Да гэтай падзеі Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа (ЦНБ) Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ініцыявала шматфарматны праект "Тыдзень беларускай навукі". У яго межах арганізавана акцыя "Стань чытачом навуковай бібліятэкі бясплатна!", падчас якой маладыя вучоныя, магістранты і аспіранты да 31 студзеня могуць бясплатна атрымаць чытацкі білет. А 28 студзеня ў чытальных залах бібліятэкі адкрыецца выстава "Навука Беларусі: інавацыі, тэхналогіі, прыярытэты".
25 студзеня ў холе прэзідыума НАНБ прайшла выстава навуковых дасягненняў, на якой навуковыя інстытуты, навукова-вытворчыя прадпрыемствы, універсітэты і акадэміі Беларусі паказалі звыш 500 распрацовак. На выставе быў прадстаўлены шырокі спектр навуковых экспанатаў у сферы высокіх тэхналогій, матэрыялаў, фармакалогіі, фізікі і хіміі, а таксама многія іншыя ўзоры беларускіх распрацовак.
Згодна са статыстычнымі данымі НАНБ, аб`ём работ, выкананых прадпрыемствамі і навуковымі падраздзяленнямі акадэміі ў 2012 годзе, ацэньваецца прыкладна ў 1 трлн. рублёў. 70% гэтых грошай — пазабюджэтныя сродкі.
У 2013 годзе ў пытанні атрымання прыбытку Акадэмія навук плануе рабіць упор на ўжо створаныя вытворчасці, вывесці іх на запланаваныя магутнасці. Стаўка робіцца на фармакалагічныя і станкабудаўнічыя прадпрыемствы.
Дзеячаў навукі, работнікаў навукова-даследчых інстытутаў і вышэйшых навучальных устаноў павіншаваў кіраўнік дзяржавы.
У віншаванні Аляксандра Лукашэнкі зазначаецца, што ў сучасным свеце галоўнай рухальнай сілай развіцця цывілізацыі з`яўляюцца "веды, нястрымны творчы дух і прага спасціжэння новага". Удасканаленне навуковай сферы, захоўванне і абагачэнне традыцый даследчых школ, а таксама ўмацаванне сувязяў вучоных з вытворчасцю Лукашэнка называе прыярытэтнымі кірункамі палітыкі Беларусі. На яго думку, менавіта дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы беларускія даследчыкі "дабіліся значных поспехаў у асваенні касмічнай прасторы, развіцці інфармацыйных і іншых высокіх тэхналогій, стварэнні ўнікальных нанаматэрыялаў, распрацоўцы найноўшых метадаў лячэння захворванняў, вырашэнні многіх актуальных праблем".
Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 27 студзеня 2013