https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


А.Лукашэнка прысудзіў прэміі "За духоўнае адраджэнне" і спецыяльныя прэміі дзеячам культуры і мастацтва 2012 года


Адпаведны ўказ Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 8 студзеня, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Рашэннем кіраўніка дзяржавы па выніках 2012 года прысуджаны 5 прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне". Імі адзначаны свяшчэннаслужыцелі, педагогі, супрацоўнікі дабрачынных арганізацый, аўтарскія і працоўныя калектывы за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы.

Сярод лаўрэатаў гэтай высокай узнагароды - аўтарскі калектыў архітэктараў-рэстаўратараў, якія распрацавалі праект рэстаўрацыі палацава-паркавага ансамбля XVI-XVIII стагоддзяў у Нясвіжы.

Прэмія таксама прысуджана дырэктару Радашковіцкай школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, Ігару Дзятлоўскаму, дзякуючы намаганням якога дзясяткі сірот выхоўваюцца ў дамашняй атмасферы, атрымліваюць адукацыю і становяцца дастойнымі грамадзянамі.

Узнагароды ўдастоена ігумення Свята-Ражджаства-Багародзічнага стаўрапігійнага жаночага манастыра ў Гродне Беларускай праваслаўнай царквы ігумення Гаўрыіла, якая ўнесла значны асабісты ўклад у духоўнае адраджэнне Беларусі, выдавецкую, духоўна-асветніцкую і дабрачынную працу па захаванню гісторыка-культурнай спадчыны.

Сярод лаўрэатаў калектыў Гомельскага абласнога дыягнастычнага медыка-генетычнага цэнтра з кансультацыяй "Шлюб і сям`я", які дасягнуў вялікіх поспехаў у зніжэнні дзіцячай смяротнасці і інваліднасці, аказанні дапамогі сем`ям, якія жадаюць стаць бацькамі, прапагандзе каштоўнасцей моцнага шлюбу і здаровых сямейных адносін.

Прэміі ўдастоены дырэктар рэлігійнай місіі "Дабрачыннае каталіцкае таварыства «Карытас» Віцебскай дыяцэзіі Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі Віталь Кульпекша, узнагароджаны за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы, захаванне і распаўсюджванне традыцый дабрачыннасці і міласэрнасці ў беларускім грамадстве.

Аляксандр Лукашэнка таксама падпісаў указ, у адпаведнасці з якім па выніках 2012 года прысуджаны 10 спецыяльных прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.

Імі адзначаны дзеячы культуры і мастацтва, пісьменнікі, педагогі, аўтарскія і творчыя калектывы, тэатры, музеі, бібліятэкі за значныя дасягненні ў галіне музычнага, тэатральнага мастацтва, мастацкай літаратуры, кінавідэамастацтва, народнай і аматарскай мастацкай творчасці, музейнай і бібліятэчнай справы, выхавання творчай моладзі.

Паколькі 2012 год быў абвешчаны ў Рэспубліцы Беларусь Годам кнігі, работы многіх лаўрэатаў прэмій так ці інакш звязаны з беларускай літаратурай і друкаваным словам.

Прэміі прысуджаны калектыву Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь і аўтарскаму калектыву тэатра студыі кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" за яркае сцэнічнае ўвасабленне твораў класікаў беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча і Кандрата Крапівы, калектывам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі - за значны ўклад у захаванне і папулярызацыю кніжнай спадчыны Беларусі і Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы - за вялікую работу па прапагандзе творчасці народнага песняра, а таксама пісьменніку Анатолю Чэбаганаву за стварэнне серыі гісторыка-дакументальных кніг "Я - сын Ваш".

Лаўрэатамі прэміі сталі тыя, хто ўнёс значны ўклад у захаванне і прапаганду культурнага і духоўнага здабытку беларусаў: калектывы Дрыбінскага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея (Магілёўская вобласць) і народнага тэатра гумару, гульні і песні "Хмелеўскія валацугі" Хмелеўскага сельскага Дома культуры Жабінкаўскага раёна (Брэсцкая вобласць), якія правялі вялікую работу па адраджэнню рамёстваў, абрадаў і народнага мастацтва сваіх рэгіёнаў. Гэтай узнагароды таксама ўдастоены калектыў Музея гісторыі горада Мінска, які стварыў экспазіцыю мастацкай галерэі Героя Беларусі, выдатнага майстра жывапісу Міхаіла Савіцкага.

Заслужанымі ўзнагародамі адзначаны дасягненні кінарэжысёра-дакументаліста Галіны Адамовіч, якая зняла фільмы пра майстроў культуры і спорту, удастоеныя ўзнагарод міжнародных кінафестываляў, і загадчыка кафедры харавога і вакальнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Альбіны Пекуцька, якая ўнесла значны асабісты ўклад у развіццё беларускай школы акадэмічных харавых спеваў.

Прыняцце ўказаў з`яўляецца яскравым сведчаннем нязменна вялікай увагі дзяржавы да пытанняў фарміравання ў беларускім грамадстве здаровай духоўнай атмасферы, захавання і прымнажэння нацыянальнага культурнага здабытку, развіцця беларускай культуры і мастацтва, выхавання любові да Айчыны, распаўсюджвання ідэй чалавекалюбства, дабрачыннасці і міласэрнасці.

8 студзеня 2013, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:08.01.2013
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:2600
 
Ключевые слова:
Президентские премии
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме