https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


З 2017 года ў Беларусі плануецца спаганяць падатак з рэалізацыі мабільных дадаткаў і анлайн-гульняў


Пра гэта паведаміў першы намеснік міністра па падатках і зборах Ігар Клепча 8 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.
"На наступны год у Падатковы кодэкс будуць прапанаваныя правілы падаткаабкладання электронных паслуг, што аказваюцца нерэзідэнтамі грамадзянам нашай краіны. Гэта такія паслугі, як рэалізацыя мабільных дадаткаў, музычных твораў, электронных кніг, фільмаў, гульняў. Гэты від бізнесу актыўна развіваецца, і мы паставілі перад сабой задачу атрымаць у бюджэт падаткі ад такой дзейнасці, што ў прынцыпе адпавядае сусветнай практыцы", — зазначыў Клепча.

Ён дадаў, што ў Расіі ўжо прыняты закон, які дазваляе ажыццяўляць падаткаабкладанне падобных аперацый.

Механізм збірання такога падатку растлумачыў журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення метадалогіі падаткаабкладання арганізацый МПЗ Ігар Скрыннікаў. "Першае, што мы будзем рабіць, гэта прызнаем месцам рэалізацыі гэтых паслуг тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Адпаведна з улікам гэтага дадзеныя замежныя кампаніі павінны будуць выконваць падатковыя абавязацельствы ў выглядзе вылічэння і выплаты падатку на дададзены кошт на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь", — расказаў прадстаўнік МПЗ.

"Цяпер мы сумесна з зацікаўленымі ведамствамі прапрацоўваем механізмы найбольш аб`ектыўнага збірання ПДК на тэрыторыі Беларусі як непасрэдна замежнымі кампаніямі, так і беларускімі плацельшчыкамі, якія могуць выконваць падатковыя абавязацельствы за замежныя кампаніі", — дадаў Скрыннікаў.

Гэтыя прапановы, паводле яго слоў, будуць сістэматызаваныя і накіраваныя ў Міністэрства фінансаў для наступнага ўключэння ў Падатковы кодэкс, змены ў які яшчэ трэба будзе зацвердзіць у парламенце.

Аргументуючы неабходнасць такіх падатковых новаўвядзенняў, прадстаўнік МПЗ падкрэсліў, што гэтае пытанне турбуе многія краіны. "Таму што ўсе рэальна разумеюць, што даходы здабываюцца з тэрыторый тых дзяржаў, якія з`яўляюцца спажыўцамі паслуг, а плацельшчыкі, як правіла, зарэгістраваныя ў "падатковых гаванях" — там, дзе мінімальнае падаткаабкладанне. Вядома ж, мы, як Рэспубліка Беларусь, паколькі з`яўляемся крыніцай выплаты даходу, зацікаўленыя ў тым, каб падатковае абавязацельства ў частцы выплаты ПДК выконвалася на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь", — заявіў Ігар Скрыннікаў.

Пры гэтым ён адзначыў, што пытанне ўвядзення гэтага віду падаткаабкладання разглядаецца ўсебакова. "Вядома ж, мы не зацікаўленыя ў тым, каб абмежаваць, забараніць і гэтак далей. Гэта запатрабуе ўводу нейкіх тэхнічных абмежаванняў. На гэтым этапе гаворка пра гэта, вядома ж, не ідзе", — сказаў Скрыннікаў.

Запланаваны тэрмін новаўвядзенняў — 1 студзеня 2017 года. "Ну а далей, зразумела, мы будзем бачыць праблемы, мы будзем бачыць прапановы, і я не выключаю, вядома, што пазней гэтыя нормы будуць карэктавацца", — падвёў вынік прадстаўнік падатковага ведамства.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 8 ліпеня 2016
 
Дата публикации:08.07.2016
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:666
 
Ключевые слова:
Налоги Налоговый кодекс Электронные услуги Интернет Программирование
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме