https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


На пашыраным пасяджэнні прэзідыума Саўміна Беларусі разглядаюцца канчатковыя праекты прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2012 год


Пра гэта Аляксандра Лукашэнку праінфармаваў прэм`ер-міністр Міхаіл Мясніковіч перад пачаткам пасяджэння, паведаміла прэс-служба прэзідэнта.
На сённяшнім пашыраным пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў будуць разглядацца канчатковыя праекты прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, бюджэту і грашова-крэдытнай палітыкі краіны на 2012 год.

На нарадзе 22 лістапада Лукашэнка даручыў ураду і Нацыянальнаму банку да сярэдзіны снежня падаць яму канчатковыя праекты прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, бюджэту і асноўных кірункаў грашова-крэдытнай палітыкі на 2012 год. Ён запатрабаваў, каб за аснову былі прынятыя праекты, прадстаўленыя прэм`ер-міністрам, з ростам ВУП на 5—5,5%.

Макраэканамічны прагноз быў ухвалены прэзідыумам Савета міністраў 3 лістапада. 8 лістапада ён абмяркоўваўся ў пашыраным складзе, на пасяджэнні ўрада. Рост ВУП у 2012 годзе быў прадугледжаны на ўзроўні 1—1,5%, інфляцыя — 19%, станоўчае сальда знешняга гандлю — у памеры 3% ВУП. Аднак Лукашэнка на нарадзе 22 лістапада рэзка раскрытыкаваў такі прагноз: "Дапрацоўвайце гэтыя дакументы. Дашліфуйце, зрабіце як трэба. І зыходзіць з 5—5,5% росту ВУП. Прэм`ер-міністр ведае мае патрабаванні — лічыце. Хто не згодны і не можа — калі ласка, мы знойдзем іншую працу. Але пасля таго як я пастаўлю свой подпіс пад гэтым дакументам, усе бегаюць па краіне і кажуць: гэта рэальна, гэта выгада, наперад, мабілізацыя. А не балбатня ў сродках масавай інфармацыі. Крый божа мне толькі скажуць іншае".

Мясніковіч 6 снежня праінфармаваў Лукашэнку, што прырост валавага ўнутранага прадукту запланаваны на ўзроўні 5,2—5,5%. Урад мяркуе, што замест раней запланаванага станоўчага сальда ў памеры 500 млн. долараў за кошт росту экспарту яно можа скласці 1,5 млрд. долараў, што "будзе забяспечваць стабілізацыю на валютным і спажывецкім рынках і ў некаторай ступені стрымліваць інфляцыйныя працэсы".

Кіраўнік урада праінфармаваў таксама Лукашэнку пра дасягнутыя дамоўленасці падчас візіту ў М`янму і В`етнам. Падпісана 15 пагадненняў міжурадавага, міжведамаснага характару, заключана 10 кантрактаў на 275 млн. долараў. Лукашэнка даў даручэнні адносна механізму рэалізацыі дамоўленасцяў, у выніку якіх прадугледжваецца маштабнае ўваходжанне Беларусі на рынак Паўднёва-Усходняй Азіі. Ён акцэнтаваў увагу на неабходнасці ствараць сумесныя прадпрыемствы, адпаведную прадстаўнічую інфраструктуру з тым, каб праз капітал уваходзіць на рынак Паўднёва-Усходняй Азіі, "не абмяжоўваючыся разавымі і эпізадычнымі пастаўкамі тавараў".

Акрамя таго, на сустрэчы ішла гаворка пра фарміраванне кіруючых органаў АЭП. Цяпер ідзе размеркаванне функцыянальных паўнамоцтваў сярод службовых асоб, якіх плануецца накіраваць для працы ў гэтыя структуры, у тым ліку па квоце Беларусі.

Прэзідэнт таксама праінфармаваны пра вынікі міжнароднага конкурсу, які праводзіўся па Петрыкаўскім радовішчы калійных соляў. Лукашэнка даручыў унесці найбліжэйшым часам праект адпаведнага ўказа, каб да мая будучага года ўсе неабходныя дакументы, такія як крэдытнае пагадненне, інвестыцыйны дагавор і іншыя, былі прынятыя ў пакеце і пачалася практычная праца.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 6 снежня 2011
 
Дата публикации:06.12.2011
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:3295
 
Ключевые слова:
Стабилизация экономики Бюджет Беларуси-2012
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме