https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Калі з`явіцца спецпадраздзяленне для аховы беларускай АЭС?


На гэтае пытанне напярэдадні прафесійнага свята адказаў намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі, камандуючы ўнутранымі войскамі генерал-маёр Валерый Гайдукевіч.

Да здачы першага энергаблока беларускай АЭС яшчэ не адзін год. Тым не менш унутраныя войскі не марнуюць час і ўжо зараз думаюць пра тое, як належным чынам арганізаваць ахову будучага асабліва важнага для дзяржавы аб`екта. І не проста думаюць, а заўзята пераймаюць вопыт у Расійскай Федэрацыі, дзе маецца цэнтр для падраздзяленняў па ахове АЭС. Падчас наведванняў атамных станцый краіны-суседкі беларускія спецыялісты знаёмяцца з тэхнічнымі сродкамі аховы, якія там прымяняюцца. Так, у прыватнасці, паводле слоў галоўнакамандуючага, беларусаў вельмі зацікавілі прыстасаванні, якія фіксуюць усё, што набліжаецца да ахоўнага аб`екта.

Таксама плануецца пераняць самае лепшае і з украінскага вопыту.

— Не так даўно ў Беларусь прыязджала дэлегацыя ўнутраных войскаў Украіны, — адзначыў Валерый Гайдукевіч. — Падпісалі пагадненне аб наведванні ў бліжэйшы час украінскіх атамных станцый. Мы вельмі зацікаўлены ў падобным супрацоўніцтве, бо ў нашых калег у гэтай сферы маецца багаты вопыт.

Галоўнакамандуючы перакананы, што з дапамогай ведаў, набытых за межамі краіны, новае спецпадраздзяленне зможа на самым высокім узроўні арганізаваць ахову АЭС. Што тычыцца тэрмінаў, то воінская часць для аховы станцыі будзе сфарміравана прыкладна за год да здачы першага энергаблока, якая запланавана на 2017 год. Спачатку асабовы склад будзе размяшчацца не ў Астраўцы. Людзей туды перавядуць, калі будзе гатовы ваенны гарадок.

З дапамогай сабак канфіскавана каля 40 кілаграмаў наркотыкаў

Паводле слоў галоўнакамандуючага, летась з удзелам службовых сабак было канфіскавана каля 40 кілаграмаў наркотыкаў. Акрамя таго, ва ўнутраных войсках МУС Беларусі з`явіліся чатырохногія памочнікі для пошуку чалавечых астанкаў.

— Мы падрыхтавалі сабак, якія працуюць пры пошуку крымінальных пахаванняў, — адзначыў Валерый Гайдукевіч. — Знайсці бывае вельмі цяжка: асабліва, калі злачынства здзейснена даўно. Але, тым не менш, задача такая пастаўлена, і такія сабакі ў нас ужо ёсць у Магілёве.

Сярод новаўвядзенняў — і GSM-датчыкі ў машынах для перавозкі спецкантынгенту.

У гэтым класе, большую частку якога займае макет Астравецкай АЭС, праходзяць заняткі для будучых ахоўнікаў аб`екта.

 — Мы абсталявалі транспартныя сродкі, якія выкарыстоўваюць каравулы, GSM-датчыкамі, — адзначыў Валерый Гайдукевіч. — Таму цяпер у любы момант можам вызначыць, дзе знаходзіцца гэты транспартны сродак пры перавозцы асоб, якія ўтрымліваюцца пад вартай. Гэта для таго, каб пры ўскладненні абстаноўкі аператыўна рэагаваць на сітуацыю.

Галоўнакамандуючы таксама паведаміў, што нарады, якія працуюць у папраўчых установах, забяспечаны зараз электрашокерамі. "Мы павысілі абароненасць нашых нарадаў. Ім штодзень даводзіцца мець справу не з лепшай часткай нашага грамадства. Гэта здалёк здаецца, што ўсё проста. Насамрэч — не. Людзі, якія здзейснілі цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы, не заўсёды адэкватна рэагуюць і перавыхоўваюцца. Таму ўзнікаюць розныя праблемы".

Надзея Дрыла
Звязда, 17 сакавіка 2012

 
Дата публикации:17.03.2012
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:2460
 
Ключевые слова:
Белорусская АЭС Атомная энергетика Ядерная программа Безопасность Охрана
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме