https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У Мінску праходзіць "Свята роднай мовы"


"Свята роднай мовы" праходзіць 22 лютага ў мінскім бізнес-клубе Imaguru.
Мерапрыемства пачалося ў 14.00, яно прымеркаванае да Міжнароднага дня роднай мовы, які быў заснаваны ЮНЕСКА і традыцыйна адзначаецца 21 лютага. 

Арганізатарамі "Свята роднай мовы" выступілі каманды грамадскага агенцтва "Арт Сядзіба", культурнай пляцоўкі "Беларуская прастора" і Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ). 

Сёлета ў фармаце такога культурна-адукацыйнага свята было вырашана аб`яднаць шматлікія беларускамоўныя творчыя ініцыятывы, моўныя курсы, бізнес-праекты, а таксама вытворцаў сувеніраў і паштовак, цікавых музыкантаў і іншых творчых работнікаў. 

Як адзначыў падчас адкрыцця кіраўнік "Арт Сядзібы" Павел Белавус, сёлета Дзень беларускай мовы "ператварыўся ў сапраўднае свята". "Сустрэчы ў межах Дня роднай мовы гэтым разам доўжацца ўжо трэці дзень. 20-га мерапрыемствы прайшлі ў ліцэі БДУ, на журфаку, 21-га — у шматлікіх гарадах Беларусі, а сёння, тут, апагей гэтага свята", — сказаў Белавус. 

"Галоўная задача на сёння — паказаць, што беларуская мова не толькі жыве, але і натхняе іншых людзей на розныя ініцыятывы", — падкрэсліў кіраўнік "Арт Сядзібы". 

Свята падзеленае на тры тэматычныя зоны — прэзентацыйна-гандлёвую, музычна-забаўляльную і адукацыйную. 

На першай пляцоўцы сваю прадукцыю, звязаную з нацыянальнай тэматыкай, прадстаўляюць Мінскі гадзіннікавы завод, які выпусціў лінейку гадзіннікаў "Спадчына", і вытворца ніжняй бялізны з арнаментам Bializna.by. Тут жа пройдуць прэзентацыі новай настольнай гульні "Казачнік" і камп`ютарнай гульні "Легенды Эйзенвальда", майстар-класы па кулінарыі, выступленне КВЗ, а таксама літаратурна-музычная праграма, падчас якой выступяць пісьменнікі і літаратары Уладзімір Арлоў, Віктар Марціновіч, Алесь Плотка, Зміцер Вішнёў, беларускія барды. Для маленькіх наведвальнікаў свята прадугледжана дзіцячая зона. 

На музычна-забаўляльнай пляцоўцы працуе выстава плакатаў Уладзіміра Крукоўскага. Адбудуцца лекцыя і практычны занятак па народных танцах Беларусі. Тут жа пройдуць прэзентацыі выданняў ТБМ і Цэнтра славянскіх моў і культур, запланавана праграма моўных курсаў "Моваведа". Пад вечар на гэтай пляцоўцы выступяць гурты Vuraj, Yamaya, "Крама", "Рэспубліка Паліна". 

У адукацыйнай зоне госці свята змогуць наведаць майстар-клас па працы з энцыклапедычнай сістэмай Wikipedia, дзе спецыялісты раскажуць, як можна ўдасканальваць беларускамоўны сегмент гэтай свабоднай энцыклапедыі. Прадстаўнікі каманды infarmatyka.org прачытаюць лекцыю пра тое, як весці навуковую дзейнасць у галіне матэматыкі на беларускай мове. Тут жадаючыя змогуць далучыцца да напісання VIII Усебеларускай дыктоўкі, сустрэцца з мовазнаўцам, былым дыпламатам Пятром Садоўскім, наведаць майстар-класы Наталлі Гамаюнавай і Валянціны Слюнчанкі па вырабе паштовак-выцінанак.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 22 лютага 2015
 
Дата публикации:22.02.2015
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:1094
 
Ключевые слова:
Беларуская мова Международный день родного языка Мінск "Арт Сядзіба" Фэст культуры
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме