https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Кіраўнік прыватнага прадпрыемства ў Гродзенскай вобласці падазраецца ў крадзяжы ў аднаго з падраздзяленняў "Амкадора"


У дачыненні да кіраўніка аднаго з прыватных прадпрыемстваў Гродзенскай вобласці за крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, учынены ў асабліва буйным памеры, распачата крымінальная справа.
Як паведаміла старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС Вераніка Пасмецьева, падчас праверкі АБЭЗ Ваўкавыскага РАУС устаноўлена, што дырэктар аднаго з абласных прыватных прадпрыемстваў у 2012—2013 гадах, ведаючы, што не зможа разлічыцца з даўгамі, мае велізарную крэдыторскую запазычанасць, закрытыя рахункі ў банках і нявыкананыя судовыя пастановы па спагнанні даўгоў, наўмысна заключае дагаворы на пастаўку прадукцыі і тавару з дзяржаўнымі і прыватнымі суб`ектамі гаспадарання, пасля чаго рэалізоўвае атрыманы тавар за наяўны разлік без адлюстравання выручкі па бухгалтарскім уліку, а грашовую наяўнасць выкрадае.

Так, у чэрвені мінулага года падазроны заключыў дагавор з ЗАТ "Амкадор-Унікаб" на куплю двух электрапагрузчыкаў агульным коштам амаль 410 млн. рублёў. Аднак аплата пасля дастаўкі пагрузчыкаў у ЗАТ "Амкадор-Унікаб" ва ўстаноўлены тэрмін не паступіла, кіраўнік прыватнага прадпрыемства аплаціў ЗАТ толькі паслугі па транспарціроўцы тэхнікі. ЗАТ "Амкадор-Унікаб" неаднаразова накіроўваліся ў адрас даўжніка прэтэнзійныя лісты, адказы на якія атрыманыя не былі і да гэтага часу абавязацельства па аплаце ўсяго кошту пастаўленай прадукцыі не выканана.

Паводле слоў Пасмецьевай, аператыўнікі ўстанавілі злачынную схему, па якой ён дзейнічаў. Яшчэ ў 2012 годзе махляр атрымаў у адрас свайго прадпрыемства ад Ваўкавыскага філіялу Гродзенскага аблспажыўтаварыства (дзяржпрадпрыемства) тушаную ялавічыну больш чым на 350 млн. рублёў, якую рэалізаваў за наяўны разлік без належнага бухгалтарскага афармлення, паступлення і апрыходавання грашовых сродкаў, а за прадукцыю з філіялам не разлічыўся.

Каб вярнуць доўг філіялу, падазроны атрымлівае ў ЗАТ "Амкадор-Унікаб" электрапагрузчыкі і рэалізуе ў адрас Ваўкавыскага філіялу Гродзенскага аблспажыўтаварыства ўжо за 522 млн. рублёў. Тым самым ажыццяўляе залік узаемных патрабаванняў па раней пастаўленай прадукцыі Ваўкавыскага філіялу ў выглядзе ялавічыны тушанай, утворанай пені і працэнтаў за карыстанне чужымі грашовымі сродкамі.

У жніўні 2013 года, так і не разлічыўшыся з шэрагам суб`ектаў гаспадарання, падазроны прыняў рашэнне аб ліквідацыі свайго прадпрыемства.

У дачыненні да падазронага АБЭЗ Ваўкавыскага РАУС распачата крымінальная справа за крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі грашовых сродкаў ЗАТ "Амкадор-Унікаб" на агульную суму амаль 410 млн. рублёў. Матэрыялы крымінальнай справы для далейшага расследавання перададзены ў следчыя органы.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 11 верасня 2013
 
Дата публикации:11.09.2013
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:1409
 
Ключевые слова:
Криминал Гродна Амкодор
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме