https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Мастацка-дакументальная выстава пра Курапаты ў Мінску прадоўжана да 18 лістапада


Экспазіцыя даступная для прагляду штодня з 11.00 па 19.00.
Кіраўніцтва Беларускага саюза мастакоў (БСМ) прыняло рашэнне прадоўжыць па 18 лістапада ўключна працу мастацка-дакументальнай выставы "Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні" ў мінскім Палацы мастацтваў. Пра гэта паведаміў адзін з арганізатараў выставы, журналіст і актывіст грамадскай ініцыятывы "Эксперты ў абарону Курапат" Марат Гаравы. 

Першая дакументальна-мастацкая выстава, прысвечаная ўвекавечанню памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій, пахаваных ва ўрочышчы Курапаты, адкрылася 13 лістапада. Яна арганізаваная супольнасцю "Пагоня" БСХ і грамадскай ініцыятывай "Эксперты ў абарону Курапат" пры падтрымцы іншых арганізацый. Экспазіцыя аб`яднала прыкладна два дзясяткі жывапісных і графічных работ беларускіх мастакоў, прысвечаных рэпрэсіям 1930-х гадоў, а таксама копіі дакументаў, газетных публікацый і фотаздымкаў, звязаных з аднаўленнем гістарычнай памяці і ўшаноўваннем загінулых. 

Як паведаміў Гаравы 16 лістапада на прэс-канферэнцыі, прысвечанай праекту, за мінулыя выхадныя выставу наведалі больш як тысяча чалавек. Паводле яго слоў, прыходзяць самыя розныя людзі. "Гэта і нашчадкі ахвяр, і настаўнікі са сваімі вучнямі, вядомы даследнік гісторыі сталінскіх рэпрэсій гісторык Ігар Кузняцоў хадзіў тут не адну гадзіну, штосьці фіксаваў, магчыма, штосьці знайшоў для сябе цікавае ў гэтых матэрыялах. Прыходзілі блізкія [рэпрэсаваных], расказвалі вельмі цікавыя гісторыі. Прыходзіў студэнт ЕГУ, які піша на другім курсе курсавую работу па Курапатах", — расказаў Гаравы. 

Курапаты — урочышча, размешчанае каля паўночна-ўсходняй мяжы Мінска. Тут знаходзіцца масавае пахаванне ахвяр сталінскіх рэпрэсій, многіх з якіх расстрэльвалі там жа. Дакладная колькасць ахвяр, а таксама інфармацыя пра іх, дагэтуль невядомыя. Паводле ацэнак гісторыкаў, у лясным масіве было забіта да 250 тыс. чалавек.

Нягледзячы на шматлікія ініцыятывы грамадскасці, афіцыйнага помніка ахвярам рэпрэсій ва ўрочышчы няма. Увекавечанне памяці загінулых адбываецца выключна сіламі грамадскіх і палітычных актывістаў, якім не раз даводзілася абараняць Курапаты ад вандалізму.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 16 лістапада 2015
 
Дата публикации:16.11.2015
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:1105
 
Ключевые слова:
Курапаты Выставка Сталинские репрессии
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме