https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У Мінску развіталіся з Нілам Гілевічам


У Свята-Петрапаўлаўскім саборы Мінска адбылося развітанне з народным паэтам Беларусі Нілам Гілевічам.
Выступаючы на грамадзянскай паніхідзе, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ) Алег Трусаў зазначыў, што Гілевіч "быў не толькі паэтам, але і палітыкам з вялікай літары" — на працягу 10 гадоў ён з`яўляўся дэпутатам Вярхоўнага савета Беларусі 11-га і 12-га скліканняў. Гілевіч быў стваральнікам ТБМ і ўзначальваў гэтае аб`яднанне, менавіта па яго ініцыятыве галоўная вуліца Мінска была пераназваная з праспекта Леніна ў праспект Францыска Скарыны. Ніл Гілевіч таксама дамогся рэстаўрацыі тысяч храмаў. "Знакамітая апазіцыя ў Вярхоўным савеце 12-га склікання таксама ўзнікла з дапамогай Гілевіча", — сказаў Трусаў.

"Я ўпэўнены, будзе і вуліца Ніла Гілевіча, і помнікі яму. Але самы галоўны знак для паэта — гэта беларуская мова. Толькі мова, за якую ён змагаўся, зможа выратаваць нашу Беларусь", — падкрэсліў старшыня ТБМ.

Акадэмік Радзім Гарэцкі расказаў аб моцным пачуцці, якое звязвала Ніла Гілевіча і ягоную жонку Ніну. Паэту "надзвычай пашанцавала ў асабістым жыцці", дадаў Гарэцкі.

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч адзначыў, што Ніл Гілевіч не мог без працы, працаваў усё жыццё, "стаяў на варце чысціні і святасці беларускай мовы і сямейных адносін", быў чалавекам, "які ў нечалавечых умовах захаваў сваю годнасць".

Аднакурснік Гілевіча паэт Анатоль Вярцінскі сказаў: "Сённяшні пахавальны звон гучыць па ўсіх нас, па ўсіх беларусах, якія неабыякавыя да лёсу беларускай мовы, культуры, спадчыны. Таму што Гілевіч быў ідэйным сімвалам нашай беларускай справы. Уся паэзія Ніла Гілевіча — гэта гімн роднай мове. <...> Лепшая Беларусь аплаквае сёння твой сыход. Яна, гэтая Беларусь, будзе памятаць цябе вечна".

На паніхідзе таксама выступілі пісьменнік Віктар Казько, былы міністр замежных спраў Пётр Краўчанка, дэкан філфака БДУ Іван Роўда, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАНБ Іван Саверчанка.

Сярод тых, хто прыйшоў праводзіць паэта ў апошні шлях, былі настаяцель касцёла Святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл) ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч і сакратар праўладнага Саюза пісьменнікаў Беларусі Георгій Марчук, пасол Літвы ў Беларусі Эвалдас Ігнатавічус, былы палітвязень, адзін з лідараў "Маладога фронту" Зміцер Дашкевіч, палітык і грамадскі дзеяч Вінцук Вячорка, пісьменнік Анатоль Бутэвіч, старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца, палітыкі Мікалай Статкевіч, Павел Севярынец, Анатоль Лябедзька, Андрэй Дзмітрыеў, прафсаюзны лідар Генадзь Фядыніч.

Пасля паніхіды труну з целам народнага паэта Беларусі, накрытую бел-чырвона-белым сцягам, змясцілі ў катафалк пад усеагульны спеў гімна "Магутны Божа". Затым жалобная працэсія накіравалася на Кальварыйскія могілкі Мінска, дзе Ніл Гілевіч будзе пахаваны побач са сваёй жонкай.

Ніл Гілевіч памёр у Мінску 29 сакавіка на 85-м годзе жыцця пасля цяжкай хваробы. Ён быў апошнім народным паэтам Беларусі. Гэтае званне прысуджаецца за асаблівы ўнёсак у развіццё беларускай літаратуры і стварэнне выдатных твораў. У розны час яго былі ўдастоеныя Янка Купала, Якуб Колас, Пятрусь Броўка, Аркадзь Куляшоў, Максім Танк, Пімен Панчанка, Рыгор Барадулін.

Гілевіч быў адным з заснавальнікаў і першым старшынёй Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, а таксама адным з асноўных стваральнікаў Закона аб мовах, які надаў дзяржаўны статус беларускай мове і спрыяў працэсу беларусізацыі ва ўсіх сферах грамадскага і культурнага жыцця краіны ў першай палове 1990-х гадоў.

Пасля змены палітычнага курсу ў другой палове 1990-х Ніл Гілевіч актыўна выступаў у абарону беларускай мовы і культуры ў незалежным друку, быў сталым аўтарам часопіса "Дзеяслоў", газет "Народная воля" і "Літаратурная Беларусь". На сваю пенсію, без дапамогі дзяржавы, выдаў 23 тамы сваіх твораў, апошні том выйшаў у 2013 годзе.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 1 красавіка 2016
 
Дата публикации:01.04.2016
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:796
 
Ключевые слова:
Ніл Гілевіч Некролог Література Народный поэт
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме