Рэгіянальны фестываль збірае гасцей і турыстаў каля сцен сярэдневяковага замка. На мерапрыемстве будуць прадстаўлены розныя плыні сучаснай танцавальнай і песеннай інтэрпрэтацыі традыцыйнай культуры. У праграме работа народных майстроў і выстаўка-продаж, майстар-класы па народных танцах, песнях і гульнях, выступленні фальклорных калектываў і розныя конкурсы.
Госці фестывалю пазнаёмяцца з аўтэнтычнай культурай і рамёствамі, а таксама валанцёрскімі ініцыятывамі па ахове спадчыны Беларусі.
Арганізатары рыхтуюць таксама інсцэніроўку падзей 628-гадовай даўнасці - падпісання Крэўскай уніі.
Фестываль праводзіцца з мэтай звярнуць увагу на ахову матэрыяльнай і нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі ў цэлым і спадчыны Крэва ў прыватнасці.
Крэўскі замак - помнік сярэдневяковага абаронча-крапаснога дойлідства тыпу "кастэль" - быў пабудаваны вялікім князем Гедымінам і яго сынам Альгердам на рубяжы XIII-XIV стагоддзяў. Замак стаў сведкам многіх гістарычных падзей. У 1385 годзе ў замку была падпісана Крэўская ўнія - дагавор аб аб`яднанні Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага пад уладай князя Ягайлы. У памяць аб гісторыі Крэўскага замка і яго ўладальніках штогод каля сцен помніка праводзяцца святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя чарговай гадавіне з дня каранацыі князя Міндоўга - заснавальніка і першага князя Вялікага Княства Літоўскага. Мерапрыемствы ўключаюць у сябе выступленні калектываў, якія выконваюць сярэдневяковыя танцы, народных калектываў Беларусі і Літвы, элементы рыцарскіх баёў.
6 жніўня 2013, Гродна
Алена Стасюкевіч - БЕЛТА