https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У Беларусі адзначаюць Дзень жанчын


Жанчына з яе мудрасцю і ўнутранай сілай з`яўляецца той асновай, на якой трымаецца свет, гаворыцца ў віншаванні, якое напярэдадні свята адрасаваў суайчынніцам Аляксандр Лукашэнка.
"Сёння вы — адна з галоўных рухальных сіл паспяховага сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, падтрымання палітычнай стабільнасці ў грамадстве, навуковага і культурнага прагрэсу. Вашы веды, талент і вялікая працавітасць даюць бліскучыя вынікі ў розных сферах. І пры гэтым вы не страчваеце душэўнасці, мяккасці і прыгажосці, застаяцеся добрымі маці, жонкамі і гаспадынямі, вернымі і надзейнымі спадарожніцамі", — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.

Нагадаем, Лукашэнка адправіўся ў Каракас для ўдзелу ў жалобных цырымоніях у сувязі са смерцю прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавеса, якія прызначаны на 8 сакавіка. Як паведаміла прэс-служба прэзідэнта, "традыцыйны ўрачысты прыём з нагоды Дня жанчын ад імя кіраўніка беларускай дзяржавы вырашана перанесці на больш позні тэрмін".

Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, на 1 студзеня колькасць жанчын у Беларусі склала 5,1 млн. чалавек, або 54% агульнай колькасці насельніцтва. У гарадах і пасёлках гарадскога тыпу пражываюць 76% жанчын, у сельскіх населеных пунктах — 24% жанчын.

У сярэднім па рэспубліцы на 1.000 мужчын прыходзіцца 1.152 жанчыны, у гарадах і пасёлках гарадскога тыпу — 1.166 жанчын, у сельскіх населеных пунктах — 1.109 жанчын.

Паводле ацэнкі ПРААН, "натуральнай" розніцай у чаканай працягласці жыцця мужчын і жанчын прынята лічыць пяць гадоў. У Беларусі захоўваецца значная розніца ў працягласці жыцця мужчын і жанчын, якая на працягу апошніх двух дзесяцігоддзяў перавышае "натуральную" больш чым у два разы і складае 10-12 гадоў.

На пачатак 2012 года сярэдні ўзрост жанчын у Беларусі склаў 42 гады, у вясковых жанчын сярэдні ўзрост — 47 гадоў, у гарадскіх жанчын — 41 год.

У Белстаце адзначаюць тэндэнцыю павелічэння сярэдняга ўзросту жанчын пры ўступленні ў першы шлюб. Калі ў 2000 годзе ўпершыню ўступалі ў шлюб жанчыны ў сярэднім ва ўзросце 22,8 года, мужчыны — 25 гадоў, то ў 2012 годзе сярэдні ўзрост уступлення ў першы шлюб жанчын складае 24,6 года, мужчын — 26,7 года. Як вынік павелічэння сярэдняга ўзросту ўступлення ў шлюб адзначаецца павелічэнне сярэдняга ўзросту жанчын пры нараджэнні першага дзіцяці. Сярэдні ўзрост маці пры нараджэнні першага дзіцяці павялічыўся з 23 гадоў у 2000 годзе да 25 гадоў у 2012 годзе. Доля народжаных дзяцей у жанчын, якія не знаходзяцца ў зарэгістраваным шлюбе, знізілася з 24% у 2005 годзе да 18% у 2012 годзе.

У гэтым навучальным годзе ва ўстановах адукацыі рэспублікі вучацца прыкладна 815 тысяч прадстаўніц жаночага полу, што складае 16% ад іх агульнай колькасці. Сярэднюю спецыяльную, вышэйшую і паслявузаўскую адукацыю атрымліваюць звыш 330 тыс. жанчын (41% ад агульнай колькасці жанчын, якія навучаюцца, у 2005/2006 навучальным годзе — 32%). Колькасць жанчын, якія навучаюцца, пераважае над колькасцю мужчын, якія навучаюцца: у гэтым навучальным годзе колькасць жанчын, якія навучаюцца, у рэспубліцы складае 51% ад агульнай колькасці навучэнцаў, колькасць мужчын, якія навучаюцца, — 49%.

Пераважна "жаночымі" з`яўляюцца гуманітарна-сацыяльныя профілі адукацыі (у сферы аховы здароўя дзяўчаты складаюць 80% усіх, хто атрымлівае сярэднюю спецыяльную і вышэйшую адукацыю па гэтым профілі; педагогікі — 79%; гуманітарных навук — 78%; эканомікі, камунікацый, права і кіравання — 74%).

Даныя выбарачнага абследавання дамашніх гаспадарак па ўзроўні жыцця, якое штогод праводзіцца Нацыянальным статыстычным камітэтам, сведчаць пра тое, што за апошняе дзесяцігоддзе павялічылася колькасць жанчын, якія займаюцца фізічнай культурай і спортам. Удзельная вага жанчын ва ўзросце 16 гадоў і больш, якія займаюцца фізкультурай і спортам, склала на пачатак 2013 года 24,1% і павялічылася ў параўнанні з 2003 годам у 1,7 разу. Пры гэтым 22,6% з іх займаюцца фізкультурай і спортам штодзённа.

Ганна Афоніна, БелаПАН
Мінск, 8 сакавіка 2013
 
Дата публикации:08.03.2013
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:2256
 
Ключевые слова:
Международный женский день Праздники Беларуси Статистика
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме