Рашэнне штогод праводзіць рэспубліканскую акцыю "Мецэнат культуры Беларусі" змешчана ў пастанове Міністэрства культуры ад 12 лістапада 2012 года нумар 75, тэкст якой афіцыйна апублікаваны сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Прэтэндаваць на званне "Мецэнат культуры Беларусі" могуць фізічныя і юрыдычныя асобы, якія аказвалі бязвыплатную дапамогу або рабілі ахвяраванні на падрыхтоўку, правядзенне культурных мерапрыемстваў і праектаў. Заяўкі з імёнамі кандыдатаў у Міністэрства культуры падаюць упраўленні культуры абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў, дзяржаўныя арганізацыі, падпарадкаваныя Мінкультуры, гаспадарчыя таварыствы, якія адносяцца да Міністэрства культуры (толькі са згоды мецэната), або непасрэдна сам мецэнат. Заяўкі трэба накіроўваць не пазней за 1 сакавіка.
Пры выбары мецэната года будуць улічваць сацыяльную і грамадскую значнасць аказанай дапамогі, яе сістэмнасць і даўгачаснасць, а таксама памер зробленых у 2012 годзе ахвяраванняў.
Сярод асноўных задач рэспубліканскай акцыі - стымуляванне развіцця ў Беларусі мецэнацтва, прыцягненне грамадскай увагі да спонсарскай падтрымкі ў сферы культуры. У час акцыі плануецца арганізоўваць прэс-канферэнцыі, сустрэчы мецэнатаў з дзеячамі культуры і мастацтва, выстаўкі.
Правядзенне рэспубліканскай акцыі "Мецэнат культуры Беларусі" прадугледжана дзяржпраграмай "Культура Беларусі" на 2011-2015 гады.
Паводле даных Міністэрства культуры, за 2012 год на развіццё культурных праектаў у Беларусь прыцягнута каля Br12 млрд. спонсарскіх сродкаў. За кошт гэтай дапамогі падтрымліваюцца такія значныя праекты, як Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад", Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар", міжнародныя фестывалі Юрыя Башмета і Уладзіміра Співакова, акцыя "Ноч музеяў". Значная частка сродкаў выдзяляецца спонсарамі на правядзенне Дзён культуры Беларусі за мяжой, арганізацыю гастролей айчынных творчых калектываў у іншых краінах, удзел беларускіх дэлегацый у міжнародных фестывалях і выстаўках, адраджэнне помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны, арганізацыю буйных выставачных праектаў міжнароднага ўзроўню.
22 студзеня 2013, Мінск
БЕЛТА