https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе разумнага падыходу ў барацьбе з афрыканскай чумой свіней


Аб гэтым ён заявіў 22 жніўня на нарадзе аб эпізаатычнай сітуацыі ў свінагадоўлі і мерах барацьбы з вірусным захворваннем свіней, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што недапушчальна няўважлівае стаўленне чыноўнікаў да людзей, і заклікаў аказваць насельніцтву ўсялякае садзейнічанне пры барацьбе з АЧС.

"Мяне не столькі непакоіць сам працэс гэтай барацьбы, колькі тое, як рэагуе насельніцтва на меры, што прымаюцца органамі ўлады і ветэрынарнымі службамі. Я ўсё больш атрымліваю сігналаў, у Адміністрацыі Прэзідэнта мы фіксуем узрастаючую колькасць зваротаў грамадзян па гэтых пытаннях. Сутнасць іх зводзіцца да таго, што мы часам няўважліва, а іншы раз па-хамску паводзім сябе з людзьмі. Гэта значыць мы, здавалася б, выконваем святую місію - змагаемся з гэтай заразай, але ў той жа час ствараем новую праблему - негатыўнае рэагаванне людзей на нашы дзеянні, дзеянні ветэрынарных службаў. Павінен вас папярэдзіць: гэта недапушчальна", - сказаў Прэзідэнт.

"Вы там, калі ласка, на месцы разбярыцеся з кожным чалавекам. Не думаю, што ў нас знойдзецца шмат людзей, якія ад няма чаго рабіць будуць займацца пісанінай у адрас Прэзідэнта з просьбай аб прыняцці нейкіх мер. Таму з гэтага моманту мы з вамі дамовіліся: ад людзей скаргаў быць не павінна! Стаўцеся да людзей па-чалавечы, ліквідуючы гэту заразу, - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады. - Вашы тлумачэнні, што вы правільна робіце, вы добрыя, а людзі дрэнныя, прымацца не будуць!"

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што АЧС не нясе пагрозы для здароўя людзей. Ён са шкадаваннем заўважыў, што ў свеце яшчэ не выпрацавалі эфектыўных мер барацьбы з гэтай хваробай, не існуе вакцыны, а адзінае выйсце - гэта лакалізацыя ачагоў, знішчэнне захварэўшых жывёл для прадухілення распаўсюджвання хваробы.

"Прычынамі таго, што нам даводзіцца ліквідаваць гэту заразу, з`яўляецца парушэнне элементарных санітарных норм, каранціннага рэжыму на фермах і прыватных падворках, і гэта можа прывесці да пашырэння зоны эпідэміі, нанясення значнага ўрону як свінагадоўчай галіне, так і эканоміцы краіны ў цэлым", - сказаў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што галоўная праблема - эканамічная. "Мы ні ў якім выпадку не павінны дапусціць распаўсюджвання гэтай хваробы і падзяжу свіней, будзе гэта на прыватных падворках, на фермах або на комплексах. Мы і так ужо страцілі, няхай няшмат, але гэта не адзін мільярд рублёў", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Для Беларусі развіццё свінагадоўлі мае асаблівае значэнне. Ва ўсіх рэгіёнах функцыянуюць магутныя свінагадоўчыя комплексы, прадукцыя з якіх паступае не толькі на ўнутраны рынак, але і на экспарт.

Аляксандр Лукашэнка адначыў, што на комплексах прымаюцца строгія меры, і нідзе не зафіксавана паўторнага з`яўлення хваробы. Найбольшую заклапочанасць у Прэзідэнта выклікаюць дробныя фермы і прыватныя падворкі. Паводле яго слоў, у 97 выпадках са 100 жывёла заразілася ў прыватных падворках, а таму неабходна прымаць усялякія меры, каб не дапусціць пераносу захворвання на буйныя компексы або фермы.

"Страты галіны мы ні ў якім выпадку дапусціць не можам. Не менш важны і той факт, што амаль на кожным сельскім падворку гадуюць свіней як для ўласных патрэб, так і для продажу на рынак, тым самым папаўняючы харчовыя рэсурсы краіны", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што ў прыватных падворках гадуюцца амаль 900 тыс. свіней, што складае больш як 20 працэнтаў усяго пагалоўя свіней у Беларусі. "Таму мы павінны аказаць істотную дапамогу насельніцтву ў барацьбе з гэтай заразай", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Як паказвае сусветная практыка барацьбы з гэтай хваробай, адзіны спосаб спыніць эпідэмію - хуткая і поўная ліквідацыя і забой пагалоўя як свойскіх свіней, так і дзікоў у ачагах захворвання, і арганізацыя буферных зон. У мінулыя гады такія меры былі прыняты ў Іспаніі, Партугаліі, Францыі, Бельгіі, былым СССР. Прэзідэнт лічыць, што ў Беларусі неабходна выкарыстоўваць гэты эфектыўны метад, але падыходзячы разумна.

"Калі мы выявілі ачаг хваробы на якой-небудзь малой, вялікай ферме, у якой-небудзь вёсцы, нам даводзіцца ствараць буферную зону прыкладна да 5 км. Але тут трэба разумна да гэтага падыходзіць, а не тое, што ў кабінеце начарцілі круг 5 км вакол вёскі і пачынаем там "квасіць" усё без разбору. Прычым не слухаючы людзей, не разумеючы іх. Гэтага быць не павінна! Усё павінна быць разумна!" - падкрэсліў Прэзідэнт.

На думку кіраўніка дзяржавы, для таго каб не дапусціць распаўсюджвання хваробы, трэба прымаць прэвентыўныя меры. У якасці прыкладу Прэзідэнт прывёў вопыт Мінскай вобласці, дзе забой жывёлы ажыццяўляюць на мясакамбінаце, а потым чалавек або забірае мяса, або пакідае там за грашовую кампенсацыю. "Калі вы нармальна заплаціце чалавеку за кожны кілаграм свініны або жывой вагі, ён вам яе аддасць. Таму каб не дапусціць ліквідацыі жывёлы, лепш у зонах рызыкі здаць цяпер здаровую жывёлу на мясакамбінат", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць: каб дабіцца поспеху ў барацьбе з эпідэміяй, патрэбны дакладная скаардынаванасць дзеянняў усіх органаў улады і кіраўніцкіх структур, няўхільнае выкананне тэхналагічнай дысцыпліны, санітарных патрабаванняў на жывёлагадоўчых аб`ектах, пастаянная растлумачальная работа сярод насельніцтва. У той жа час кіраўнік дзяржавы са шкадаваннем заўважыў, што, нягледзячы на меры, якія прымаюцца, поўнасцю засцерагчы ад небяспекі свінагадоўлю пакуль не ўдалося.

Паводле слоў Прэзідэнта, на гэтай бядзе пачынаюць іграць розныя дэструктыўныя сілы, нагнятаючы сітуацыю. "Мы не павінны даваць падставы, каб гэтыя нягоднікі раздзімалі пажар у нашым грамадстве", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ва ўрадзе створаны спецыяльны штаб, прымаюцца пэўныя меры, аднак нараканняў з боку людзей на такую работу нямала. Прэзідэнт падкрэсліў, што дзяржава не можа стаяць убаку ад гэтай праблемы, у тым ліку ад вырашэння яе фінансавых пытанняў. Ён адзначыў, што супраць стварэння якіх-небудзь праграм па пераадоленню вынікаў эпідэміі. "Я катэгарычна супраць паператворчасці. Трэба прымаць канкрэтныя меры і рабіць тое, што ўжо даўно пацверджана вопытам".

Аляксандр Лукашэнка выказаў занепакоенасць тым, што афрыканская чума свіней набывае распаўсюджванне ў Расіі. Выяўлены яшчэ адзін ачаг у Яраслаўскай вобласці. "Адгарадзіцца ад усяго свету мы не можам, тым больш ад Расіі, таму трэба тут, на месцы, прымаць эфектыўныя меры", - сказаў кіраўнік дзяржавы. У прыватнасці, паводле яго слоў, неабходна ўзмацніць кантроль за кармамі, што паступаюць у Беларусь, зменшыць іх імпарт. "Сваіх кармоў хапае", - дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад удзельнікаў нарады далажыць аб тым, наколькі мінімізаваны ўрон ад эпідэміі, у тым ліку эканамічны, якая сістэмнасць барацьбы і як наладжана работа з насельніцтвам.

Як падкрэсліў намеснік прэм`ер-міністра Міхаіл Русы, сітуацыя ў Беларусі з АЧС знаходзіцца пад кантролем.

"Сітуацыя стабілізавана, кіруемая, - сказаў ён. - У тых населеных пунктах, дзе мы правялі пэўную работу, сітуацыя ў поўнай меры стабілізавана".

Міхаіл Русы звярнуў увагу на неабходнасць выканання ўсіх мер ветэрынарыі ў мэтах недапушчэння распаўсюджвання захворвання. Ён адзначыў, што з насельніцтвам будзе праводзіцца неабходная растлумачальная работа аб тым, як дзейнічаць.

Віцэ-прэм`ер падкрэсліў, што ў Беларусі ўзмоцняць меры адказнасці ўсіх кіраўнікоў за выкананне біялагічнай аховы, выкананне патрабаванняў, што прадпісваюцца ветэрынарнымі службамі, а таксама кантроль за пастаўшчыкамі кармоў, якія вязуць несертыфікаваны тавар. Пад кантроль будуць узяты і працэдуры пахавання хворых жывёл. Акрамя таго, прынята рашэнне аб умацаванні матэрыяльнай базы ветэрынарных службаў: у самы кароткі час будуць дадаткова пабудаваны яшчэ 6 лабараторый для аператыўнага рэагавання.

Паводле слоў Міхаіла Русага, асноўнымі прычынамі заражэння АЧС з`яўляюцца дзікія жывёлы, адходы і кармы, а таксама вынік безгаспадарчасці чалавека. Сам вірус няўстойлівы, знішчаецца спецсродкамі і пры высокай тэмпературы, аднак да гэтага часу ў свеце не створана вакцыны ад захворвання.

Урад Беларусі гарантуе насельніцтву кампенсацыю страт у сувязі з забоем свіней з-за АЧС.

"Што датычыцца кампенсацыі людзям, то ўсё будзе выплачана. Я як кіраўнік штаба ставіў задачу: на працягу двух тыдняў з дня канфіскацыі або продажу свіней павінен быць праведзены разлік з чалавекам", - сказаў віцэ-прэм`ер.

Паводле яго слоў, аплата праводзіцца па цане звыш Br18 тыс. за кілаграм жывой вагі, насельніцтву поўнасцю кампенсуюцца ўсе затраты. Міхаіл Русы расказаў, што ў буферных зонах насельніцтва мае права або самастойна забіваць здаровую жывёлу і ўжываць у ежу, або пры жаданні аддаваць па закупачных цэнах на мясакамбінаты.

Як адзначыў віцэ-прэм`ер, у насельніцтва ўзнікалі пытанні з кампенсацыяй па нетэхналагічнай групе, гэта значыць тых катэгорыях жывёл, якія мясакамбінаты не перапрацоўваюць. Міхаіл Русы падкрэсліў, што ў аблвыканкамах знойдзена рашэнне гэтай праблемы. "Дапусцім, што датычыцца свіней вагой ніжэйшай за 30 кг, то насельніцтву выплачваюць ад Br600 тыс. да Br1 млн. за галаву, і гэта дастатковая сума, каб кампенсаваць затраты чалавеку", - сказаў ён.

У той жа час Міхаіл Русы прызнаў, што месцамі "ёсць тапорная работа, калі недзе не растлумачылі, а ўрываліся".

Урад Беларусі па даручэнню Прэзідэнта на працягу тыдня распрацуе шэраг мерапрыемстваў, якія дадуць магчымасць насельніцтву, вымушанаму пазбавіцца ад свіней у сувязі з АЧС, у льготным парадку набываць іншую жывёлу.

"Гэта будзе або буйная рагатая жывёла, або авечкі, або гусі, або качкі - мы прапрацуем усе пытанні і ў цэнавых адносінах, і ў плане кармоў, пастаўкі камбікармоў, калі чалавек хоча мець дадатковыя крыніцы паступленняў у свой бюджэт", - сказаў віцэ-прэм`ер.

Прэзідэнт таксама паставіў задачу: гібка і разумна працаваць з людзьмі, патрабаваць строгага выканання тэхналагічнай дысцыпліны, разумна і аператыўна падыходзіць да прыняцця рашэнняў, забяспечыўшы належную каардынацыю мясцовых органаў улады, уключаючы дэпутатаў.

23 жніўня 2013, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:23.08.2013
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:1334
 
Ключевые слова:
Эпизоотия Африканская чума свиней Сельское хозяйство Компенсации
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме