Радыёкропка памрэ да канца 2014 году
Яшчэ ў ліпені 2011 году міністар інфармацыі Алег Праляскоўскі заяўляў, што Беларусь ня будзе адмаўляцца ад праваднога радыё, абгрунтаваўшы гэтую пазыцыю тым, што ў яго ёсьць будучыня — «яго слухаюць 30-40% жыхароў краіны».
Правадное вяшчаньне дагэтуль захоўваецца ў суседніх зь Беларусьсю краінах — Расеі, Літве. Летась аб адмове ад радыёкропкі абвясьцілі ва Ўкраіне.
Сыстэма праваднога радыёвяшчаньня — радыёкропка ў кожнай хаце — пашырылася ў Беларусі яшчэ да Другой сусьветнай вайны. У 1960-х гадох пачала ўкараняцца сыстэма трохпраграмнага вяшчаньня, радыёкропкі ўсталёўваліся ва ўсіх новазбудаваных кватэрах.
На ўзор савецкай сыстэмы правадная радыёфонія была пашыраная ў краінах сацыялістычнага лягеру. У Чэхаславаччыне і пазьней у Чэхіі радыёкропкі працавалі ад 1954 да 1999 гаду. У Польшчы правадное радыё існавала пасьля вайны і паступова згарнула дзейнасьць у 1970-х гадах.
Радыёкропкі не былі ўнікальнай сацыялістычнай зьявай. У другой палове ХХ стагодзьдзя падобнай інфармацыйнай сеткай былі ахопленыя сотні тысячаў слухачоў у розных краінах Заходняй Эўропы — Вялікабрытаніі, Нідэрляндах, Швэйцарыі. Да ХХІ стагодзьдзя правадное вяшчаньне дажыло ў Італіі.
Сяргей Шупа
Радыё Свабода, 20 лютага 2013