https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Уважлівае стаўленне да чалавека на ўсіх узроўнях дзяржаўнага кіравання - асноўная задача народных выбраннікаў


Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 16 студзеня на пасяджэнні сёмай пазачарговай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу пры прадстаўленні на пасаду старшыні праўлення Нацыянальнага банка.
Пра гэта паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

У канцы мінулага года быў прыняты шэраг кадравых рашэнняў па змяненні складу ўрада, кіраўніцтва Адміністрацыі Прэзідэнта, банкаўскай сферы, рэгіёнаў. "Ні аднаго чалавека я не звольніў і не перавёў без яго згоды. Практычна ўсе, калі мы абмяркоўвалі гэту работу, праблемы, па-мужчынску заявілі, што гатовы працаваць на дзяржаву: "Няхай маладыя ідуць наперад, мы падстрахуем, будзем экспертамі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт дадаў, што назначэння на вышэйшыя дзяржаўныя пасады прадоўжацца і ў 2015 годзе.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што падтрымлівае рашэнне Анатоля Рубінава спыніць паўнамоцтвы старшыні Савета Рэспублікі і выбранне на гэту пасаду Міхаіла Мясніковіча. Кіраўнік дзяржавы ўручыў Анатолю Рубінаву Падзяку Прэзідэнта за заслугі перад Рэспублікай Беларусь, плённую працу і адказнае стаўленне да любой даручанай справы. Прэзідэнт падкрэсліў, што Савет Рэспублікі пад кіраўніцтвам Анатоля Рубінава зрабіў многае.

Сенатары заўсёды ўзважана праводзілі экспертызу законапраектаў, вызначаючы, ці будзе закон запатрабаваны на практыцы. Толькі з пачатку гэтага сезона разгледжана больш за 240 законапраектаў.

Пры прыняцці заканатворчых рашэнняў парламентарыі павінны працаваць на апярэджанне, лічыць Прэзідэнт. "Законы, што прымаюцца вамі, ствараюць фундамент не толькі для цяперашняга, але і для будучага ўладкавання грамадства і дзяржавы, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Таму трэба старацца бачыць перспектывы, а не жыць адным днём. Своечасова рэагаваць на тыя ці іншыя грамадскія з`явы, вырашаць у прававым рэчышчы ўзнікаючыя пытанні. Вы, як людзі, умудроныя вопытам, павінны адчуваць пульс рэальнага жыцця".

На думку Аляксандра Лукашэнкі, у парламенцкага корпуса ёсць і незадзейнічаны патэнцыял. У прыватнасці, павінна быць больш эфектыўнай работа з людзьмі. "Як паказвае практыка, па гэтых пытаннях ёсць недапрацоўкі: тут і кабінетны стыль, і пераадрасоўка зваротаў, і часта нежаданне глыбока ўнікаць у праблемныя сітуацыі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Аднак нельга забываць, што Беларусь - гэта дзяржава для народа. І ўважлівае стаўленне да чалавека на ўсіх узроўнях дзяржаўнага кіравання - асноўная задача народных выбраннікаў".

"Я прасіў бы, каб вы імкнуліся строга выконваць заканадаўства, не дапускаць бюракратызму, фармалізму і чэрствага стаўлення да людзей. Гэтым з`явам, якімі ўлада часам грашыць, трэба паставіць сапраўдны дэпутацкі заслон", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне, што члены Савета Рэспублікі павінны больш цесна працаваць з рэгіёнамі і дэпутатамі на месцах. "Дэпутаты, як і сенатары, павінны быць сапраўднымі памочнікамі кіраўнікоў рэгіёнаў і прадпрыемстваў, забяспечваць эфектыўнае выкарыстанне вытворчых магутнасцей, сыравіны і матэрыялаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Народныя выбраннікі абавязаны ўласным прыкладам дэманстраваць добрасумленныя адносіны да справы, не пакідаць без увагі безгаспадарчасць і халатнасць.

Неабходна надаць новы імпульс рабоце Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання, лічыць Прэзідэнт. "Але сваю актыўнасць трэба накіроўваць не на лабіраванне нейкіх прыватных, вузкаведамасных або местачковых інтарэсаў, а прытрымлівацца агульнадзяржаўных падыходаў, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Валодайце сітуацыяй у рэгіёнах, рэгулярна сустракайцеся з выбаршчыкамі. Шукайце талковыя ініцыятывы знізу і ўзнімайце іх на адпаведны ўзровень. Прапаноўвайце шляхі вырашэння існуючых праблем. І, безумоўна, у сваёй выбарчай акрузе трэба актыўней праводзіць у жыццё прынятыя дзяржаўныя рашэнні".

Прэзідэнт падкрэсліў, што дэпутаты ўсіх узроўняў - гэта рэзерв кадраў. "Неабходна заўважаць сумленных, прынцыповых і кваліфікаваных людзей, рэкамендаваць іх на больш высокія пасады. Такая практыка ёсць, яе трэба і далей прадаўжаць", - лічыць кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, членам Савета Рэспублікі ў сваёй рабоце неабходна больш актыўна пашыраць і абараняць інтарэсы краіны на міжнароднай арэне. Развіццё супрацоўніцтва, парламенцкіх сувязей неабходна накіроўваць на прыцягненне інвестыцый і ўмацаванне іміджу Беларусі на сусветнай арэне.

На думку кіраўніка дзяржавы, вялікую прастору для разнапланавай дзейнасці парламентарыяў уяўляе сабой утварэнне Еўразійскага эканамічнага саюза і старшынства ў ім Беларусі. Трэба максімальна выкарыстоўваць гэтыя спрыяльныя магчымасці, упэўнены Аляксандр Лукашэнка. Таксама нельга збаўляць тэмпы работы ў Саюзнай дзяржаве. 

"Парламенцкае супрацоўніцтва неабходна прадоўжыць. І не толькі з расіянамі, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Прынцып шматвектарнасці ў знешняй палітыцы застаецца актуальным".

Прадстаўляючы парламентарыям новага старшыню праўлення Нацыянальнага банка Паўла Калаура, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў цяперашніх умовах стаіць задача забяспечыць устойлівае і збалансаванае развіццё эканомікі. І важная роля ў гэтым належыць Нацбанку і банкаўскай сістэме.

"Першы і важнейшы напрамак работы Нацыянальнага банка - зніжэнне інфляцыі, - падкрэсліў Прэзідэнт. - І тут патрэбны меры па павышэнні даверу насельніцтва і прадпрыемстваў да нацыянальнай валюты". Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пэўныя захады ўжо зроблены, у далейшым рашэнні Нацбанка павінны быць больш зразумелымі і прадказальнымі для бізнесу і насельніцтва.

Кіраўнік дзяржавы паставіў Нацбанку задачы падтрымання золатавалютных рэзерваў на бяспечным для краіны ўзроўні і забеспячэння ўстойлівай работы банкаўскага сектара. На думку Прэзідэнта, папаўненне золатавалютных рэзерваў павінна ажыццяўляцца не толькі за кошт крэдытаў, а шляхам павелічэння экспарту беларускай прадукцыі і прыцягнення прамых замежных інвестыцый.

"У банкаўскай сферы павінна быць сумленная і справядлівая канкурэнцыя. І гэта задача Нацыянальнага банка. Як рэгулятар ён павінен кантраляваць якасць прадастаўляемых банкамі паслуг і кіраваць імі. І трэба помніць: даходы банкам прыносяць кліенты - насельніцтва і прадпрыемствы. Страціць іх давер ні ў якім разе нельга!" - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што цяпер важна павысіць эфектыўнасць размеркавання фінансавых рэсурсаў у эканоміцы. Прэзідэнт падкрэсліў, што крэдыты банкаў павінны быць накіраваны ў першую чаргу на фінансаванне найбольш акупных праектаў: "Калі бачыце, што бізнес-праект не будзе акупляцца, - ніякіх крэдытаў быць не павінна!"

"Банкі не павінны браць на сябе празмерныя рызыкі. Трэба адыходзіць ад прынцыпу "кожнаму дапаможам". У выніку такіх дзеянняў могуць пацярпець усе. Значыць, трэба ўзмацніць банкаўскі кантроль за праблемнымі актывамі", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка закрануў і пытанні развіцця фінансавага рынку. "Фінансавы рынак - гэта дадатковая крыніца для прадпрыемстваў. І пашырыць яго можна за кошт прыцягнення сродкаў насельніцтва. Няхай укладваюць грошы ў акцыі, аблігацыі. У людзей павінен быць шырокі выбар для інвесціравання сваіх зберажэнняў", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Але не дай бог мы паўторым тое, што адбылося ў Расіі, а тым больш ва Украіне. Каб праз гэты механізм сякія-такія спрытныя людзі не прыхапілі прадпрыемствы", - перасцярог Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларускі фінансавы рынак павінен быць інтэграваны ў сусветны. "Прадпрыемствам трэба шукаць грошы не толькі ўнутры краіны, але і выходзіць на міжнародныя біржы. І прадпрыемствы ў гэтым павінны апірацца на вопыт банкаў", - адзначыў ён.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што ў краіне трэба ўдасканальваць плацежныя сістэмы, пашыраючы выкарыстанне безнаяўных разлікаў. "Яны павінны быць выгадныя як людзям, так і вытворцам, бізнесу. Толькі тады гэта сістэма стане сапраўды запатрабаванай паўсюдна", - адзначыў Прэзідэнт. Нацыянальны банк не павінен абмяжоўвацца традыцыйнымі плацежнымі сістэмамі. "Вы ведаеце, кім яны кантралююцца. Мы павінны прымяняць найбольш выгадныя і бяспечныя для нашай краіны варыянты разлікаў. Таму шукайце, спрабуйце розныя плацежныя сістэмы. Спецыялісты ў нас ёсць, каб распрацаваць адпаведныя праграмы", - сказаў Прэзідэнт.

"У той жа час не забывайце, што ў гэтай сферы шмат махлярства. Тут неабходны строгі кантроль", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што банкаўскай сферы неабходна пастаянна развівацца і змяняцца, прапаноўваючы самыя новыя і лепшыя прадукты насельніцтву. "Насельніцтва ў нас вельмі адукаванае, актыўнае. Асабліва моладзь - ва ўсіх смартфоны, планшэты і іншыя гаджэты. Людзі гатовы да банкаўскіх інавацый. Укараняйце перадавыя тэхналогіі. Развівайце інтэрнэт-банкінг", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт нацэліў новага кіраўніка Нацыянальнага банка на эфектыўную работу і ініцыятывы, якія дадуць практычны вынік. "Вы павінны служыць дзяржаве і нашаму народу. Прымайце ўзважаныя рашэнні па актуальных напрамках развіцця сістэмы. Больш цесна ўзаемадзейнічайце з заканадаўцамі і іншымі галінамі ўлады па злабадзённых фінансавых пытаннях", - падкрэсліў ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што старшыня праўлення Нацбанка і прэм`ер-міністр з`яўляюцца тымі людзьмі, хто будзе адказваць за працэсы ў эканоміцы і яе крывяносную сістэму - фінансы. "І спіхваць на некага, што правоў не хапае, паўнамоцтваў або нарматыўна-прававая база не тая, - немагчыма. Усе рашэнні прыняты. Уся ўлада сканцэнтравана ў гэтым плане ў іх руках - дзейнічайце!" - сказаў Прэзідэнт.

16 студзеня 2015, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:16.01.2015
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:865
 
Ключевые слова:
Инновации Интернет-банкинг Финансы Кредиты
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме