https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Аб нязменнасці маральных нормаў сцвярджаюць удзельнікі канферэнцыі па праваслаўна-каталіцкім дыялогу


Другі дзень міжнароднай канферэнцыі ў Мінску па праваслаўна-каталіцкім дыялогу быў прысвечаны пошуку адказаў хрысціянскай этыкі на выклікі сучаснага свету. Сярод актуальных праблем — дэсакралізацыя маральнасці, міграцыя, пытанні біяэтыкі, рэлігійны плюралізм.
З дакладамі на сімпозіуме, між іншым, выступілі Генеральны сакратар ККББ біскуп Антоні Дзям’янка і арцыбіскуп Агостыно Маркетто, сакратар Папскай рады пастырства эмігрантаў і падарожнікаў.

Дадзеная, ужо сёмая, канферэнцыя па праваслаўна-каталіцкім дыялогу, прысвечана хрысціянскім этычным каштоўнасцям як унёску ў сацыяльнае  жыццё Еўропы.

«Маральныя нормы нязменныя, яны не залежаць ад сітуацыі. Наадварот: сітуацыя павінна залежаць ад іх», — адзначыў архіепіскап Тульчынскі і Брацлаўскі Іанафан (Украінская Праваслаўная Царква). Пры гэтым іерарх дадаў, што дзяржава падлягае тым жа маральным нормам, што і кожны чалавек паасобку. Але сучасны свет імкнецца абмежавацца ад гэтых нормаў, таму ўсё часцей узнікае пытанне аб тым, ці здолее «выжыць» хрысціянства.

Пытанне «быць ці не быць», на думку праваслаўнага іерарха, стаяла яшчэ перад старажытным Рымам. Але ён здолеў захаваць сябе, бо пайшоў за Хрыстом.

Як адзначыў архіепіскап, выклікі пабудзілі Каталіцкі Касцёл і Праваслаўную Царкву да больш актыўнага дыялога. Перад абліччам сучасных тэндэнцый католікі і праваслаўныя знаходзяцца ў адной лодцы.

Біскуп Дзям’янка прысвяціў даклад ролі індывідуальнага і агульнага апостальства. Іерарх распавёў пра тое, што за многія гады камуністычнага рэжыму актыўнасць свецкіх вернікаў Беларусі ў жыцці Касцёла была зведзена амаль да нуля.

«Місія хрысціяніна заключаецца ў дзейнасці, накіраванай на захаванне міру», — адзначыў іерарх, дадаўшы, што ў аснове апостальскай дзейнасці знаходзіцца вера, надзея і любоў. Як падкрэсліў біскуп Дзям’янка, свет больш ахвотна слухае сведкаў, чым настаўнікаў. Як для католікаў, так і для праваслаўных існуе шэраг сфер, у якіх яны могуць праявіць сваю актыўнасць.

Важнае пытанне міграцыі і адказ на яго ў Каталіцкай і Праваслаўнай Цэрквах закранулі арцыбіскуп Агостыно Маркетто і Леонс Тайванс, загадчык аддзялення ўсходазнаўства Латвійскага ўніверсітэта. У дадзеным пытанні не ўсё так проста, бо колькасць эмігрантаў у Еўропу, выкліканая «Арабскай вясной», ставіць перад захаваннем хрысціянства ўсё больш пытанняў. Таму  Апостальская Сталіца імкнецца навучыць еўрапейцаў паважаць правы эмігрантаў. Як падкрэсліў арцыбіскуп Маркетто, у гэтай справе вельмі патрэбны міжрэлігійны дыялог, каб навучыцца жыць разам, а не проста суіснаваць. Недастаткова талерантнасці, трэба слухаць адно аднаго, паважаць, давяраць. Менавіта так, на думку каталіцкага іерарха, выглядае шлях да дыялога.

Усе пытанні патрабуюць сумеснага пошуку адказаў. Удзельнікі канферэнцыі спадзяюцца, што тут, у Мінску, змогуць знайсці вырашэнне многіх праблем і зробяць крок на шляху абароны хрысціянскіх каштоўнасцяў.
________________________________________
VII Міжнародная канферэнцыя «Праваслаўна-каталіцкі дыялог: хрысціянскія этычныя каштоўнасці як уклад у сацыяльнае жыццё Еўропы» праходзіць у Мінску  13–15 лістапада 2011 г. Удзел у працы прымае старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох.

Святлана Жылевіч
catholic.by, 14 лістапада 2011
 
Дата публикации:14.11.2011
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:4112
 
Ключевые слова:
Христианство Религия Православно-католический диалог Международная конференция Мінск
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме