай сцэне пройдзе цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі па сямі намінацыях.

Аўтары лепшых літаратурных твораў будуць узнагароджаны прызамі - сімваламі конкурсу, дыпломамі і грашовымі прэміямі. У гэты дзень у райцэнтры будзе працаваць 16 сцэнічных пляцовак, галоўная з якіх размесціцца на цэнтральнай плошчы горада.

Сярод найбольш яркіх момантаў свята - адкрыццё пастаянна дзеючай выставы "Па-сапраўднаму народны" (пра жыццё і творчасць Андрэя Макаёнка), "Славянскія літаратурныя Дажынкі - 2016", тэлемост з гарадамі-пабрацімамі Рагачова - Кацельнікамі (Расія) і Наваград-Валынскім (Украіна), спектакль "Пясняр" Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага, прысвечаны творчай дзейнасці Уладзіміра Мулявіна.

Адразу пасля ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Дня беларускага пісьменства расчыніць свае дзверы абноўлены Дом кнігі з кнігарняй "Першацвет", а таксама бібліятэкай і чытальнай залай.

Да Дня беларускага пісьменства Міністэрства інфармацыі падрыхтавала тэматычныя выданні, прысвечаныя гораду Рагачову. Гэта кнігі "Народная і духоўная культура Рагачоўскага краю", зборнік "Добры дух зямлi Дняпроўскай", кніга-альбом "Рагачоў".

Гэтыя выданні плануюцца як для рэалізацыі ў гандлёвай сетцы, так і для далейшага выкупу часткі тыражу Гомельскім аблвыканкамам і Рагачоўскім райвыканкамам.

Плануецца, што ў кантэксце свята пройдзе міжнародны круглы стол пісьменнікаў, у якім прымуць удзел прадстаўнікі 12 краін. Сярод іх Азербайджан, Вялікабрытанія, Кітай, Казахстан, Кыргызстан, Сербія, Славакія і інш.

Таксама ўпершыню ў свяце прымуць удзел дэлегацыі беларускіх дыяспар з 19 краін блізкага і далёкага замежжа.

Гісторыя горада

Рагачоў - адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі. Першыя людзі з`явіліся на тэрыторыі займаемай Рагачоўскім раёнам 14 тыс. гадоў таму. Гэта плямёны так званай археалагічнай культуры Лінгбі.

Знойдзена некалькі прадметаў гэтага перыяду і адно паселішча. У эпоху мезаліту і неаліту людзі ўжо асвойвалі большую частку тэрыторыі раёна: знойдзена больш за 25 паселішчаў гэтага перыяду, у тым ліку 5 на тэрыторыі горада.

У бронзавым веку ў Прыдняпроўскім рэгіёне, паводле ўсіх даных, быў адміністрацыйны або культавы цэнтр нейкага вялікага племя сярэднедняпроўскай археалагічнай культуры - нідзе ў Беларусі няма такога багацця аб`ектаў бронзавага веку, як на Рагачоўшчыне.

Рагачоў знаходзіцца за 121 км ад Гомеля, чыгуначная станцыя на лініі Магілёў - Жлобін, вузел аўтамабільных дарог на Бабруйск, Магілёў, Слаўгарад, Жлобін, прыстань на рацэ Дняпро.

Упершыню горад згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1142 годам пры апісанні раздачы кіеўскім князем Усеваладам Ольгавічам сваім братам гарадоў Тураўскай і Уладзімірскай зямель, потым пад 1188 годам пры апісанні асады Друцка Святаславам.

Умацаваны цэнтр старажытнага Рагачова знаходзіўся на месцы гарадзішча, якое пазней стала вядома пад назвай Замкавая гара і займала край мыса пры ўпадзенні ракі Друць у Дняпро.

Ёсць некалькі меркаванняў наконт назвы горада. На думку некаторых даследчыкаў, назва "Рагачоў" паходзіць ад літоўскага слова "рагас", якое азначае свяцілішча, алтар, святое месца.

У тыя далёкія часы недалёка, каля возера Добрае (Святое), знаходзілася язычніцкае капішча. Іншыя лічаць, што назва ўтварылася таму, што горад стаіць на рагу, паміж рэчышчам Дняпра і вусцем Друці. Магчыма таксама, што яго радаслоўная ідзе ад уласнага імя Рогач, якое ў стараславянскіх мовах сустракаецца даволі часта.

На працягу стагоддзяў Рагачоў быў уцягнуты ў вір буйных падзей. Пастаянна з`яўляўся прадметам княжацкіх міжусобіц, мэтай многіх заваёўнікаў.

У канцы XIII стагоддзя Рагачоў разам з Оршай увайшоў у склад Вялікага Княства Літоўскага, быў уладаннем знакамітага князя Даўмонта. У пачатку XVI стагоддзя пінскі князь Фёдар Іванавіч і яго жонка Алена завяшчалі Рагачоў вялікаму князю ВКЛ і каралю Польшчы Жыгімонту I Старому, які падарыў горад сваёй італьянскай нявесце Боне Сфорцы ў якасці падарунка на вяселле.

Больш за 30 гадоў кіравала Бона сваімі ўладаннямі. Згодна з яе распараджэннем на месцы гарадзішча быў пабудаваны замак і палац, які ў народзе называлі "замкам каралевы Боны".

Месца, дзе знаходзіўся замак, цяпер мае назву Замкавая гара. Каля Замкавай гары ёсць так званы "Востраў кахання", які, паводле легенды, уручную насыпаў шавец, які закахаўся ў дачку каралевы Боны.

У войнах сярэдзіны XVII - пачатку XVIII стагоддзя Рагачоў некалькі разоў быў разбураны і спалены. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай 1772 года Рагачоў стаў павятовым цэнтрам Магілёўскай, пазней Беларускай губерняў. Ён стаў важным пунктам на гандлёвым тракце па рацэ Дняпро паміж Магілёвам і Кіевам.

Зручнае месцазнаходжанне горада садзейнічала развіццю рамёстваў і гандлю. Жыхары горада вызначаліся працавітасцю, міралюбнасцю і гасціннасцю.

У другой палове XIX стагоддзя ў Рагачове працавалі прадпрыемствы харчовай, дрэваапрацоўчай прамысловасці, канатны, мылаварны, піўны, гарбарны, цагельны заводы, млыны, дзейнічала прыстань на Дняпры.

Штогод у Рагачове праходзілі тры тыднёвыя кірмашы. У 1880 годзе ў горадзе пражывала 4,5 тыс. жыхароў у 560 дамах, з іх толькі чатыры мураваныя.

Да канца XIX стагоддзя ў Рагачове пражывала ўжо амаль 10 тыс. жыхароў, а ў павеце - 250 тыс. Былі пабудаваны драўляны мост цераз Друць, кардонная фабрыка і лесазавод.

Рагачоў стаў хутка развівацца ў пачатку XX стагоддзя, калі ў 1902 годзе праз горад прайшла чыгунка Магілёў - Жлобін. Адкрыліся некалькі вучылішчаў, настаўніцкая семінарыя, з`явіўся тэатр "Мадэрн", дзе, паводле адной з версій, з дабрачынным канцэртам у 1914 годзе выступаў Фёдар Шаляпін.

У гарадской настаўніцкай семінарыі вучыўся Міхась Лынькоў, тут жыў і тварыў вядомы белетрыст і падарожнік Уладзімір Кігн-Дзедлаў.

З мая 1919 года Рагачоў у Гомельскай губерні, у 1924-1930 цэнтр Рагачоўскага раёна Бабруйскай акругі, з 1938 года ў Гомельскай вобласці. У 1920-1930-я гады Рагачоў стаў прамысловым горадам, насельніцтва павялічылася да 20 тыс. жыхароў.

У 1936-1941, 1944 гадах дзейнічаў настаўніцкі інстытут, які рыхтаваў настаўнікаў 5-7-х класаў для агульнаадукацыйных школ. У 1944 годзе пераведзены ў г.Мазыр і перайменаваны ў Мазырскі настаўніцкі інстытут.

У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 года Рагачоў быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, 13 лiпеня 1941 года вызвалены Чырвонай Арміяй у ходзе Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі. 14 жніўня 1941 года зноў акупіраваны фашыстамі, якія знішчылі ў горадзе і раёне 6,3 тыс. чалавек.

У гады вайны са жніўня 1941 па ліпень 1944 года дзейнічала Рагачоўскае антыфашысцкае падполле пад кіраўніцтвам падпольных абкамаў КП(б)Б і ЛКСМБ. Складалася з 17 арганізацый (больш за 160 чалавек). Падпольшчыкі запісвалі і распаўсюджвалі радыёзводкі Саўінфармбюро, вялі прапагандысцкую работу сярод насельніцтва, здабывалі і перадавалі партызанам зброю і боепрыпасы, разам з партызанамі ўдзельнічалі ў дыверсіях на чыгунцы, у баі супраць гітлераўскага гарнізона каля вёскі Гадзілавічы, аказвалі дапамогу разведгрупам Чырвонай Арміі.

У 1944 з Рагачоўскай зямлі пачалася аперацыя "Баграціён". У ходзе Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі 24 лютага Рагачоў быў вызвалены войскамі 1-й і 50-й армій 1-га Беларускага фронту пад камандаваннем генерала арміі Канстанціна Канстанцінавіча Ракасоўскага. 13-ці злучэнням і часцям было прысвоена ганаровае званне "Рагачоўскіх".

Тысячы воінаў і партызан, мірных жыхароў Рагачоўскага раёна аддалі сваё жыццё на франтах і ў тыле ворага. На тэрыторыі раёна знаходзіцца каля 90 воінскіх пахаванняў, у якіх прах больш як 19 тыс. воінаў. 17 выхадцам Рагачоўшчыны прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Фашысты пакінулі ад Рагачова адны руіны. Было знішчана ўсё: і школы, і дзіцячыя ўстановы, і клубы, і помнікі гісторыі, архітэктуры і культуры. Вось што пісаў пра яго тады ваенны журналіст: "Мы правялі дзве гадзіны ў Рагачове, і за гэты час нам расказалі столькі пра фашысцкія злачынствы, што пра іх можна напісаць сотні старонак".

Пасля вайны Рагачоў быў адноўлены, непазнавальна змянілася аблічча горада, пашырыліся яго межы. Рагачоўшчыну праславілі На землях Рагачоўшчыны нарадзілася шмат яркіх асоб - вучоных, пісьменнікаў, паэтаў, мастакоў, музыкантаў, вядомых дзяржаўных дзеячаў.

Сярод іх: Накцыяновіч Якуб (1725-1790), беларускі матэматык і філосаф, доктар навук і філасофіі (1759), доктар тэалогіі і царкоўнага права (1761).
Саннікаў Канстанцін Мікалаевіч (1896-1965), рэжысёр, акцёр, педагог, народны артыст Беларусі (1949), прафесар (1960). Адзін з заснавальнікаў Беларускага дзяржаўнага тэатра (1920). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1948, 1952).
Завіша Канстанцін Іванавіч (1904-1984), беларускі мастак. Працаваў пераважна ў жанрах пейзажа і нацюрморта.
Говар-Бандарэнка Уладзімір Міхайлавіч (1914-1988), акцёр, заслужаны артыст Беларусі (1961). Працаваў у Бабруйскім і Брэсцкім абласных драматычных тэатрах, Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача.
Кавалёў Аляксандр Аляксандравіч (1915-1991), украінскі скульптар, народны мастак СССР (1979). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1950), Дзяржаўнай прэміі Украіны імя Шаўчэнкі (1975).
Фрумянкоў Георгій Георгіевіч (1919-1989), доктар гістарычных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі Расійскай Федэрацыі. У гады Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у абароне Ленінграда. Аўтар больш як 200 навуковых прац, кніг па гісторыі Поўначы.
Пацееў Мікалай Паўлавіч (1919-1972), Герой Савецкага Саюза (1945). У Вялікую Айчынную ваяваў на Паўднёвым, Паўднёва-Заходнім, Сталінградскім, Бранскім, 1-м Прыбалтыйскім, 3-м Беларускім франтах. Удзельнік вызвалення Беларусі, Літвы, Латвіі, баёў на тэрыторыі Усходняй Прусіі.
Брук Саламон Ільіч (1920-1996), расійскі этнограф, член-карэспандэнт Акадэміі навук СССР (1987), доктар геаграфічных навук (1965), прафесар (1971), заслужаны дзеяч навукі Расіі (1980). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1987).
Макаёнак Андрэй Ягоравіч (1920-1982), драматург, народны пісьменнік Беларусі (1977). Аўтар шырока вядомых п`ес "Трыбунал", "Таблетку пад язык", "Зацюканы апостал", "Лявоніха на арбіце". Паводле сцэнарыяў драматурга зняты фільмы "Кандрат Крапіва", "Рагаты бастыён", "Пасля кірмашу". Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1962), Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1974).
Калеснікаў Віталь Міхайлавіч (1922-1964), Герой Савецкага Саюза (1944). У Вялікую Айчынную вайну быў на фронце з чэрвеня 1941 года. Удзельнік абарончых баёў у Беларусі, Курскай бітвы, вызвалення Украіны, Беларусі, Польшчы, дайшоў да Германіі.
Кавалёва Яўгенія Антонаўна (1924-2006), актрыса, заслужаная артыстка Беларусі (1989). Працавала ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы.
Федчанка Ларыса Мікалаеўна (1925-1996), актрыса, заслужаная артыстка Беларусі (1975). Працавала ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры, Тэатры драмы і камедыі пры Белдзяржэстрадзе, у Бабруйскім перасовачным тэатры, у Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча.
Балашэвіч Леанід Іосіфавіч (1937), афтальмолаг, доктар медыцынскіх навук, прафесар, акадэмік Расійскай акадэміі прыродазнаўчых навук. Аўтар амаль 130 навуковых прац.
Сукала Аляксандр Васільевіч (1951), беларускі вучоны ў галіне педыятрыі, доктар медыцынскіх навук (1995), прафесар (1996), акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2014), заслужаны дзеяч навукі Беларусі (2002).
Своеасаблівыя "Болдзінскія восені" былі на Рагачоўшчыне ва Уладзіміра Караткевіча. Дом, куды прыязджаў Уладзімір Караткевіч, быў пабудаваны ў 1917 годзе і належаў Васілю Грынкевічу - дзеду знакамітага беларускага пісьменніка. У дзяцінстве Уладзімір праводзіў тут летнія канікулы, а ўжо стаўшы вядомым пісьменнікам, прыязджаў у дом дзеда працаваць над новымі творамі. Пісьменнік праводзіў у Рагачове часам некалькі месяцаў у годзе. Там былі напісаны аповесці "Ладдзя роспачы", часткова раманы "Каласы пад сярпом тваім" і "Хрыстос прызямліўся ў Гародні". У паэме "Зямля дзядоў" Уладзімір Караткевіч апісаў руіны замка каралевы Боны; падзеі яго аповесці "Сівая легенда" адбываюцца ў асноўным на Рагачоўшчыне.

Што паглядзець у Рагачове

Рагачоў - прамысловы і культурны цэнтр раёна. Афіцыйнымі геральдычнымі сімваламі горада з`яўляюцца герб і сцяг. Яны зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 18 мая 2001 года. Герб адноўлены на аснове гістарычнага - у ім захавана асноўная гербавая фігура, што адносіцца непасрэдна да горада, у геральдыцы такі герб называецца "гаворачым".

Герб паслужыў асновай і для стварэння сучаснага сцяга Рагачова і Рагачоўскага раёна. У ім выкарыстаны жоўты (залаты) колер герба і малюнак чорнага барановага рога. Дзве блакітныя лініі сімвалізуюць дзве ракі, што працякаюць паблізу горада.

Дзясяткі помнікаў Рагачоўшчыны ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. У Рагачоўскім раёне выяўлена вялікая колькасць археалагічных помнікаў - старажытныя гарадзішчы і курганы.

Таксама захаваліся культавыя збудаванні XIX - пачатку XX стагоддзяў у вёсках Антушы, Дварэц, Доўск. У Рагачове да помнікаў эклектычнай архітэктуры канца XIX стагоддзя адносіцца дом купца Беленькага, пабудаваны ў канцы XIX - пачатку XX стагоддзя з цэглы, рэканструяваны ў 1950 годзе. У стылі неаготыкі пабудаваны касцёл святога Антонія Падуанскага. Арыгінальнае збудаванне ў стылі неакласіцызму - рэальнае вучылішча, дзе цяпер знаходзіцца гарадская школа. У стылі мадэрн пабудаваны будынак былой земскай управы. Ёсць і іншыя характэрныя будынкі: тры капліцы, праваслаўны сабор святога Аляксандра Неўскага. Сабор пабудаваны ў 1886 годзе, у Вялікую Айчынную вайну быў разбураны. На яго месцы доўгі час існаваў драўляны малітоўны дом. У 1989 годзе намаганнямі настаяцеля архімандрыта Паўла Вайтовіча быў пабудаваны мураваны храм, а ў 1991-1994 гадах - званіца.

Ласунам Рагачоў вядомы, перш за ўсё, сваёй згушчонкай, якая вырабляецца на ААТ "Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат" - адным з найстарэйшых прадпрыемстваў малочнай галіны Рэспублікі Беларусь. Славіцца Рагачоўскі край і сваім міжрэгіянальным фестывалем мастацтваў, які збірае вялікую колькасць удзельнікаў з Беларусі, Расіі, Украіны, краін Балтыі.

БЕЛТА, 2 верасня 2016
 
Дата публикации:02.09.2016
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:1025
 
Ключевые слова:
Рагачоў Дзень беларускага пісьменства
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме