https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Вартавыя неба


14 красавіка — Дзень войскаў супрацьпаветранай абароны ў Беларусі.
Гісторыя супрацьпаветранай абароны краіны пачынаецца ў лістападзе 1941 года, калі ў Куйбышаве была сфарміравана 5-я дывізія супрацьпаветранай абароны, якая пазней стала родапачынальніцай 2-й асобнай арміі СПА Беларусі. За гады Вялікай Айчыннай вайны прадстаўнікі гэтага роду войск сталі сапраўднымі героямі: імі было збіта больш за 7500 самалётаў, знішчана звыш 1000 танкаў, каля 1500 гармат і іншай баявой тэхнікі праціўніка.

Цяпер гераічныя традыцыі франтавікоў працягвае сучаснае пакаленне абаронцаў паветраных межаў Беларусі. На шчасце, сённяшнім вайскоўцам не прыходзіцца страляць на паражэнне. Аднак яны кожную хвіліну трымаюць руку на пульсе. І дапамагаюць ім несці адказную службу сучасныя зенітныя ракетныя і радыёлакацыйныя комплексы, здольныя выяўляць і паражаць сродкі паветранага нападу ва ўсім дыяпазоне вышынь і хуткасцяў.

— Узбраенне, якое сёння знаходзіцца ў воінскіх часцях, з`яўляецца высокатэхналагічным і калектыўна выкарыстоўваецца нашымі баявымі разлікамі, — зазначыў камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Узброеных Сіл Беларусі Алег Двігалеў. — Невыпадкова мы шмат увагі надаём падрыхтоўцы нашых спецыялістаў. Паколькі менавіта ў руках спецыяліста-прафесіянала тэхніка можа выканаць пастаўленыя задачы.

Штодзень баявое дзяжурства па супрацьпаветранай абароне ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь нясуць больш за 500 ваеннаслужачых і асоб грамадзянскага персаналу. Асабовы склад дзяжурных змен кожны дзень суправаджае больш за 400 паветраных судоў.

Ва ўмовах сучаснага ваенна-палітычнага становішча з мэтай забеспячэння рэгіянальнай бяспекі Рэспубліка Беларусь і Расійская Федэрацыя праводзяць сумесную абарончую палітыку, адным з кірункаў якой з`яўляецца ўдасканаленне функцыянавання рэгіянальнай групоўкі войскаў. Важным элементам гэтай групоўкі павінна стаць Адзіная рэгіянальная сістэма супрацьпаветранай абароны дзвюх краін.

Сёння асаблівая ўвага надаецца пытанням мадэрнізацыі ўзбраення і ваеннай тэхнікі. З арыентацыяй на новыя тэхналогіі з улікам магчымасцяў абаронча-прамысловага комплексу. Асноўныя кірункі мадэрнізацыі — паляпшэнне тактыка-тэхнічных характарыстык і памехаабароненасці ўзбраення, пашырэнне кола задач, якія яно вырашае, і максімальная аўтаматызацыя працэсаў кіравання.

— Усе работы па мадэрнізацыі ўзбраення і ваеннай тэхнікі, выкананыя ў апошнія 5 гадоў, дазволілі нам перайсці да цалкам аўтаматызаваных спосабаў выдачы радыёлакацыйнай інфармацыі, — паведаміў начальнік упраўлення радыётэхнічных войскаў камандавання Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны палкоўнік Ігар Насібянц. — Мы дасягнулі высокай якасці выяўлення паветраных цэляў, іх суправаджэння і выдачы інфармацыі на камандныя пункты, якія ажыццяўляюць кантроль паветранай прасторы. У бліжэйшыя гады, у адпаведнасці з тымі планамі, якімі мы кіруемся, пераўзбраенне будзе тычыцца ўсіх падраздзяленняў радыётэхнічных войск. Сёння мадэрнізавана больш за 30% радыёлакацыйнага ўзбраення і комплексаў сродкаў аўтаматызацыі, што прывяло да павышэння надзейнасці тэхнікі, якасці атрыманай інфармацыі і палягчэння працы персаналу.

Сёння на ўзбраенні Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны знаходзяцца комплексы сродкаў аўтаматызаванага кіравання беларускай вытворчасці "Бор", "Паляна-РБ", "Нёман", "Спрут", "Рыф-Р", "Раса-РБ". У бліжэйшы час паступіць і радыёлакацыйная станцыя "Усход", якая распрацавана беларускім канструктарскім бюро "Радар". Зараз "Усход" знаходзіцца на стадыі дзяржаўных выпрабаванняў, якія плануюцца завяршыць у маі. Упершыню станцыя была апрабавана ва ўмовах палігона ў 2009 годзе і ўжо тады зарэкамендавала сябе з найлепшага боку. Летась яна выкарыстоўвалася падчас сумесных беларуска-расійскіх вучэнняў на палігоне Ашулук, дзе паказала свае высокія тэхнічныя характарыстыкі.

Адначасова вядзецца работа і па далейшай мадэрнізацыі знішчальнай авіяцыі — у прыватнасці, самалётаў МіГ-29. Як дабавіў Алег Двігалеў, у 2015 годзе будзе рэалізавана закупка вучэбна-баявых самалётаў Як-130, што дазволіць выйсці на новы ўзровень падрыхтоўкі лётнага складу. У радыётэхнічныя войскі Міністэрствам абароны плануецца закупка сучасных радыёлакацыйных станцый "Праціўнік" вытворчасці Расійскай Федэрацыі.

Нагадаем, летась на ўзбраенне 120-й зенітнай ракетнай брыгады Заходняга аператыўна-тактычнага камандавання паступілі 2 батарэі новага для беларускай арміі зенітна-ракетнага комплексу "Тор-М2". Сёлета лічыцца мэтазгодным закупіць і 3-ю такую батарэю.

Вераніка Канюта
Звязда, 13 красавіка 2013
 
Дата публикации:13.04.2013
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:2267
 
Ключевые слова:
Праздники Беларуси Противовоздушная оборона
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме