У выніку 17 красавіка Генеральнай пракуратурай Беларусі была вынесена пастанова аб выдачы Кабалава кампетэнтным органам РФ для прыцягнення да крымінальнай адказнасці. У сувязі з тым, што гэта пастанова Кабалавым не абскарджана і набыла законную моц, ён будзе перададзены расійскаму боку.
Кабалаў абвінавачваецца ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 3 арт. 30, п. "в" ч. 2 арт. 211 (замах на захоп паветранага судна ў мэтах угону, учынены з прымяненнем насілля, небяспечнага для жыцця і здароўя, і з пагрозай прымянення такога насілля), п. "а" ч. 2 арт. 115 (наўмыснае нанясенне лёгкага ўрону здароўю, што выклікала кароткачасовае расстройства здароўя, учыненае з хуліганскіх пабуджэнняў) Крымінальнага кодэкса РФ.
Нагадаем, Кабалаў, які арганізаваў 12 студзеня гэтага года дэбош на борце самалёта рэйса Масква — Хургада, быў затрыманы 7 сакавіка на пад`ездзе да Гродна ў раёне пасёлка Берагавы супрацоўнікамі крымінальнага вышуку і інспектарамі ДАІ. У Гродна ён накіроўваўся на рынак "Паўднёвы", каб набыць рэчы, якія затым меў намер перапрадаць у Расіі. Мяркуючы па словах затрыманага, у яго найбліжэйшыя планы ўваходзіла здацца ўладам, а заробленымі грашамі ён планаваў забяспечыць сваякоў на перыяд сваёй адсутнасці.
Свой учынак на борце самалёта Кабалаў тлумачыць нервовым зрывам і прыносіць прабачэнні пацярпелым разам з ім пасажырам за зрыў адпачынку.
Паводле інфармацыі расійскіх СМІ, на борце лайнера Кабалаў пагражаў пасажырам фізічнай расправай, нанёс цялесныя пашкоджанні аднаму з пасажыраў, урываўся ў кабіну пілотаў, хацеў, каб самалёт пасадзілі на ваду. Дэбашыр таксама запэўніваў, што ён са спецназа ГРУ, а таксама, што ён дэпутат.
Кабалаў легальна прыехаў у Беларусь з Украіны 3 лютага, арыенціроўка на яго на мяжу паступіла толькі 5 сакавіка.
Паводле папярэдніх звестак МУС Беларусі, якіх-небудзь супрацьпраўных дзеянняў на тэрыторыі Беларусі Сяргей Кабалаў не ўчыніў. Падчас затрымання ехаў у аўтамабілі як пасажыр. Пры праверцы дакументаў прад`явіў расійскі пашпарт.
На допыце Кабалаў прызнаўся, што прадпрымаў меры па недапушчэнні свайго выяўлення праваахоўнымі органамі, у прыватнасці ўключаў тэлефон толькі на нядоўгі час, выкарыстоўваў сім-карты розных аператараў.
БелаПАН, 29 красавіка 2013