https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Увага! Новая купюра ў 200 тысяч рублёў!


12 сакавіка Нацыянальны Банк Беларусі выпусціў у абарачэнне і прэзентаваў новы банкнот наміналам 200 тысяч рублёў узору 2000 года.
Папярэднія прагнозы беларусаў наконт выявы на купюры не спраўдзіліся: многія думалі ўбачыць там "Мінск-Арэну" альбо Нацыянальную бібліятэку, а насамрэч банкнот упрыгожаны выявай будынка Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П. В. Масленікава.

— Горадабудаўнічыя і архітэктурныя сюжэты, якія сталі ўжо традыцыйнымі, выкарыстаны і ў новым банкноце, — паведаміў Уладзімір Сянько, намеснік старшыні праўлення Нацбанка. — Так, на яго пярэднім баку адлюстраваны будынак Магілёўскага абласнога мастацкага музея, які ўзведзены ў 1903-1914 гадах.

Выбар будынка менавіта з Магілёва для аздаблення новай грашовай адзінкі быў зроблены невыпадкова: "Нам хацелася, каб у банкнотным шэрагу прысутнічалі ўсе рэгіёны краіны. А Магілёва якраз і не было", — растлумачыў прадстаўнік галоўнага банка краіны.

Свежая купюра мае новыя сучасныя візуальныя элементы аховы сусветнага стандарту, якія дастаткова проста будуць вызначацца без спецыяльнага абсталявання. Для інфармавання насельніцтва аб выглядзе новага банкнота і элементах яго аховы Нацыянальны банк выпусціць спецыяльныя буклеты і плакаты, якія будуць распаўсюджвацца ў арганізацыях гандлю, банках і гэтак далей.

Між іншым, Уладзімір Сянько заявіў, што новыя грашовыя адзінкі змогуць цалкам выконваць свае задачы. Калі спатрэбіцца — будзе дадатковы тыраж. Аднак наконт колькасці 200-тысячных купюр, якія былі ўжо надрукаваны, інфармацыя не апавяшчаецца. З`явяцца яны ў абарачэнні ў бліжэйшы час, аднак спачатку ў арганізацыях і банках, а да людзей яны патрапяць, напэўна, з новымі зарплатамі. Дзе былі надрукаваны банкноты, таксама пад сакрэтам. Дарэчы, чакаць новай купюры ў 500 тысяч не трэба: у Нацбанку сцвярджаюць, што для гэтага пакуль няма ніякіх падстаў, як і для дэнамінацыі.

Уладзіслаў Кулецкі
Звязда, 13 сакавіка 2012

Цікава:

У будынку музея першапачаткова размяшчаўся Зямельна-сялянскі банк. Пабудова з`яўляецца адной з самых прыгожых у Магілёве. У яго архітэктуры захаваліся рысы мадэрну, псеўдарускага стылю і позняга класіцызму. Дарэчы, крыж Еўфрасінні Полацкай таксама захоўваўся доўгі час у гэтым будынку.

Карысна:

Нацбанк рэкамендуе звярнуць увагу на металізаваную ахоўную нітку ныраючага тыпу з аптычным кінетычным эфектам з блокамі літар "НБ" і "РБ", якія паўтараюцца. Пры нахіле банкнота блокі "НБ" і "РБ" зрушваюцца адносна адзін аднаго. На пярэднім баку банкнота — ахоўная нітка ў выглядзе бліскучых прамавугольнікаў, што ўтвараюць пункцірную лінію. Пры разгляданні банкнота на прасвет ахоўная нітка выглядае скразной цёмнай паласой. Акрамя вадзянога знака з фрагментам лепкі столі музея, ёсць светлы элемент у выглядзе літар "НБРБ", адлюстраванне якіх на прасвет выглядае больш светлым. Яшчэ адзін элемент аховы — схаваны шматколерны вобраз: на аднаколерным полі пры нахіле банкнота з`яўляюцца літары "НБРБ", кожная з якіх мае свой колер. Пры павароце банкнота на 180 градусаў колер кожнай літары мяняецца.
 
Дата публикации:13.03.2012
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:2817
 
Ключевые слова:
Белорусский рубль Финансы Магілёў
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме