https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што Беларусь справіцца з цяперашнімі праблемамі


Пра гэта ён заявіў 9 снежня, выступаючы на з`ездзе БРСМ у Мінску.
"На жаль, ёсць і такія, хто любіць ныць і запэўніваць усіх, што нічога добрага не будзе і перспектывы цёмныя. Але можна ўспомніць, што ў сярэдзіне 90-х краіна ляжала на дне бездані, і ніхто не думаў, што мы тады ўзнімемся. Былі часы, калі выплата нават мізэрнай пенсіі лічылася вялікім шчасцем, калі многія сем`і думалі не пра растаможку другой іншамаркі, а пра тое, што яны будуць заўтра есці на абед", — цытуе афіцыйнага лідара дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА.

"Але мы выкараскаліся, выстаялі. І калі мы адолелі тыя праблемы, якія тады здаваліся невырашальнымі, то ці ж ёсць сумненні ў тым, што мы справімся і зараз?!" — упэўнены Лукашэнка.

"Будучыню будаваць менавіта вам — вашаму актыву, усёй нашай моладзі. Але для гэтага кожны з вас павінен зразумець: нічога ў свеце не даецца без цяжкай працы і выпрабаванняў, не бывае лёгкага хлеба, а тое, што ім здаецца, потым аказваецца звычайным сырам у мышалоўцы", — мяркуе ён.

"Рыхтуйцеся жыць у новым свеце — без самападману і ружовых акуляраў, у свеце самай жорсткай канкурэнцыі, дзе няма месца ні расслабленасці, ні ўтрыманству", — заклікаў кіраўнік дзяржавы.

Як зазначыў Лукашэнка, "сусветны крызіс яшчэ раз пацвердзіў старую ісціну — толькі праца і інтэлект нараджаюць багацце, а банкаўскія пухіры могуць толькі стварыць ілюзію росквіту, але яна абавязкова лопне".

"Драма агульнаеўрапейскага крызісу, якая зараз разгортваецца перад нашымі вачамі, таксама ў значнай ступені звязана са звычкай жыць не па сродках, — мяркуе ён. — Калі паглядзець на трыльёны долараў, што запускаюцца ў абарот ЗША, і сотні мільярдаў еўра, якія бяздумна ўкідваюцца еўрапейцамі ў топку сусветнага фінансавага пажару, то становіцца не па сабе".

Лукашэнка падкрэсліў, што "менавіта гэтак званы цывілізаваны свет шмат гадоў таму пачаў будаваць фінансавую доларавую піраміду, і менавіта развітыя краіны атрымалі ад яе ў свой час найбольшую выгаду". "Але казак не існуе. Следам за бумам здарыўся крах, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Культ грошай — гэта падманны кумір, які не прыносіць шчасця, а толькі занявольвае чалавека".

Ён упэўнены, што працвітаюць толькі тыя нацыі, якія засноўваюць сваё жыццё на працы. "Не шукайце лёгкага хлеба і не ганіцеся за сляпой удачай. Вучоба і праца — вось формула, якая прынясе вам жыццёвы поспех і зробіць з вас дастойных грамадзян нашай Айчыны", — сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да ўдзельнікаў з`езда.

Асабліва ён зазначыў, што "дзяржава не ўсё можа зрабіць за чалавека, а калі і магла б, то гэтага рабіць нельга, таму што ў канчатковым рахунку будзе горш самім людзям". "Калі ўсё падаецца на талерачцы, то знікае стымул да працы. Знікае творчасць. А значыць, падае канкурэнтаздольнасць цэлай краіны", — мяркуе кіраўнік дзяржавы.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 9 снежня 2011
 
Дата публикации:09.12.2011
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:3403
 
Ключевые слова:
Съезд БРСМ Молодёжь Беларуси Мировой финансовый кризис
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме