https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Жыхары Беларусі адказныя за захаванне гістарычнай памяці, абарону праўды аб вайне


Аб гэтым заявіў старшыня Мінскага аблвыканкама Сямён Шапіра на абласным святочным мерапрыемстве, прысвечаным 71-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, якое адбылося на мемарыяльным комплексе "Курган Славы".
"Мы ганарымся тым, што важкі ўклад у перамогу над захопнікамі ўнесла Мінская вобласць. Звання Героя Савецкага Саюза ўдастоены 80 ураджэнцаў і жыхароў Міншчыны. Тысячы нашых землякоў узнагароджаны баявымі ордэнамі і медалямі, - сказаў Сямён Шапіра. - Сёння дзеці, унукі і праўнукі ветэранаў Вялікай айчыннай вайны ўпэўнена трымаюць гэту пераможную вышыню, працуюць дзеля сучаснага і будучага Беларусі. І чым далей час аддзяляе нас ад тых суровых ваенных дзён, тым вышэй адказнасць за захаванне гістарычнай памяці і духоўных каштоўнасцей беларускай нацыі. У грозныя саракавыя ніхто, акрамя нашых бацькаў і дзядоў, не змог выратаваць чалавецтва ад карычневай чумы. Сёння ніхто, акрамя нас, не абароніць праўду аб вайне".

Старшыня Мінаблвыканкама нагадаў, што Беларусь пасля вайны недалічылася кожнага трэцяга свайго жыхара. Фашысты спалілі 209 гарадоў і 9,2 тыс. вёсак. Каля 85 працэнтаў прамысловых прадпрыемстваў краіны знішчылі або вывезлі ў Германію.

Поўнасцю разрабаваны звыш 10 тыс. калгасаў і саўгасаў. "І тое, што нашы бацькі і дзяды нанова аднавілі краіну з руін - гэта другі подзвіг. І забываць аб гэтым нельга, - сказаў Сямён Шапіра. - Сітуацыя, якая склалася ў суседняй краіне, яшчэ раз падкрэслівае, што свет вельмі няўстойлівы і трэба цаніць і берагчы тое, што адстаялі ветэраны".

У размове з журналістамі губернатар вобласці падкрэсліў, што ў Беларусі няма сям`і, якую не закранула б вайна.

"Я нашу імя Сямёна Шапіры, які ў 18 гадоў 5 ліпеня 1943 года загінуў на Курскай дузе. Гэта старэйшы брат майго бацькі. Мой дзед па матчынай лініі скончыў вайну ў званні падпалкоўніка ў Кёнігсбергу", - расказаў ён.

У сваю чаргу сакратар Цэнтральнага камітэта ГА "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі" Дзмітрый Варанюк адзначыў, што захаванне памяці аб подзвігу, які здзейсніў беларускі народ у гады Вялікай Айчыннай вайны, з`яўляецца святым абавязкам моладзі.

"Дзякуй гавораць справай. Наша моладзь сёння займаецца пошукавай работай, добраўпарадкаваннем помнікаў і абеліскаў, дапамагае аднаўляць імёны загінулых. І мы абавязкова выканаем дадзены нам наказ - шанаваць памяць аб вайне і быць патрыётамі сваёй краіны", - падкрэсліў лідар БРСМ.

Да моладзі таксама звярнуўся ветэран Вялікай Айчыннай вайны, удзельнік абароны блакаднага Ленінграда Канстанцін Мельнікаў.

"Унясіце асабісты ўклад у будаўніцтва моцнай і квітнеючай Беларусі. Сельская гаспадарка гэта, вытворчасць, навука, ці спорт", - даў наказ ветэран маладому пакаленню.

У абласным святочным мерапрыемстве прынялі ўдзел каля 1,5 тыс. чалавек з раёнаў Мінскай вобласці. На галоўнай пляцоўцы мемарыяльнага комплексу прайшоў урачысты мітынг з удзелам ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікоў Мінскага аблвыканкама, райгарвыканкамаў, рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, членаў Савета Рэспублікі.

Таксама каля Кургана Славы адбыліся святочны канцэрт "Пераможны май! Квітнеючы май!", авіяшоу Мінскага аэраклуба ДТСААФ.

Непадалёк ад мемарыяла працавалі тэматычныя пляцоўкі. Сярод іх - "Перамога. Адна на ўсіх" з удзелам прафесійных і аматарскіх калектываў вобласці; спартыўная пляцоўка (дартс, армрэслінг, фігурнае ваджэнне веласіпеда і інш.); пляцоўка авіямадэльнага спорту рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб`яднання ДТСААФ; выстаўка тэхнічнай творчасці і цэнтраў патрыятычнага выхавання моладзі ўстаноў адукацыі; выстаўка Цэнтра патрыятычнага выхавання "Вектар" (Жодзіна); фотазона "Сувязь пакаленняў".

БЕЛТА, 6 мая 2016
 
Дата публикации:06.05.2016
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:713
 
Ключевые слова:
День Победы Великая Отечественная война Акция Патриотизм
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме