https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Нацбанк прапануе стварыць у Беларусі кансалтынгавыя службы для малога і сярэдняга бізнесу


Аб гэтым заявіў 13 сакавіка на XIV Асамблеі дзелавых колаў Беларусі намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Сяргей Дубкоў.
У Беларусі мэтазгодна стварыць кансалтынгавыя службы, якія аказвалі б кансультацыйную дапамогу па суправаджэнню дзейнасці суб`ектаў малога і сярэдняга бізнесу, у тым ліку прадастаўляючы доступ да тыпавых стандартных пакетаў дакументаў.

Прадстаўнік Нацбанка ў час свайго выступлення закрануў праблемы, звязаныя з крэдытаваннем суб`ектаў малога і сярэдняга бізнесу і шляхі іх вырашэння. "Нягледзячы на прымаемыя меры па дзяржаўнай падтрымцы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, праблемы доступу гэтага сектара эканомікі да банкаўскіх крэдытаў існуюць", - адзначыў ён.

Самым актуальным і складаным пытаннем сёння з`яўляецца высокі ўзровень працэнтных ставак па крэдытах, што выступае стрымальным фактарам развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Нацыянальным банкам будзе праводзіцца работа, накіраваная на паступовае зніжэнне кошту пазык.

Абмяжоўвае доступ да банкаўскіх крэдытаў і адсутнасць ліквіднага залогу ў суб`ектаў прадпрымальніцтва. "Лічым, што вырашэнню гэтай праблемы магла б садзейнічаць больш актыўная дзейнасць Беларускага фонду падтрымкі прадпрымальніцтва па прадастаўленню гарантый па банкаўскіх крэдытах", - адзначыў Сяргей Дубкоў. На 2010-2012 гады з рэспубліканскага бюджэту прадугледжвалася выдзяленне Br700 млн. Беларускаму фонду падтрымкі прадпрымальніцтва для прадастаўлення гарантый па льготных крэдытах, што выдаюцца банкамі суб`ектам малога прадпрымальніцтва. "Паводле інфармацыі фонду, гэтыя сродкі не асвоены з-за таго, што суб`екты малога і сярэдняга бізнесу амаль не звяртаюцца ў фонд за гарантыямі", - сказаў Сяргей Дубкоў.

Акрамя таго, сярод асноўных праблем прадастаўлення гарантый прадстаўнікі Беларускага фонду падтрымкі прадпрымальніцтва называюць складанасці па спагнанню сродкаў з суб`екта малога і сярэдняга бізнесу ў выпадку невыканання ім сваіх абавязацельстваў перад банкамі, афармленне гарантый у іншых абласных і раённых цэнтрах праблематычна з-за таго, што фонд не мае рэгіянальных прадстаўніцтваў у рэспубліцы.

Часта немагчыма рэальна ацаніць фінансавае становішча суб`ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва з-за нізкай якасці дакументаў, якія прадастаўляюцца імі ў банкі. Акрамя таго, высокая доля грашовых разлікаў у наяўнай форме і наяўнасць ценявых грашовых патокаў, а таксама адсутнасць крэдытнай гісторыі павышае рызыкі крэдытавання. "У сувязі з гэтым захоўвае сваю актуальнасць пытанне павышэння фінансавай дасведчанасці суб`ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Таксама неабходна распрацоўка стымулюючых мер для павышэння празрыстасці аперацый суб`ектаў гаспадарання і зніжэння долі ценявой эканомікі. Усё гэта будзе садзейнічаць магчымасці адэкватнай ацэнкі крэдытаздольнасці", - адзначыў Сяргей Дубкоў.

У Нацыянальным банку лічаць, што адсутнасць у шматлікіх таварыстваў і саюзаў прадпрымальніцкага сектара адзінай стратэгіі развіцця і шляхоў вырашэння праблемных пытанняў, у тым ліку па ўзаемадзеянню з органамі дзяржаўнага кіравання, не дае магчымасці канструктыўна вырашаць існуючыя праблемы. "У прыватнасці, самі прадпрымальніцкія структуры павінны быць зацікаўлены ў развіцці мікрафінансавых арганізацый і арганізацый па самафінансаванню суб`ектаў прадпрымальніцтва", - адзначыў Сяргей Дубкоў. Перавагай мікрафінансавых арганізацый для малога бізнесу з`яўляецца прадастаўленне мікрапазык пазычальнікам, якія па тых ці іншых прычынах не цікавыя банкам. Пры гэтым прадастаўленне мікрапазык магчыма без забеспячэння, без паручыцельства, без выразнага бізнес-плана.

Для рэгулявання дзейнасці мікрафінансавых арганізацый Нацыянальным банкам распрацаваны праект указа Прэзідэнта Беларусі "Аб мікрафінансаванні", які прызначаны закласці заканадаўчую аснову для стварэння сістэмы дзяржаўнага рэгулявання мікрафінансавай дзейнасці, нагляду за ёй, а таксама накіраваны на развіццё і павышэнне празрыстасці нябанкаўскіх паслуг па мікрафінансаванню ў рэспубліцы, паведаміў прадстаўнік Нацбанка.

Для аказання інфармацыйных і кансультацыйных паслуг суб`ектам прадпрымальніцтва ў рэспубліцы на 1 студзеня 2012 года дзейнічала 76 цэнтраў падтрымкі прадпрымальніцтва і 15 інкубатараў малога прадпрымальніцтва. "Мэтазгодна стварыць кансалтынгавыя службы, магчыма пры Беларускім фондзе падтрымкі прадпрымальніцтва і мясцовых выканаўчых органах, якія аказвалі б кансультацыйную дапамогу па суправаджэнню дзейнасці суб`ектаў малога і сярэдняга бізнесу, у тым ліку прадастаўляючы доступ да тыпавых стандартных пакетаў дакументаў", - лічыць Сяргей Дубкоў.

"Нацыянальны банк пастаянна нацэльвае банкі рэспублікі на аказанне ўсебаковай дапамогі суб`ектам малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, пачынаючы ад крэдытнай падтрымкі і заканчваючы кансультацыйнымі паслугамі, а таксама на пашырэнне даступнасці крэдытаў. Для аператыўнага вырашэння праблем пры ўзаемадзеянні з прадпрымальніцкім сектарам Асацыяцыі беларускіх банкаў прапанавана рэгулярна праводзіць круглыя сталы. Са свайго боку, Нацыянальны банк адкрыты для канструктыўнага дыялогу з прыватным бізнесам для садзейнічання яго далейшаму развіццю", - рэзюмаваў Сяргей Дубкоў.

Суб`екты малога і сярэдняга прадпрымальніцтва выступаюць важнай мэтавай групай у карпаратыўных банкаўскіх паслугах. У цэлым за 2012 год банкамі рэспублікі суб`ектам малога і сярэдняга прадпрымальніцтва аказана крэдытная падтрымка ў суме Br37,6 трлн., у тым ліку ў беларускіх рублях - Br19,6 трлн., у замежнай валюце - Br18 трлн. Запазычанасць па крэдытах названага сектара эканомікі за мінулы год павялічылася ў 1,6 раза да Br36,7 трлн., у тым ліку ў беларускіх рублях - у 1,3 раза да Br18,9 трлн., у замежнай валюце - у 2 разы да Br17,8 трлн.

Актыўна развіваецца праграма мікракрэдытавання па лініі Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, у якой удзельнічаюць восем банкаў. За 12 гадоў рэалізацыі гэтай праграмы банкамі выдадзена больш за 34 тыс. крэдытаў на агульную суму $714,4 млн. (на 1 студзеня 2013 года), у тым ліку ў 2012 годзе - $166,1 млн.

Акрамя крэдытаў на агульных падставах сёння прадстаўнікі прадпрымальніцкага сектара могуць атрымаць крэдыты на льготных умовах для развіцця аграэкатурызму, будаўніцтва і рэканструкцыі аб`ектаў прыдарожнага сэрвісу, а таксама ў рамках указа ад 21 мая 2009 года нумар 255 "Аб некаторых мерах дзяржаўнай падтрымкі малога прадпрымальніцтва".

13 сакавіка 2013, Мінск
Ганна Кот - БЕЛТА
 
Дата публикации:13.03.2013
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:1496
 
Ключевые слова:
Предпринимательство Малый и средний бизнес Кредиты Финансы Нацбанк Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме