https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


У Беларусі плануецца стварыць гарантыйны фонд для малога і сярэдняга бізнесу


Аб гэтым 12 жніўня паведаміла старшыня праўлення Нацыянальнага банка Надзея Ермакова ў час цырымоніі афіцыйнага старту праграмы Банка развіцця па фінансаванні суб`ектаў малога і сярэдняга бізнесу.
На гэты час малы і сярэдні бізнес Беларусі сутыкаецца з праблемай адсутнасці ў іх забеспячэння, неабходнага для таго, каб атрымаць банкаўскі крэдыт. Як правіла, гэта датычыцца тых, хто толькі адкрыў сваю справу. "Таму наступнай задачай павінна стаць стварэнне гарантыйнага фонду. Бягучы год, першая палавіна наступнага - мы павінны гэту задачу вырашыць", - сказала Надзея Ермакова.

Кіраўнік Нацбанка праінфармавала, што рэгулятар вызначыўся па статутным капітале нябанкаўскіх фінансавых арганізацый. Адпаведная пастанова праўлення прынята гэтымі днямі. "Гэтыя арганізацыі пачнуць з`яўляцца і абслугоўваць малы і сярэдні бізнес, маючы малы капітал. Тут з`явяцца дадатковыя магчымасці", - адзначыла Надзея Ермакова.

Распрацаваную Банкам развіцця праграму яна ахарактарызавала як важны і правільны крок для падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу, стварэння ўмоў больш паскоранага развіцця гэтага сектара эканомікі. Падобнае меркаванне наконт значнасці праграмы выказаў намеснік прэм`ер-міністра Пётр Пракаповіч. Разам з тым ён канстатаваў, што крэдытныя рэсурсы для малога і сярэдняга бізнесу ўсё яшчэ недастаткова прывабныя. "Мы ад звышдарагіх грошай для малога і сярэдняга бізнесу пераходзім проста да дарагіх грошай. За гэтым крокам павінны адбыцца і іншыя, каб у кароткі перыяд часу стварыць умовы для хуткага развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва", - сказаў віцэ-прэм`ер.

Новая праграма Банка развіцця па фінансаванні суб`ектаў малога і сярэдняга бізнесу прадугледжвае, што стаўка па рэсурсах для пазычальнікаў не перасягне 24,5 працэнта гадавых. Яе памер абмежаваны і не прадугледжвае павышэння ў перыяд рэалізацыі праграмы і карыстання пазычальнікамі крэдытнымі рэсурсамі. Першапачатковы аб`ём сродкаў, што плануюцца на ажыццяўленне праграмы, складзе Br300 млрд. Праграма разлічана на прадпрымальнікаў і арганізацыі, сферай дзейнасці якіх з`яўляецца прамвытворчасць, будаўніцтва, сельская гаспадарка. Скарыстацца рэсурсамі змогуць таксама тыя, хто заняты ў сферы транспарту і сувязі і ў сферы паслуг.

Па праграме фінансавая падтрымка ахоплівае ўсе этапы жыццёвага цыкла суб`ектаў малога і сярэдняга бізнесу - ад станаўлення да ўстойлівага функцыянавання, пашырэння вытворчасці і выхаду на новыя рынкі. Крэдытныя рэсурсы прадастаўляюцца на тэрмін да 5,5 года. Памер працэнтнай стаўкі з`яўляецца абмежаваным і не прадугледжвае павышэння ў перыяд рэалізацыі праграмы і карыстання пазычальнікамі крэдытнымі рэсурсамі.

Рэалізацыя праграмы прадугледжвае выкарыстанне двухузроўневага механізма. На першым ўзроўні Банк развіцця прадастаўляе фінансавыя рэсурсы банкам-партнёрам. На другім яны адбіраюць па ўзгодненых з Банкам развіцця крытэрыях непасрэдных пазычальнікаў, праводзяць ацэнку іх фінансавага стану і прапанаваных для рэалізацыі праектаў, а таксама прымаюць рашэнні аб выдачы крэдыту па агаворанай гранічнай стаўцы. Такая сістэма крэдытавання адпавядае лепшаму сусветнаму вопыту.

У якасці банкаў-партнёраў Банк развіцця запрасіў да пілотнага ўдзелу ў праграме фінансавыя арганізацыі, якія маюць неабходны вопыт і практыку крэдытавання суб`ектаў малога бізнесу: Белгазпрамбанк, Банк БелЗЭБ і Беларускі народны банк.

Двухбаковыя пагадненні аб парадку ўзаемадзеяння паміж Банкам развіцця і банкамі-партнёрамі было падпісана 12 жніўня.

Ініцыятыва Банка развіцця па ўкараненні праграмы атрымала юрыдычнае адабрэнне беларускага ўрада. У цэлым яе рэалізацыя дасць магчымасць пашырыць доступ суб`ектаў малога і сярэдняга бізнесу да фінансавых рэсурсаў, неабходных для інвестыцыйных праектаў, і разам з тым забяспечыць адраснасць падтрымкі шляхам размеркавання сродкаў на карысць найбольш эфектыўных з прапанаваных ініцыятыў.

Цяпер у Беларусі больш як 90 тыс. малых і сярэдніх прадпрыемстваў, якія сфарміравалі 22 працэнты ВУП і 37 працэнтаў экспарту краіны ў 2013 годзе.

12 жніўня 2014, Мінск
Святлана Саўко - БЕЛТА
 
Дата публикации:12.08.2014
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:981
 
Ключевые слова:
Кредиты Финансы Предпринимательство
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме