Работы ствараліся ў рамках фестывалю снежна-лядовых скульптур "Казачны сад — 2013".
У батанічным садзе быў арганізаваны канцэрт з удзелам гурту "J:Морс" і фаер-шоу. Для гасцей працавалі аніматары і атракцыёны. Ахвотныя маглі пакатацца на квадрацыклах, поні і конях, а таксама на паветраным шары. Пасля абеду былі падведзены вынікі конкурсу і вызначаны лепшыя скульптуры.
Як паведаміла загадчыца сектара інфармацыйна-асветніцкай работы Цэнтральнага батанічнага сада Алена Сакурэнка, сёлета ў фестывалі ўзялі ўдзел 34 скульптары.
"Летась мы рабілі толькі скульптуры са снежных форм, — адзначыла яна. — Сёлета ж мы ўпершыню завезлі лёд".
Паводле слоў скульптара Цэнтральнага батанічнага сада Вадзіма Мацкевіча, аднаго з трох аўтараў скульптуры "Дрэва жыцця", работа над скульптурай заняла два дні. Лёд для фестывалю нарыхтаваў Мінскі холадакамбінат.
БелаПАН, 16 лютага 2013