https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Калі пісаць — то па-беларуску


Так лічыць пераможца літаратурнага конкурсу "Звязды" Алена Гануліч.
Вось так бывае, калі чытаеш газету ці не з дзяцінства: начытаешся, натхнішся словам беларускім, што самому хочацца напісаць... Менавіта так у нейкім сэнсе адбылося з Аленай, якая трымала "Звязду" ў руках з малых гадоў — яшчэ яе бабуля з дзядулем выпісвалі нашу газету. Гэта ў іх стала бадай што сямейнай традыцыяй — атрымліваць інфармацыю пра свет менавіта на роднай мове. Што ж тут дзівіцца, што Алена Гануліч, якая жыве ў вёсцы Варняны Астравецкага раёна і працуе школьным псіхолагам, добра ведае нашых аўтараў — можна сказаць, што выхоўвалася са "Звяздой" у руках. А на сустрэчу з Віктарам Казько прыехала з яго кнігай — каб падпісаў пісьменнік, якога яна чытае і паважае. А тут яшчэ з яго рук узнагароду атрымала і маральную падтрымку: не пакідаць пісаць па-беларуску! А "Звязда" няхай будзе пачаткам, які, магчыма, паспрыяў далучэнню Алены да літаратурнай творчасці.
_____________________________

— У дзіцячым узросце, падлеткамі, пішуць многія. Я таксама на гэта хварэла. Крыху пісала вершы. Потым быў перыяд, калі на жыццёвым шляху не было чалавека, які б падказаў, накіраваў, — прызнаецца Алена. — І калі прыйшоў час вызначацца з будучай прафесіяй, я вырашыла, што псіхалогія мне бліжэй. І на час студэнцтва я амаль што забылася пра творчасць. А калі скончыла Гродзенскі ўніверсітэт імя Янкі Купалы, нарадзіла дзіця, вярнулася дадому — і жаданне пісаць прыйшло зноў. Седзячы ў дэкрэтным адпачынку, у вольны час (напрыклад, калі паклала спаць дачушку) хочацца нейкім чынам заняць саму сябе, самарэалізавацца. Вось у такія моманты творчасць і зрабіла прарыў у маім жыцці. А магчыма, немалую ролю адыграла і сублімацыя. Таму што выхаду энергіі не было — як творчай, так і асабістага плану. Думкі выліваліся на паперы, з гэтага нешта нараджалася. Мне вельмі дапамагла галоўны рэдактар "Астравецкай праўды" Ніна Рыбік. Яна падтрымала мае пачынанні, казала, каб я не кідала пісаць.

— Але творчасць да вас прыйшла, як вы вярнуліся ў родную вёску. Магчыма, усё ў жыцці зусім не выпадкова?..

— У мяне быў такі жыццёвы этап, калі трэба было вярнуцца дадому. Была магчымасць застацца ў горадзе. Але я адна гадую дзіця, у чужым горадзе складана жыць з малым дзіцем і спадзявацца толькі на сябе, без аніякай падтрымкі. Я вырашыла, што паехаць кудысьці я паспею. А пакуль пару гадкоў магу папрацаваць псіхолагам у вясковай школе, даць дзеткам тое, што я магу, — зрабіць крок насустрач для вырашэння іх праблем. У вясковых малых іх не менш, чым у гарадскіх дзяцей. Хутка я павінна выйсці з "дэкрэта" на працу. Але і гэтыя амаль тры гады не прайшлі дарэмна. Калі стала займацца з дачкой, паралельна хацелася працаваць і над сабой, абудзіўся творчы пачатак. Мае творы друкаваліся ў "раёнцы" — апавяданні, навелы, абразкі, крыху вершаў, публіцыстычныя нататкі, эсэ. Я не сказала б, што ў мяне багата часу для таго, каб пісаць: жыццё ў вёсцы ўсё-такі зацягвае. Нават калі азіраюся на сябе, якая я была год таму, то бачу змяненні... Тады мне хацелася вучыцца, спазнаваць новае, знаходзіць час, маленькія ўрыўкі са сну — гадзіну ці дзве ў дзень, каб неяк развівацца. Цяпер ужо не так...

— Чалавек, які пачынае пісаць, у Беларусі павінен зрабіць выбар — на якой мове. Для вас такі выбар існаваў?

— Для мяне было прынцыпова пісаць на беларускай мове, а не на рускай. Я ж даўняя чытачка "Звязды"! Чытаю, менавіта, гэтую газету, таму што тут цікавыя артыкулы, добра напісаныя аўтарамі, і фота вельмі кранальныя, прыгожыя. Але больш за ўсё прываблівае мова!..

За шчасце было, калі я сама пачала думаць па-беларуску. Доўга да гэтага ішла: выпісвала словы, якіх не ведала, запамінала іх, падкрэслівала, працавала над сабой. Рускамоўных аўтараў цяпер досыць, беларускамоўных — таксама. Праблема ў тым, дзе надрукавацца. Асабліва калі ты з правінцыі. Магчыма, я не маю рацыі, але, здаецца, людзям гарадскім прасцей...

Я для сябе размяжоўваю нашу сучасную літаратуру на тую, якая нараджаецца і існуе ў глыбінцы, і літаратуру больш маштабную, якую ствараюць прафесійныя пісьменнікі, паэты. На сваёй радзіме я ўваходжу ў літаратурнае аб`яднанне "Астравецкай зямлі галасы". У нас сабраліся цікавыя асобы, але шкада, што ў асноўным гэта людзі сталага ўзросту. У іх трошкі іншыя інтарэсы ў той жа літаратуры — усё-такі мы да розных пакаленняў належым. Пра ўсе літаратурныя публікацыі, пра новых аўтараў я даведваюся праз сеціва. І пра конкурсы — таксама. На адзін конкурс, які ладзіўся для маладых літаратараў, трэба было даслаць верш на вольную тэму. Я паслала верш "Карані". Потым даведалася праз сеціва, што выйшла ў фінал. Неўзабаве мой верш надрукавалі ў невялічкім зборніку сярод 13 аўтараў. Прыемна: першыя крокі раблю, а ўжо ў кніжку трапіла! Задума кнігі "Мільён непатрэбных гукаў" была ў тым, што нібыта глуханямыя людзі дэкламуюць вершы сваёй мовай — рукамі. На вокладцы фотаздымак чалавека, які каля вуснаў трымае палец. Мая дачка паглядзела і кажа: тут мамін верш, а дзядзя не ўмее яго казаць. Яна ўжо робіць свае высновы. І вельмі чула ўспрымае беларускую мову.

— Вы выхоўваеце дачку па-беларуску?

— Так, гэта свядомае рашэнне. Яна разумее розніцу, калі гавораць па-беларуску і па-руску. Я дзесьці чытала, што веданне дзвюх моў у дзетак стымулюе развіццё клетак галаўнога мозга, нібыта яны тады хутчэй усё разумеюць.

Але ёсць пэўныя цяжкасці для бацькоў, якія абралі беларускамоўнае выхаванне для дзяцей: напрыклад, беларускамоўных мультфільмаў жа адзінкі!.. Я купляю ёй беларускамоўныя кніжкі. Але для самых маленькіх дзетак да трох гадоў беларускамоўных кніжак амаль не знойдзеш. Ёсць у нас кніжкі рускамоўныя, таму што яны каляровыя, яркія, прыемна іх разглядаць. Дачушка разглядае, а я чытаю ёй адразу ў перакладзе...

— А на якой мове кантактуеце з іншымі членамі сям`і?

— На беларускай. Не магу сцвярджаць, што гэта бездакорная беларуская — трапляюцца, вядома, рускія словы. Але я кажу, што вучуся разам з дачкой, пакуль увесь асабісты час я з ёй праводжу. Яна мяне здзіўляе, я яе здзіўляю. І маці мяне ў гэтым падтрымлівае. У мяне простыя бацькі: маці працуе транспартным інспектарам на мытні, а тата — былы спартсмен, трэніруе дзетак, праўда, ён жыве асобна ад нас. Я вельмі ўдзячная маці: яна прыняла мой выбар, дарэчы, і сама захапілася. Яна першы чалавек, з якім я дзялюся напісаным, і першы мой рэцэнзент. Падабаецца — не падабаецца, зачапіла ці не — матуля заўсёды знойдзе патрэбныя словы.

Што ні кажыце, а нездарма ў нас ёсць выраз "матчына мова"...

Ларыса Цімошык
Звязда, 1 лютага 2012
 
Дата публикации:01.02.2012
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:3669
 
Ключевые слова:
Воспитание детей Белорусский язык
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме