25 красавіка Генеральная пракуратура Беларусі накіравала ў Вярхоўны суд для вызначэння падсуднасці крымінальную справу паводле абвінавачання 13 удзельнікаў фінансавай піраміды "МММ-2011", якая дзейнічала некаторы час у краіне.
Фігуранты справы абвінавачваюцца ў ажыццяўленні прадпрымальніцкай дзейнасці без дзяржаўнай рэгістрацыі, спалучанай з атрыманнем даходу ў асабліва буйным памеры, ажыццёўленай арганізаванай групай, гэта значыць ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 233 КК.
У мэтах спагнання даходу ад ажыццяўлення незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, атрыманага злачынным шляхам, Генпракуратурай да абвінавачаных выстаўлены іскавыя патрабаванні на 4,5 млрд. рублёў.
Як паведамлялася раней, падчас папярэдняга следства ўстаноўлена, што абвінавачаныя з`яўляліся ўдзельнікамі грамадскага аб`яднання "МММ-2011" і займалі розныя пасады ("дзясятніка", "сотніка", "тысячніка", "дзесяцітысячніка") у іерархічнай структуры. З мэтай сістэматычнага атрымання даходу шляхам рэкламавання дзейнасці "МММ-2011" для шырокага кола насельніцтва абвінавачаныя прыцягвалі грашовыя сродкі беларускіх грамадзян. Грошы ўносіліся ў беларускіх рублях і замежнай валюце на адкрытыя ўдзельнікамі арганізаванай групы разліковыя рахункі ў беларускіх банках.
Кіраўнікі фінансавай піраміды прыцягвалі грошы грамадзян, матывуючы апошніх атрыманнем маёмаснай выгады ад укладзеных сродкаў, абяцаючы даходы на некалькі парадкаў вышэйшыя за дзейныя на той момант стаўкі па дэпазітных укладах у банках краіны.
"МММ-2011" ажыццяўляла банкаўскую дзейнасць з парушэннем дзейнага заканадаўства — без дзяржаўнай рэгістрацыі юрыдычнай асобы і атрымання спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі).
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 25 красавіка 2013