Такая навацыя змешчана ў законапраекце, які прадугледжвае ўнясенне паправак у заканадаўчыя акты аб прававым становішчы іншаземных грамадзян, працоўнай міграцыі і некаторыя іншыя. "Згодна з законапраектам іншаземным грамадзянам з ліку таленавітых работнікаў і спецыялістаў будзе прадастаўляцца кампенсацыя расходаў пры пераездзе ў краіну або выплата аднаразовай дапамогі на ўладкаванне", - сказаў Сяргей Герасімаў.
Акрамя таго, праект закона прадугледжвае, у прыватнасці, што замежныя грамадзяне, якія скончылі або навучаюцца ва ўстановах адукацыі Беларусі і жадаюць застацца ў краіне, каб працаваць па спецыяльнасці, будуць вызвалены ад неабходнасці афармляць спецыяльныя дазволы на права займацца працоўнай дзейнасцю ў Беларусі.
Паводле слоў Сяргея Герасімава, гэты законапраект ужо ўнесены ў Палату прадстаўнікоў, яго плануецца разгледзець у першым чытанні на вясенняй сесіі.
У сваю чаргу начальнік упраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Вера Лабковіч адзначыла, што адна з самых важных задач, вырашэнне якой павінна дапамагчы кампенсаваць натуральнае змяншэнне насельніцтва ў Беларусі, гэта аптымізацыя міграцыйных патокаў. Самае галоўнае, стабілізаваць колькасць насельніцтва краіны. "Нас да 2015 года павінна быць не менш, чым 9 млн. 440-450 тыс., таму сёння важна кансалідавацца абсалютна ўсім органам дзяржаўнага кіравання", - падкрэсліла Вера Лабковіч.
Паводле інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, колькасць насельніцтва Беларусі на 1 сакавіка 2013 года склала 9 млн. 461,8 тыс. чалавек. У студзені-лютым у краіне нарадзілася 19 тыс. 049 дзяцей, што на 1 тыс. 248 дзяцей больш, чым за аналагічны перыяд 2012 года, памерла 22 тыс. 712 чалавек - на 387 больш. Натуральнае змяншэнне насельніцтва склала 3 тыс. 663 чалавекі.
26 сакавіка 2013, Мінск
Святлана Саўко - БЕЛТА