https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе навядзення парадку на ўсіх прадпрыемствах у краіне і абавязковага выканання ўсіх раней дадзеных даручэнняў


Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 12 лістапада ў час наведвання ААТ "Керамін", паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў ААТ "Керамін" ён прыехаў, каб паглядзець, як вядзецца мадэрнізацыя прадпрыемства і як выконваецца даручэнне аб павелічэнні тут долі дзяржаўнай уласнасці.

"Мы некалі дамаўляліся яшчэ з былым кіраўніцтвам прадпрыемства аб тым, што, паколькі ёсць попыт на вашу прадукцыю, трэба мадэрнізавацца. Калі адстанем, то не прададзім прадукцыю", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння ставіцца задача мадэрнізацыі прадпрыемстваў у тым ліку і для таго, каб вырашыць праблему з валютай. "Вядома, цяпер не вельмі добры час для мадэрнізацыі, паколькі крызісныя з`явы ў Еўропе, і крыху менш у Амерыцы і Азіі. Расія і іншыя постсавецкія рэспублікі проста абваліліся. Тым не менш я патрабую, каб мы не спыняліся. З крызісу мы рана ці позна выйдзем, але без мадэрнізацыі будзе складана разгортвацца", - лічыць Прэзідэнт.

"Здавалася б і грошы трацім немалыя на тое, каб удасканальваць вытворчасць, але спыняцца нельга, каб потым не адстаць ад суседзяў", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён дадаў, што прадаваць на традыцыйных рынках становіцца ўсё цяжэй. "Але трэба помніць адно: як бы ні было складана і цяжка, нам трэба выходзіць на іншыя рынкі. Увесь час не трэба маліцца на Расію. Прасела Расія - і мы пачынаем куляцца, - сказаў Прэзідэнт. - Вядома, гэта няпроста. У кагосьці ж трэба адваяваць гэтыя рынкі. Але ў нас такі лёс. Іншага не дадзена".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сёння неабходна хутчэй пераходзіць на выкарыстанне айчыннай сыравіны ў вытворчасці, закупляючы за мяжой толькі тое, чаго няма ў Беларусі. Паводле яго слоў, гэта значна танней, у многім вырашае праблему з валютай і дае работу іншым прадпрыемствам у краіне.

"Там, дзе мадэрнізацыя праводзіцца своечасова і гэта з`яўляецца няспынным працэсам, будзе вынік", - перакананы кіраўнік дзяржавы.

"Чаго на мяне крыўдаваць? Сказаў - рабіце, - адзначыў Прэзідэнт. - Выбары праз 1,5-2 гады, выкінеце Лукашэнку - іншы будзе камандаваць або наогул не будзе камандаваць. Але пакуль вы мяне выбіраеце, дазвольце мне прымаць рашэнні, а вы іх выконвайце. Не спадабаецца - усё ў вашых руках".

"Улада дадзена не для таго, каб яе выкарыстоўваць у асабістых карыслівых мэтах. Улада дадзена для таго, каб выконваць тыя абяцанні, якія даваў. Гэта прынцыпова! - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - І я ўсіх папярэджваю: калі Прэзідэнт сказаў - гэта павінна быць зроблена".

"Там, дзе начальнікі гэтага не разумеюць, вы бачылі, што ў Барысаве адбылося. Гэтак жа будзе і на іншых прадпрыемствах. Павінны прыйсці тыя людзі, якія разумеюць, што трэба рабіць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Тым больш калі Прэзідэнт прымае рашэнне і камусьці не хочацца выконваць, то лепш сам пайдзі паціху".

Закрануўшы сітуацыю на ААТ "Барысаўдрэў", кіраўнік дзяржавы адзначыў: "Няўжо я яшчэ павінен ездзіць і парадак наводзіць?! Года, бачыце, не хапіла, і бегаюць, і мне гавораць: за тыдзень усё зробім. За год не зрабілі, а за тыдзень зробяць! Што гэта значыць? Загубяць там мільёны, мільярды беларускіх рублёў, загоняць у бруд цяпер тэхніку і будуць гераічна пераадольваць усё тое, што нарабілі. Гэта хіба нармальна? Так быць не павінна! Тым больш на такім прадпрыемстве".

Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што "Барысаўдрэў" быў адстаючым прадпрыемствам, аднак дзяржава выдзеліла грошы на яго мадэрнізацыю, а таму неабходна было прыводзіць яго ў належны стан. "Калі табе дзяржава дапамагае і там мабілізаваны людзі - трэба варушыцца. Год таму паставіў задачу. Прыязджаю. Добра, не ўсё зрабілі, галавацяпства, яшчэ нешта. Дык яны ж гэта спрабуюць схаваць! Навошта вы гэта хаваеце? - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мне ж дастаткова глянуць і адразу ўбачыць, куды ісці. Дык навошта вы гэта робіце?"

Прэзідэнт падкрэсліў, што праедзе па ўсіх значных прадпрыемствах, дзе раней даваў даручэнні. "Не прэзідэнцкая гэта справа, але што рабіць, калі ўрад не працуе", - дадаў ён.

"Яны хадзілі і думалі, што пройдзе. Вось гэтага быць не павінна", - падкрэсліў Прэзідэнт. Гаворачы пра Барыса Батуру, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта быў адзін з лепшых губернатараў, аднак даручэнні кіраўніка дзяржавы павінны бездакорна выконвацца.

Звяртаючыся да старшыні Мінгарвыканкама Мікалая Ладуцькі, Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу поўнасцю падрыхтаваць сталіцу да зімы, навесці парадак ва ўсіх раёнах Мінска.

"За заводам колавых цягачоў ужо некалькі гадоў сметнік. Ні Кабякоў, ні Ладуцька гэтага не бачаць! Я ім пакажу. А потым мятлу ў рукі - і будуць там працаваць. Вось і ўся потым на мяне крыўда", - сказаў Прэзідэнт.

"Калі мы сябе цывілізаванымі лічым, калі мы цэнтр Еўропы, трэба быць цывілізаванымі людзьмі. Вось адкуль маё патрабаванне. Іншаземцы да нас прыязджаюць: ах, які Мінск прыгожы, як у вас добра. Дык давайце будзем адпавядаць гэтаму", - дадаў Прэзідэнт.

Генеральны дырэктар прадпрыемства Аляксандр Яноўскі далажыў аб тым, што цяпер на прадпрыемстве ідзе чарговы этап мадэрнізацыі, які дасць магчымасць павялічыць аб`ёмы вытворчасці керамічнай пліткі да 2015 года да 18,5-20 млн.кв.м у год (сёння 17,5 млн.кв.м). На прадпрыемстве ажыццёўлена мадэрнізацыя асноўных энергаспажывальных магутнасцей, сукупны гадавы эканамічны эфект ад якіх склаў Br27,2 млрд., пачаты выпуск калекцый санітарнай керамікі эліткласа, уведзена лінія па вытворчасці буйнапамернага керамаграніту, запатрабаванага ў краінах Еўрасаюза. Акрамя таго, устаноўлена абсталяванне, якое дае магчымасць ствараць дызайн прадукцыі на якасна больш дасканалым узроўні.

Цяпер ААТ "Керамін" з`яўляецца вядучым прадпрыемствам па выпуску будаўнічых матэрыялаў у Беларусі і краінах блізкага замежжа. Тут выпускаецца шырокі асартымент керамічнай пліткі для падлог і сцен, керамічнага граніту, керамічнай цэглы, санітарных тэхнічных вырабаў.

У склад ААТ "Керамін" уваходзяць вытворчасць керамічнай пліткі (уключае ў сябе чатыры цэхі), завод "Будфарфор" (асноўны від прадукцыі - санітарныя керамічныя вырабы), Мінскі керамічны завод (асноўны від прадукцыі - керамічная цэгла, гліна для цагельнай і плітачнай вытворчасці).

На балансе прадпрыемства тры інтэрнаты, жылы дом, сетка пунктаў харчавання, культурна-забаўляльны цэнтр, бібліятэка, пункт аховы здароўя, восем аздараўленчых комплексаў. З 1990 года ААТ "Керамін" пабудавана дзевяць жылых дамоў.

Цяпер магутнасці прадпрыемства загружаны на 100 працэнтаў. Аб`ём прамысловай вытворчасці за 9 месяцаў гэтага года ў дзеючых цэнах склаў амаль Br2 трлн., павялічыўшыся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 38 працэнтаў. Доля экспарту ў агульным аб`ёме рэалізацыі гатовай прадукцыі склала 61,6 працэнта. Пры гэтым праз уласную тавараправодную сетку ААТ "Керамін" рэалізуе больш за 75 працэнтаў прадукцыі. Аб`ём экспарту за студзень-верасень склаў $62,8 млн. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі ў разліку на аднаго сярэдняспісачнага работніка за гэты перыяд склала $43 тыс. Як запэўніў генеральны дырэктар прадпрыемства, чакаецца, што да канца года гэты паказчык дасягне $55 тыс.

Адным з напрамкаў зніжэння сабекошту выпускаемай прадукцыі з`яўляецца імпартазамяшчэнне - замена імпартных сыравінных матэрыялаў і кампанентаў, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасці прадукцыі, на айчынныя аналагі. Штогод на падставе вывучэння спажывецкага попыту, а таксама асваення новых тэхналагічных магчымасцей ААТ "Керамін" праводзіць поўнае відавое і якаснае абнаўленне асартыменту выпускаемай прадукцыі.

Аб`ём інвестыцый у асноўны капітал за дзевяць месяцаў гэтага года склаў Br147 млрд. (бізнес-планам прадугледжвалася асваенне ў 2013 годзе Br56 млрд.), павялічыўшыся ў 1,7 раза ў параўнанні з аналагічным перыядам 2012 года. Фінансаванне капітальных укладанняў ажыццяўляецца за кошт уласных сродкаў прадпрыемства.

У бліжэйшай перспектыве ААТ "Керамін" плануе рэалізацыю двух буйных інвестыцыйных праектаў.

Так, у 2014 годзе пачнецца рэканструкцыя і мадэрнізацыя ў цэху вытворчасці керамічнай пліткі шляхам дэмантажу адной з вытворчых ліній і арганізацыі адзінага комплекснага ўчастка па вытворчасці рэктыфікацыйнай керамічнай пліткі розных фарматаў. Гэта дасць магчымасць знізіць расходы, звязаныя з яе выпускам.

Прадпрыемства плануе знізіць энергаёмістасць прадукцыі да 30 працэнтаў, такім чынам, агульны памер эканоміі складзе $2,5 млн. у год.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся тым, якая сітуацыя з загружанасцю складоў. Як далажыў генеральны дырэктар прадпрыемства, на складах знаходзіцца двухмесячны аб`ём вырабленай прадукцыі, аднак гэта эканамічна апраўдана, паколькі сёння пакупнік жадае набыць прадукцыю адразу, а не чакаць выпуску неабходнай партыі. У той жа час згодна з беларускім заканадаўствам гэта лічба не павінна перавышаць 1,5-месячнага аб`ёму вытворчасці. Аляксандр Яноўскі звярнуўся да Прэзідэнта з просьбай дазволіць захоўваць на складах вялікія аб`ёмы прадукцыі, адзначыўшы, што канкурэнтныя расійскія і ўкраінскія кампаніі маюць аб`ём таварных запасаў у 3-4 месяцы.

Аляксандр Лукашэнка абурыўся такой пастаноўкай пытання, звярнуўшы ўвагу кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэя Кабякова на залішнюю бюракратызацыю.

"Чаму дырэктар ставіць перада мной гэта пытанне? Што значыць "дазвольце"? Гэта яго права! Чаму Прэзідэнт павінен яму дазваляць? Гэта не мая справа, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Каб я больш гэтых пытанняў не чуў! Бо пойдзеце нават не дырэктарамі, а памочнікамі сюды. Гэта ж дзікая бюракратыя! Зразумела было б, калі б ён закрэдытаваны быў, грошай у яго не было, людзям зарплаты не плацілі, яшчэ чагосьці не вырашаў - тады б мы яго заціскалі. А тут навошта?".

Прэзідэнт запатрабаваў далажыць, як выканана яго даручэнне па павелічэнню долі ўласнасці дзяржавы ў статутным фондзе прадпрыемства.

"Сёння ў дзяржавы каля 60 працэнтаў акцый - мала, сёй-той недапрацоўвае", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт паставіў задачу да сярэдзіны 2014 года давесці долю акцый дзяржавы ў ААТ "Керамін" да 80 працэнтаў.

"Гэта не мне трэба. Я хабару не бяру, я адтуль грошай не атрымліваю, махінацыямі не збіраюся займацца, але я не хачу, каб вы праз некалькі гадоў папракнулі мяне ў тым, што я не ўбачыў гэтага крадзяжу", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў свой час ён прыняў рашэнне аб вяртанні гэтага прадпрыемства дзяржаве. "Была спроба прысвоіць прадпрыемства асобнымі вашымі былымі начальнікамі. Гэта няправільна, так быць не павінна! Гэта прадпрыемства народнае, яно было створана за кошт сродкаў нашага народа і належыць народу", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што ў выпадку, калі замежны інвестар захоча набыць прадпрыемства, усё будзе праходзіць па ўстаноўленай у дзяржаве працэдуры. Ён таксама дадаў, што парадак прыватызацыі прадпрыемстваў у Беларусі вельмі бюракратычны. У той жа час патэнцыяльны ўласнік павінен выканаць некалькі ўмоў: не спыняць вытворчасць, не дапусціць масавага скарачэння работнікаў без прадастаўлення ім новага месца працаўладкавання, а таксама спраўна плаціць падаткі.

"Я даручыў Камітэту дзяржкантролю і КДБ разабрацца. Бачым, што пачынаюцца махінацыі, і мною было прынята рашэнне прадпрыемства вярнуць дзяржаве, але не забіраць акцыі, а заплаціць па мінімальнай цане", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да працоўнага калектыву ААТ "Керамін".

"З`явіцца жадаючы купіць, прапануе добрую цану, - паглядзім, прадаваць ці не, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Але мы ўжо наеліся гэтых прыватнікаў". Аляксандр Лукашэнка нагадаў сітуацыю з мінскай "Камунаркай". Паводле яго слоў, са зменай кіраўніцтва нават у крызісныя часы прадпрыемства працуе з прыбыткам. "Усе прыватнікі глядзяць на сваю кішэнь. Прыватнік тады добра, калі ён сваім потам і крывёй гэта створыць і будзе працаваць. Калі прадпрыемства прыватызавана, прыхоплена за бясцэнак, ніколі толку не будзе. Я не хачу, каб усё было разграблена", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Сёння попыт на беларускія прадпрыемствы вялікі, вы гэта бачыце. Расія хацела б штосьці купіць, як быццам свайго няма. А чаму? Таму што мы не развалілі сваё, а некаторыя прадпрыемствы ператварылі ў квітнеючыя, як той жа "Беларуськалій". Пахадзілі, пахадзілі - хочам. Я кажу: плаціце $32 млрд., і хоць цэлае прадпрыемства, хоць частку купляйце. Маўляў, дорага. Я кажу: да пабачэння. Паспрабавалі іншым шляхам - не атрымалася", - сказаў Прэзідэнт.

"Мая задача - абараніць дзяржаву і яе ўласнасць", - падкрэсліў ён.

"Не крыўдуйце на жорсткасць, цяпер час такі. Цяпер усе вакол Беларусі ходзяць і, як ваўкі галодныя, зубамі ляскаюць: дзе б прыхапіць "Керамін", "Беларуснафту", адзін нафтаперапрацоўчы завод, другі - шмат такіх у нас прадпрыемстваў... Ва ўсіх рукі свярбяць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - І сёння націскаюць не таму, што я такі дрэнны, дыктатар, а таму, што не аддаю. Тым не аддаў на Усходзе, на Захадзе не аддаў. А хочацца, і ўзяць хочуць за бясцэнак. Мы на гэта не згодныя".

Прэзідэнт прайшоўся па цэхах прадпрыемства, азнаёміўся з тым, як наладжаны вытворчы працэс, паразмаўляў з работнікамі ААТ "Керамін".

У прыватнасці, кіраўнік дзяржавы закрануў пытанне вытворчай дысцыпліны. Ён падкрэсліў, што на прадпрыемстве "няма дэмакратыі, ёсць жалезная дыктатура канвеераў, таго, хто будзе купляць прадукцыю".

У сувязі з гэтым Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі ў бліжэйшы час будзе ўдасканалена сістэма найму на работу.

"Вельмі многія разбасячыліся: маўляў, Прэзідэнт прымусіць выплаціць зарплату, а мы будзем курыць або п`янымі хадзіць на работу. Нам, відаць, трэба вярнуць штосьці накшталт характарыстык з папярэдняга месца работы. Звольніўся - вось характарыстыка. Дырэктар адкрывае, глядзіць - звольнены з-за п`янства, і вырашае, бярэ гэтага п`яніцу ці не", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Мы павінны ў бліжэйшы час упарадкаваць сістэму найму на работу, пераходу з аднаго месца работы на іншае. Так, як робіць увесь свет. Павінен быць парадак і вынік", - лічыць Прэзідэнт.

Гаворачы аб кантрактнай сістэме, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што на працягу бліжэйшага паўгода ўсе павінны перайсці на такую форму работы. "У нас яшчэ шмат людзей працуюць без кантрактаў. Няхай прафсаюзы выпрацоўваюць умовы, выгадныя для абодвух бакоў", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Закрануў Прэзідэнт таксама сітуацыю на валютным рынку: "Вы бегаеце сёння па абменніках і чакаеце нейкай дэвальвацыі. Проста раю вам: не рабіце гэтага і не чакайце".

"Мы паставілі перад сабой галоўную задачу - не дапусціць ніякіх абвалаў. І мы бачым, што сітуацыя стабілізуецца", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка наведаў таксама гандлёвы цэнтр ААТ "Керамін", які размясціўся на плошчы 3,4 тыс.кв.м. Для пакупнікоў тут прапануецца самая поўная экспазіцыя новых калекцый керамічнай пліткі і санітарнай керамікі "Керамін". У салоне гатовыя ідэі і практычныя рашэнні для афармлення інтэр`ера, а таксама поўны спектр паслуг - ад рэкамендацый вопытнага кансультанта да бясплатнай прафесійнай распрацоўкі дызайн-праекта памяшкання і разліку неабходнай колькасці прадукцыі. Укаранёна сістэма электроннай чаргі, для дзяцей створаны гульнявы пакой. Калі раней фірменны магазін рэалізоўваў прадукцыі ў сярэднім на Br300 млн. у месяц, то за дзевяць месяцаў 2013 года рознічны тавараабарот склаў Br102 млрд., або Br11,3 млрд. у сярэднім за месяц. Кіраўнік дзяржавы паразмаўляў з прадаўцамі гандлёвага цэнтра і пакупнікамі.

У цэлым Прэзідэнт застаўся задаволены ўбачаным, пахваліўшы кіраўніцтва ААТ "Керамін" за добрыя паказчыкі работы прадпрыемства.

13 лістапада 2013, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:13.11.2013
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:1102
 
Ключевые слова:
Модернизация
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме