https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Павярнуць міграцыйны паток


З пачатку года, па афіцыйнай інфармацыі, больш як 5 тысяч беларусаў з’ехалі на заробкі ў іншыя краіны.

Аднак рэальная лічба можа быць значна вышэй. Дакладную колькасць працоўных мігрантаў назваць складана. Напрыклад, дагавор паміж Беларуссю і Расіяй аб роўных правах грамадзян дазваляе беларусам працаваць у суседняй краіне без інфармавання аб гэтым спецыяльных органаў — гэта значыць, проста па працоўным дагаворы. І многія там уладкоўваюцца на працу нелегальна.

Паводле статыстыкі па далёкім замежжы, больш за ўсё беларусаў выязджае працаваць у Германію (16,5%), ЗША (9,8%), Турцыю (9,1%), Вялікабрытанію (8,7%) і Італію (8,1%). Усяго ж нашы грамадзяне працуюць у 84 краінах. Нават такіх экзатычных, як Емен, Эквадор, Балівія, Катар, Малайзія, Камбоджа, В’етнам.

У большасці выпадкаў жыхары Беларусі выязджаюць за мяжу на сезонныя работы. Колькасць працоўных кантрактаў, заключаных на тэрмін ад аднаго да трох месяцаў, склала 63,3%, ад трох да шасці месяцаў — 15,8%. Прычыны, якія ўказвалі маладыя людзі, былі наступныя: незадаволенасць матэрыяльным становішчам і адсутнасць упадабанай працы. Што пра гэта думаюць і якое выйсце з гэтай сітуацыі бачаць заканадаўцы? Пра гэта мы спыталі намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах Ганну Лявіцкую:

— Сёння Беларусь, як і іншыя краіны свету, актыўна ўдзельнічае ў працэсе экспарту і імпарту працоўнай сілы. Яна з’яўляецца і «донарам», і рэцыпіентам, а таксама дзяржавай, праз якую актыўна ідуць міграцыйныя патокі. Гэта нармальны працэс, што зараз у многіх краінах постсавецкай прасторы назіраюцца міграцыйныя патокі, асабліва сярод маладога насельніцтва, з мэтай паляпшэння матэрыяльнага дабрабыту, фінансавага палажэння. У 2012 годзе, па афіцыйных крыніцах, на пастаяннае пражыванне ў нашу краіну прыехала каля 18 000 іншаземцаў, а выехала толькі каля 9 000. Гэта значыць, сальда ў нас станоўчае. Асноўны іміграцыйны паток назіраецца з краін СНД, у тым ліку з Расіі, Украіны, на долю якіх прыходзіцца больш як 80% ад агульнай колькасці прыезджых.

З Расіі да нас прыязджаюць у асноўным людзі, якія займаюць тут кіруючыя пасады для рэалізацыі істотных праектаў, з Украіны, Малдовы, Узбекістана — часцей будаўнікі, прадстаўнікі сельскагаспадарчай галіны. Але для нас, як і для любой краіны, больш цікавыя людзі з высокім інтэлектуальным патэнцыялам, якія прыносяць свае веды, досвед.

Мы вельмі хацелі б, каб Беларусь з краіны, якая экспартуе працоўныя рэсурсы, ператварылася ў тую, якая імпартуе. Калі казаць пра заканадаўчае рэгуляванне ў гэтай сферы, то ў нашай краіне прымаецца шмат праграм, якія накіраваны на тое, каб сацыяльна абараніць моладзь. Тым не менш, ёсць неабходнасць разгледзець падыходы да паляпшэння сацыяльнага пакета, працаўладкавання, асабліва выпускнікоў ВНУ. Неабходна вярнуцца да прадастаўлення некаторых матэрыяльных ільгот — напрыклад, на пабудову жылля. Гэтае пытанне — самае цяжкае, але вырашыць яго неабходна: маладыя людзі хочуць мець сваё ўласнае жыллё, жыць без бацькоў і быць незалежнымі. Магчыма, трэба больш дэталёва разгледзець здольнасць дзяржавы на падобныя льготы.

Варта больш актыўна працаваць з перспектыўнай моладдзю. Ужо пры атрыманні сярэдняй адукацыі дапамагаць маладому чалавеку сарыентавацца ў выбары прафесіі. Не сакрэт, што многія сёння ідуць у ВНУ для атрымання вышэйшай адукацыі нават тады, калі спецыяльнасць не зусім падабаецца.

Неабходна і Міністэрству працы і сацыяльнай абароны, і Міністэрству адукацыі выхоўваць тыя працоўныя кадры, якія будуць запатрабаваны ў нашай краіне на рынку працы. Была сітуацыя з празмернай колькасцю ў нас бухгалтараў, эканамістаў…

Маладым людзям трэба разумець: неабходна вярнуць дзяржаве тое, што яна табе дала. Атрыманне адукацыі ў школе бюджэтнае. Калі ў цябе ёсць веды, то можна паступіць на бюджэт і ў ВНУ. І абавязак кожнага маладога чалавека — адпрацаваць гэтыя інвестыцыі сумленна. Усім адразу хочацца вялікіх заробкаў, але грошы плацяць у тым ліку і за вопытнасць. Юнацкі максімалізм многім шкодзіць. Неабходны рацыянальны падыход да справы.

Дзяржаве таксама не пашкодзіла б палепшыць патрыятычнае выхаванне, бо мы на нейкім пэўным этапе развіцця нашай краіны пераарыентаваліся з духоўных каштоўнасцяў на матэрыяльныя, і я асцерагаюся, што вельмі хутка мы не будзем нічога цаніць, акрамя фінансавага палажэння.

Нашай дзяржавай прымаецца шмат намаганняў па паляпшэнні дэмаграфічнай сітуацыі, у тым ліку па прадастаўленні грамадзянам сацыяльнага пакета. Аднак трэба разумець, што маштабнасць гэтых ільгот поўнасцю залежыць ад вынікаў эканомікі.

Крысціна Пясецкая
__________________
Дарэчы

Як паведамiў учора ў Мiнску начальнiк дэпартамента па грамадзянстве i мiграцыi МУС Аляксей Бягун, за мяжой сёння працуюць прыкладна 300 тысяч беларусаў. Паводле яго слоў, такiя лiчбы заснаваны на навуковых даследаваннях, абследаваннях хатнiх гаспадарак. Дакладнай iнфармацыi па гэтай праблематыцы няма, прызнаў ён.

«Калi гаварыць наогул пра колькасць грамадзян Беларусi, якiя знаходзяцца за межамi краiны i ажыццяўляюць там працоўную дзейнасць, то мы гаворым, хутчэй за ўсё, пра лiчбу ў 300 тысяч. Лiчба вагаецца з-за прыблiзнага аналiзу», — сказаў прадстаўнiк МУС.

Звязда, 22 лістапада 2013

 
Дата публикации:22.11.2013
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:1216
 
Ключевые слова:
Трудовая миграция Право на труд Заработная плата
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме