https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Няма сэнсу спрабаваць рэгуляваць пытанне пасрэдніцкай дзейнасці для прыватных прадпрыемстваў


Такое меркаванне выказаў Аляксандр Лукашэнка 12 студзеня на нарадзе аб рэгуляванні пасрэдніцкай дзейнасці, паведаміла прэс-служба прэзідэнта.
"Няхай прыватнік купляе ў каго заўгодна. Гэта яго грошы. Чаго нам у прыватнае прадпрыемства лезці? Прыватнік ніколі свае грошы проста так не аддасць", — лічыць Лукашэнка.

На нарадзе Лукашэнка запатрабаваў упарадкаваць пасрэдніцкую дзейнасць. Камітэт дзяржкантролю ўнёс на разгляд кіраўніка дзяржавы праект указа, які ўзмацняе жорсткасць пасрэдніцкай дзейнасці. Праект устанаўлівае забарону на выкарыстанне так званых пасрэдніцкіх схем пры закупках тавараў (работ, паслуг) за кошт уласных сродкаў дзяржарганізацый, а таксама акцыянерных таварыстваў з доляй дзяржавы больш чым 50%. Такія закупкі павінны ажыццяўляцца толькі ў вытворцаў тавараў або ў іх афіцыйных прадстаўнікоў.

Як праінфармаваў старшыня КДК Аляксандр Якабсон, мэта распрацаванага дакумента — максімальна выключыць удзел пасрэдніцкіх структур у працэдурах закупак, якія ажыццяўляюцца за кошт уласных сродкаў юрыдычных асоб. Пры гэтым разглядаліся розныя варыянты таго, на якія суб`екты гаспадарання ўказ павінен распаўсюджвацца. "Для буйных прадпрыемстваў краіны ўстанаўленне меркаванага ў праекце ўказа парадку ажыццяўлення закупак не будзе шокам, паколькі такая практыка ў многіх выпадках ужо ёсць, дзейнічаюць лакальныя акты, якія вызначаюць патрабаванні да ажыццяўлення закупак за кошт уласных сродкаў", — адзначыў кіраўнік КДК. Якабсон таксама заўважыў, што ў шэрагу выпадкаў, калі размова ідзе аб невялікіх партыях тавараў беларускай вытворчасці, іх закупка непасрэдна ў вытворцы можа быць нерэнтабельная. "У кожнай сітуацыі ёсць свае плюсы і мінусы. Усё-такі ў некаторых выпадках афіцыйныя дылеры павінны мець месца", — лічыць ён. "Тут трэба зайсці залатую сярэдзіну", — рэзюмаваў Лукашэнка.

У ходзе дыскусіі, як паведамляе прэс-служба, прэм`ер-міністр Міхаіл Мясніковіч завастрыў увагу ўдзельнікаў нарады на іншым баку гэтай праблемы — неабходнасці ўдасканальвання закупак тавараў па імпарце. "На наш погляд, і нашы погляды тут супадаюць з КДК, усё-такі чыстыя імпарцёры ў большай ступені паразітуюць у якасці пасрэднікаў, закупляючы імпарт і ўвозячы яго ў краіну", — сказаў ён. Так, у адпаведнасці са звесткамі статыстыкі за студзень—кастрычнік 2011 года па асноўных міністэрствах і канцэрнах імпартавана тавараў на 18,4 млрд. долараў і дадаткова на ўнутраным рынку, ужо ў рэзідэнтаў Беларусі, закуплена імпартных тавараў яшчэ на 6,1 млрд. Такім чынам, існуюць значныя рэзервы для аптымізацыі закупак, лічыць прэм`ер.

Мясніковіч унёс шэраг прапаноў па ўдасканальванні працы ў сферы рэгулявання пасрэдніцкай дзейнасці. Па-першае, узяць за аснову наяўны механізм дзяржзакупак і дапрацаваць яго, распаўсюдзіўшы і на закупкі за кошт уласных сродкаў прадпрыемстваў. Персанальная адказнасць за эфектыўнасць закупак, на яго думку, павінна быць ускладзена на міністраў, а па прадпрыемствах камунальнай формы ўласнасці — на губернатараў.

Неабходна таксама ў абавязковым парадку ўлічыць спецыфіку галінаў і забяспечыць галоснасць і празрыстасць закупак на аснове канкурэнтных працэдур.

Асобна прэм`ер-міністр прапанаваў урэгуляваць пытанні ў сферы біржавых таргоў і закупак на электронных аўкцыёнах, а таксама сферу дзейнасці гандлёва-лагістычных цэнтраў (у найбліжэйшы час у краіне іх будзе 28).

"Я не буду ўмешвацца ў гэтае пытанне. Урад прыме сваё рашэнне з улікам таго, што напрацавана. Але і адпаведная адказнасць будзе жалезная ўрада і міністраў, калі мы будзем у гэтым працэсе бачыць парушэнні, — заявіў Лукашэнка. — Прыміце рашэнне. Яно павінна ўдасканаліць або ўзняць на больш высокі ўзровень тую практыку, якая сёння існуе".

Наконт заканадаўчай працэдуры ўстанаўлення адміністрацыйнай адказнасці за парушэнні пры правядзенні арганізацыямі закупак за кошт уласных сродкаў кіраўнік дзяржавы сказаў: "Гэта пытанне ў плане адказнасці мы вырашым. Ніякая гэта не доўгая працэдура. Галоўнае тут не столькі каральная мера, колькі аптымальна ўстанавіць правілы паводзінаў".

Звяртаючыся да Якабсона, Лукашэнка адзначыў: "Трэба вам з праваахоўнымі органамі ўзмацніць нагляд за гэтай сітуацыяй. Мяне больш за ўсё хвалюе спекулятыўны складальнік. Спекулянтамі тут і правапарушальнікамі вельмі часта выступаюць сваякі, дзеці, сябры адпаведных кіраўнікоў. Гэта трэба рашуча спыніць".

"Давайце дамовімся, што на працягу лютага мы выйдзем на вырашэнне гэтага пытання", — падвёў вынік нарадзе Лукашэнка.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 12 студзеня 2012
 
Дата публикации:12.01.2012
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:2801
 
Ключевые слова:
Экономика Частное предпринимательство Посредническая деятельность Законодательство
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме