Новыя лісты пра галоўнае
Азірнулася: побач гандлёвы цэнтр "Купец", але ж патрэбныя боты там наўрад ці будуць. Рукою падаць да "Гіпа" — там штось сезоннае заўсёды бывае, але ж не факт, што і гумовікі. Трохі паводдаль, у радыусе аднаго-трох прыпынкаў — крамы спорттавараў і "Марка", дзе — гарантыя — нейкія боты будуць, але ж можа не быць патрэбнага памеру, фасону, кошту...
— Найлепш, мусіць, — ва ўнівермаг "Беларусь" пад`ехаць, — параіла бабулі. — Адзін прыпынак на адным тралейбусе, там трохі прайсці, потым два — на другім...
— Не, — сумна ўсміхнулася жанчына, — гэта не з маім спрытам. Ды і не ведаючы, што да чаго, яшчэ заблуджуся. А ў мяне аўтобус праз гадзіну... Хіба, можа, да "Спорттавараў" дайду?
...Не ведаю, ці адважылася на гэта госця нашай сталіцы. Не ведаю, ці пашчасціла ёй купіць свайму чалавеку патрэбную, відаць, абнову. Цалкам магчыма, што не... І не столькі з-за таго, што бракавала жанчыне спрыту і часу, ведання горада. Бракавала, думаю, зразумелай інфармацыі, бракавала... мовы, бо на амаль двухмільённы Мінск, паводле даведніка, усяго дзве крамы з шыльдай — "Абутак", дзевяць "Обувь", незлічона (што яшчэ зразумела) айчынных фірмовых — "Луч", "Белвест", "Белкельме", "Марко". Як і замежных — "Ахіs", "Баден", "Vіtо", "Стэп"... На ўсё пра ўсё, як той казаў, адны "Чаравічкі".
"Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у нашай краіне на аднолькавых правах суіснуюць дзве дзяржаўныя мовы — беларуская і руская. Аднак апошнім часам складваецца ўражанне, што ў нас застаецца толькі адна афіцыйная і дзяржаўная — руская, а вось беларуская ў незалежнай Беларусі паступова ператвараецца ў замежную, — піша спадар Яўген Шухно. — Верагодна, усе мы сутыкаліся з модай на іншамоўныя назовы — крам, кавярняў, розных вырабаў (ад парфумы да цукерак). Па-англійску ці па-французску пішацца сама назва, усё астатняе — як правіла, па-руску. Па прыклады далёка хадзіць не трэба, дастаткова выйсці на вуліцы Мінска ці якога іншага горада. Там калі дзе-нідзе і сустракаецца беларуская назва, то ўжо дадатковая інфармацыя (час працы, прыналежнасць да арганізацыі, склад...) даецца па-руску. Хоць-нехаць атрымліваецца, што назва напісана на... замежнай мове, а тлумачэнне на зразумелай? Вось толькі ў ролі гэтай замежнай выступае мова карэннага насельніцтва, першая дзяржаўная!
Такім чынам, — працягвае аўтар ліста, — у свядомасці грамадзян складваецца стаўленне да беларускай, ужытай толькі ў назве, як да іншаземнай — такой жа, як англійская ці французская. Гэта значыць, праз напісанне па-беларуску толькі назвы адбываецца атаясамліванне моў — беларускай і замежнай: пакрысе яны становяцца ў адзін шэраг".
Спрыяе гэтаму вельмі многае. У прыватнасці, спадар Шухно ў пацвярджэнне сваіх высноў даслаў ксеракопію абгорткі хлеба "Адвячорак", дзе пазначана, што гэты хлеб "аппетитный, нарезанный", што ў "состав" яго "входят мука ржаная хлебопекарная...". Карацей — уся астатняя інфармацыя падаецца па-руску. Адкуль і выснова: "Ператварэнне беларускай мовы ў замежную "шыльдавую" апошнім часам набывае масавы характар, што дае падставы гаварыць пра пэўную тэндэнцыю".
Працяг гэтай тэмы ў лісце з Чавусаў: "Прыйшлі з жонкай да дачкі і ўнучак, — піша Валерый Гаўрыш. — Меншая, бачу, слухае мяне, але ж амаль не разумее, бо я размаўляю па-беларуску. А яна і дома, і ў садку пастаянна чуе другую дзяржаўную... Складваецца ўражанне, што яна ўжо і першая".
Як высвятляецца, падставы так думаць дадаў звычайны шакаладны батончык віцебскай "Віцьбы", бо старэйшая з унучак шаноўнага чытача, пакруціўшы ў руках ласунак, папыталася: "Дзед, а чаму на абгортцы ёсць інфармацыя на ўкраінскай, рускай, нават казахскай мове, а на беларускай няма?".
"Што адказаць дзіцяці? — пытае чытач. — Сапраўды, чаму няма? Няўжо той "Віцьбе", "Камунарцы" ці іншым вытворцам цяжка стварыць абгортку на роднай мове? Прадукцыя ідзе за межы? Дык гэта ж добра! Няхай паўсюль, дзе купляюць беларускія тавары, ведаюць, што ёсць такая краіна, што яна мае сваю спаконвечную мову".
Да гэткай жа высновы прыйшла яшчэ адна чытачка "Звязды", якой дзеці на 8 Сакавіка падарылі вельмі прыгожы, цёплы жакет вытворчасці "Пінскага трыкатажу". "Яго, — піша мінчанка Алена Кушаль, — прынеслі ў празрыстым фірмовым пакеце... Да таго ж не слоган на ім, а проста цуд: "В этой жизни все связано"! Што так, тое так, пагадзіцеся. Але ж чаму па-руску? Няўжо, калі б напісалі, што "Усё ў гэтым жыцці звязана", ніхто нічога не зразумеў бы — ні ў нашай краіне, ні за межамі?"
І сапраўды: ну няхай бы ацаніў пакупнік не толькі выраб (дай Бог якасны!). Няхай бы, карыстаючыся выпадкам, паглядзеў, што ў нашай мове ёсць літарка ё , пра якую то заціхаюць, то зноўку ўзгараюцца спрэчкі ў суседняй Расіі, ёсць сваё адметнае і, над якім так добра глядзіцца і кропачка і, напрыклад, сцяг краіны, ёсць, нарэшце, ў (у нескладовае), літара, якой няма больш ні ў якай мове свету (пра што пінчукам і казаць няёмка — там гэтай літары помнік стаіць!)... Да таго ж у слогане — побач — ёсць дзве (мяккія ад і) літаркі ц, якія перадаюць пяшчоту, мяккасць... У тым ліку і... трыкатажным вырабам.
Аднак гэта нам чамусьці не трэба. Мы можам захапляцца гучаннем роднае мовы са сцэн тэатраў, з вуснаў дыктараў, спевакоў і журналістаў, услухоўвацца ў беларускамоўную рэкламу, але ж калі трэба штось напісаць (нават адрас "Звязды" на канверце з лістом у... абарону першай дзяржаўнай!), адразу пераходзім на рускую.
Адкуль проста безліч балючых, "чаму"? Вось тут і цяпер — толькі з аднаго, па-беларуску падпісанага канверта: "Чаму ў нашым мястэчку, — цікавіцца спадар Гаўрыш, — назвы вуліц напісаны акурат таксама, як і ў райцэнтры Хіславічы Смаленскай вобласці, з якім Чавусы маюць шмат стасункаў?.. Чаму ў краіне, дзе аб`яўляліся Год роднай зямлі, Год кнігі, Год беражлівасці, не аб`явіць Год роднай мовы?" Бо пакуль яна жыве — жыве і нацыя.
"Мая бабуля нарадзілася ў 1893 годзе, у школу хадзіла "паўтары зімы", але з ахвотай чытала кнігі, якія я прыносіў з бібліятэкі, і размаўляла па-беларуску, — чытаем у лісце спадара Гаўрыша. — Адкуль яна ведала гэтую мову? Ад сваёй маці. Я потым — ад сваёй. Да таго ж усе прадметы ў нашай вясковай школе выкладаліся па-беларуску... А вось у політэхнічным, куды потым паступіў, навучанне ішло ўжо на рускай мове, што здавалася вельмі нязвыклым... Затое якое ж задавальненне было, калі нас, студэнтаў, адпраўлялі на сельгасработы, "на бульбу", калі мы ехалі ў вёску і чулі там чысцюткую, амаль "коласаўскую" беларускую мову. "Быў час, быў век, была эпоха"... Сёння моўная сітуацыя, нават у вёсцы, змянілася карэнным чынам. Што ўжо казаць пра горад...
"Дзякуй, што ёсць беларускамоўная "Звязда", "...Чакаю газету, як некалі малым чакаў з кірмашу бацькоў: "А што ж цікавага і смачнага яны прывязуць?" — Немагчыма пераацаніць тую ролю, якую выконвае "Звязда" ў справе падтрымкі мовы тытульнай нацыі"...
Гэта — радкі з іншых лістоў, якія не могуць не цешыць. Хаця ў шматлікіх (назавём іх так) "моўных спрэчках" усё больш ахвотных назваць беларускую мову ўжо не матчынай і нават не бабулінай, бо, маўляў, яны (і маці і бабуля), нарадзіўшыся і жывучы ў Беларусі, размаўлялі ўжо па-руску...
Але — у кожнага з тутэйшых ёсць яшчэ адна маці, маці-Радзіма. І яе мова — менавіта беларуская. "Як заўважаю, размаўляючы са сваімі нашчадкамі, школьнікі да мовы ставяцца горш, — піша Валянціна Пабягайла з Ляхавіч. — Унучка мая добра ведае англійскую, бо перакананая, што яна ёй спатрэбіцца, а вось беларуская, кажа, — наўрад... Яе, мову, — падсумоўвае спадарыня Валянціна, — як і веру ў Бога, вельмі важна атрымаць з маленства". І тады (хай дасць Бог!)...
Раніцай сонца да нас зазірне,
"Зайку" падкіне малечы
ў калыску.
"Доброе утро!" —
прачнуцца ў Маскве.
"Раніцы добрай!" —
вітаемся ў Мінску.
Шчырага сябра ніхто не міне,
Стрэнецца недзе родны
ці блізкі.
"Здравствуйте, здравствуйте!"
— чутна ў Маскве.
"О, прывітанне! Дзень добры!"
— у Мінску.
Хутка ў турботах
дзянёк праміне.
Сонейка зойдзе,
заціхне вятрыска.
Скажуць: "Спокойной вам ночи!"
— ў Маскве.
"Любы, дабранач!" —
пачуецца з Мінска.
О, каб жа праўдаю гэта было,
І, як Масква размаўляе
па-руску,
У Мінску каб гутарку
стала чутно
Толькі на мове сваёй,
беларускай!..
Час пераменлівы.
Усё можа быць
(Я выдаваць тут прагноз
не бяруся)...
Мо і навучымся мы гаварыць
Па-беларуску ва ўсёй Беларусі.
Напісала гэты верш (за што асобны дзякуй!) спадарыня Раіса Васільева з Гомеля.
Што да яго дадаць? Хіба кароткае... У двор дома нехта папараць прывёз, пасадзіў ля самай праезнай часткі. Колькі разоў яе дратавалі, колькі наязджалі коламі машын — падліку не паддаецца! А яна ўсё роўна жывая...
Пакуль.
Чытала лісты
Валянціна Доўнар
Звязда, 27 красавіка 2013