https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Начальнік упраўлення Мінюста і яе намеснік затрыманыя КГБ


Пра гэта паведамляе прэс-служба КДБ.
Супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі затрымалі с доказамі злачынства пры атрыманні хабару ў 1.000 долараў ЗША начальніка ўпраўлення Міністэрства юстыцыі Беларусі і яе намесніка.

Непасрэдна пры перадачы грошай быў затрыманы і давальнік хабару — заснавальнік адной з прыватных будаўнічых структур Мінска.

Падчас папярэдняга расследавання ўстаноўлено, што службовыя асобы Мінюста неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароджанні за садзейнічанне ў спрыяльным вырашэнні пытанняў, якія ўваходзілі ў іх кампетэнцыю і былі звязаны з іх прафесійнай дзейнасцю.

У дачыненні да карумпаваных чыноўнікаў Камітэтам дзяржаўнай бяспекі распачата справа па прыкметах складу злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкула 430 Крымінальнага кодэкса (атрыманне хабару групай асоб). У дачыненні да заснавальніка фірмы справа распачата на падставе часткі 1 артыкула 431 КК (даванне хабару).

"У межах расследавання крымінальнай справы праводзіцца комплекс аператыўна-вышуковых і следчых мерапрыемстваў, скіраваных на выяўленне і дакументаванне іншых эпізодаў супрацьпраўнай дзейнасці падазроных", — паведамляе прэс-служба КДБ.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, гаворка ідзе пра Галіну Грышкавец, якая ўзначальвала ўпраўленне адвакатуры і ліцэнзавання юрыдычнай дзейнасці, і яе намесніка Наталлю Беразоўскую. Пра гэта паведаміла "Радыё Свабода" са спасылкай на прэс-сакратара Мінюста.

Крыху пазней прэс-сакратар ужо адмаўлялася ад каментарыяў, пацвердзіўшы толькі, што названыя асобы ў міністэрстве не працуюць.

З інфармацыі, размешчанай на афіцыйным сайце Мінюста, вынікае, што ўпраўленне адвакатуры і ліцэнзавання юрыдычнай дзейнасці цяпер узначальвае выканаўца абавязкаў начальніка Жанна Міхалевіч.

Праваабаронца Таццяна Равяка на сваёй старонцы ў "Фейсбуку" піша: Грышкавец і Беразоўская — "гэта як раз тыя асобы, якія пазбаўлялі ліцэнзіі адвакатаў па справах пасля Плошчы-2010". Равяка прыводзіць словы Галіны Грышкавец, якая на прэс-канферэнцыі 24 ліпеня гэтага года заявіла: ніхто з адвакатаў, пазбаўленых ліцэнзій пасля абароны ўдзельнікаў справы аб масавых беспарадках, па паўторнае атрыманне ліцэнзій не звяртаўся. "Наколькі я ведаю, ім знайшлі працу з больш высокай аплатай, ім адвакацкая ліцэнзія ўжо не цікавая. Яны перыядычна даюць нейкія каментарыі, выступаюць, думаю, іх дзейнасць добра аплачваецца, мяркуючы па інфармацыі з інтэрнэту", — сказала Грышкавец.

"На гэтыя словы адзін з пазбаўленых ліцэнзіі адвакатаў сказаў, што лепш бы яна не плявала ў калодзеж, з якога яшчэ, магчыма, давядзецца напіцца. Як у ваду глядзеў", — піша праваабаронца.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН
Мінск, 21 жніўня 2013
 
Дата публикации:21.08.2013
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:1842
 
Ключевые слова:
Криминал Коррупция Минюст Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме