У незаконных паляўнічых за 10 гадоў дзейнасці Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь было канфіскавана 153 тысячы сетак агульнай даўжынёй 7,3 тысячы кіламетраў, 277 электралавільных прылад і каля 6 тысяч адзінак агнястрэльнай зброі. У даход дзяржавы, у якасці кампенсацыі за нанясенне шкоды прыродзе, пайшло 55 мільярдаў рублёў.
Як паведаміў журналістам начальнік Дзяржінспекцыі Сяргей Новікаў, зараз браканьеры добра маскіруюцца, хаваюцца, карыстаюцца сувяззю, ідуць на паляванне цэлай камандай, і ўсе іх дзеянні, як правіла, зладжаныя і прадуманыя, таму ў хуткім часе з гэтай прычыны, а таксама для спрашчэння працы інспектараў, плануецца набыць дадатковае абсталяванне і транспартныя сродкі.
— Каб наша праца была больш эфектыўнай, сёлета мы збіраемся набыць беспілотны лятальны апарат. Зараз ён дапрацоўваецца, падбіраюцца тэхнічныя сродкі пад нашы патрабаванні, — паведаміў Сяргей Новікаў.
Што датычыцца нядаўняга выпадку масавай гібелі аленяў у Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці, начальнік Дзяржінспекцыі адзначыў, што пакуль праводзяцца экспертызы. але ўжо зараз ёсць усе прыкметы таго, што жывёл атруцілі. Каму б гэта магло быць выгадна, пакуль сказаць цяжка.
Адказваючы на пытанне журналістаў пра папуляцыю баброў, якая павялічылася апошнім часам, Сяргей Новікаў распавёў, што колькасць гэтых жывёл трэба "хутка рэгуляваць". Па меркаванні начальніка Дзяржінспекцыі, пра гэта павінны клапаціцца арандатары паляўнічых угоддзяў. Акрамя рэгулявання колькасці, на паляванні на баброў можна зарабіць грошы, узяўшы за прыклад іншыя краіны — напрыклад, тую ж Літву.
Ганна Гарустовіч
Звязда, 26 студзеня 2013