https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Да юбілею Купалы і Коласа ў наступным годзе Таварыства беларускай мовы прапануе выдаць "Правілы дарожнага руху" па-беларуску


Гісторыкі кажуць, што нейкае падабенства правілаў дарожнага руху існавала з 30-х гадоў, праўда, магчыма, на ўзроўні інструкцый.
Але ў ХХІ стагоддзі дарожны рух павінен быць узорна-культурным. Культурна — гэта калі інфармацыя да людзей можа больш даходліва даводзіцца на роднай мове. І таму...

— "Правілы дарожнага руху" былі перакладзеды ТБМ пры ўдзеле энтузіястаў, — тлумачыць старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў. — Мы гатовы выдаць пераклад кніжкай. Але мала выдаць неафіцыйны пераклад, трэба дабіцца, каб быў афіцыйны пераклад у выглядзе беларускамоўнага варыянту.

"Правілы дарожнага руху", якія існуюць, — самі па сабе не надта простыя для разумення і засвойвання, напісаныя грувасткай канцылярскай мовай. Але наша беларуская мова больш дакладная. Яна не такая штучная, таму што руская мова калісьці стваралася як эсперанта — раней з беларускай, а пазней з нямецкай і французскай запазычваліся словы. І атрымалі тое, што маем. Па-беларуску можна ўсё сказаць прасцей...

— Важна, калі рыхтуецца версія правілаў на рускай мове, каб падключалі групу спецыялістаў, якія будуць адразу распрацоўваць асобную версію на беларускай, — мяркуе Алена Анісім, намеснік старшыні ТБМ. — Дарэчы, як і пры падрыхтоўцы любога закона, нядрэнна, каб адразу падключалі спецыялістаў з беларускай мовай. Чаму? Напрыклад, калі мы перакладалі "Правілы дарожнага руху", павінны былі ісці за тымі фармулёўкамі, якія існуюць на рускай мове і якія сталі законам. І гэта вельмі часта гучыць недакладна, непрыгожа, не па-беларуску. Напрыклад, мы абіраем слова "кіроўца", а не вадзіцель. Таму што ад гэтага слова потым утвараюцца іншыя словы, якія ёсць у правілах. Уявіце сабе выраз "ваджэнне транспартнага сродку". Іншая справа— "кіраванне транспартным сродкам". Задача насамрэч не ў тым, каб механічна перакласці ПДР, абы толькі прадукт з`явіўся. Патрэба ў тым, каб гэта было сапраўды для людзей, а не насуперак ім. Чаму наогул важны такі пераклад? Важна, каб мова ўвесь час была ў грамадстве, каб ёю карысталіся.

— У нас, як у людзей, якія карыстаюцца "Правіламі дарожнага руху" ў жыцці, пажаданне: наогул пісаць правілы прасцей, — кажа Юрась Гяцэвіч, адзін з ініцыятараў перакладу і актыўны ўдзельнік. — Увесь час у правілы ўносяцца нейкія ўдакладненні. Фармулёўкі нагрувашчваюцца. Сказы доўгія, складаныя. Пакуль дачытаеш нейкі пункт да канца — думка можа згубіцца. Гэта не проста не толькі для кіроўцаў, але і для інструктараў, якія выкладаюць. А магчыма, і для інспектараў ДАІ. Я з гэтым сутыкаўся, таму што два разы здаваў правілы: адзін раз на катэгорыю "А", другі — на катэгорыю "Б". Можа, таму і ўзнікла думка зрабіць пераклад: па-беларуску ўсё ўспрымаецца прасцей, бо наша мова гэта дазваляе. Насамрэч, калі мы з жонкай Святланай браліся за гэта, то думалі пра тое, што нашы дзеці калі-небудзь будуць вывучаць правілы па-беларуску.

Беларускамоўная версія ПДР прайшла экспертызу ў Інстытуце мовы і літаратуры імя Янкі Купалы і Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У заключэнні гаворыцца: "Правілы дарожнага руху Рэспублікі Беларусь" практычна выкарыстоўваюцца ў розных сферах жыцця беларускага грамадства. Несумненна, яны павінны існаваць на дзвюх дзяржаўных мовах Рэспублікі Беларусь — беларускай і рускай. Таму пераклад "Правілаў дарожнага руху", выкананы спецыялістамі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны", з`яўляецца вельмі запатрабаваным і актуальным".

Кніжка з "Правіламі дарожнага руху" можа выйсці пасля праверкі ў Цэнтры прававой інфармацыі, дзе таксама ствараецца беларускамоўная версія ПДР. Значыць, сапраўды, наспела...

Ларыса Цімошык
Звязда, 14 снежня 2011
 
Дата публикации:14.12.2011
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:4424
 
Ключевые слова:
Правила дорожного движения Беларуская мова
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме