https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выступае за далейшую інтэграцыю праваахоўных органаў краін СНД і настройвае ўсіх на захаванне і ўмацаванне супрацоўніцтва


Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы з удзельнікамі пасяджэння Савета міністраў унутраных спраў СНД.
Першая такая сустрэча ў фармаце Савета кіраўнікоў МУС адбылася ў лютым 1992 года ў Мінску. А на гэты раз Беларусь прымае ўжо пяцідзясятае, юбілейнае пасяджэнне савета. "Такая доўгая гісторыя прадстаўнічага форуму кіраўнікоў МУС паказвае выключную важнасць кансалідацыі намаганняў супрацоўнікаў праваахоўных органаў для забеспячэння бяспекі, абароны канстытуцыйных правоў і інтарэсаў грамадзян усіх краін Садружнасці", - сказаў Прэзідэнт.

"МЫ, МУЖЫКІ, МОЖАМ АДКРЫТА АБ ГЭТЫМ ГАВАРЫЦЬ". Аб недапушчальнасці пошуку скарацечнай выгады

Аляксандр Лукашэнка ў самым пачатку сустрэчы адзначыў, што ў час размовы з кіраўнікамі сілавых ведамстваў СНД або АДКБ заўсёды вядзе сумленную, адкрытую і прынцыповую размову. Так было і на гэты раз - Прэзідэнт адразу сказаў пра галоўнае: "Рыхтуючыся да нашай сустрэчы, падумаў пра галоўнае. І хачу аб гэтым сказаць. Мы, мужыкі, можам адкрыта аб гэтым гаварыць. Апошнім часам склалася такая сітуацыя, у тым ліку і ў сувязі з правядзеннем СВА ва Украіне, што многія - і кіраўнікі, і сілавікі, чаго быць катэгарычна не павінна, - пачалі нейкую для сябе выгаду ў гэтым шукаць".

"Вы ведаеце, мужыкі, зыходзячы са свайго досведу, скажу, што жыццё такое бурнае цяпер і вельмі зменлівае. Многія шукаюць выгаду, у тым ліку адыходзячы ад агульнага нашага, створанага ў савецкі час трэнду развіцця. Некаторыя (думаюць.): "Далей ад Расіі будзем трымацца, яна пад санкцыямі. Мы неяк баімся трапіць пад іх і гэтак далей... Шукаем сваю выгаду". Не рабіце гэтага", - заклікаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што жыццё вельмі зменлівае, і ніхто не ведае, як складзецца сітуацыя. "Хто яго ведае, што будзе заўтра з намі, з нашымі дзяржавамі, і ці не давядзецца да той жа Расіі звярнуцца па дапамогу. А апошнія падзеі сведчаць аб тым, што нікому мы не патрэбны. Ні Расія, ні мы з вамі і гэтак далей. Нам трэба трымацца разам", - сказаў Прэзідэнт.

"Можа скласціся сітуацыя так, што любая з нас - дзяржава - без гэтага адзінства не абыдзецца. І калі мы сёння гэта не зразумеем, з намі разбяруцца паасобку. Але калі рухне Расія - мы ў гэту варонку ўсе будзем уцягнуты", - падкрэсліў беларускі лідар.

"ТРЭБА АБАВЯЗКОВА НЕЙКУЮ ВАЙНУШКУ РАЗВЯЗАЦЬ". Аб ненадзейнасці "сусветнага гегемона"

Аб важнасці захавання і развіцця напрацаванага ўзроўню ўзаемадзеяння паміж праваахоўнымі органамі Аляксандр Лукашэнка расказаў, прывёўшы ў якасці прыкладу канкрэтныя працэсы ў сусветнай геапалітыцы.

"Быццам бы, выбудавалася палітыка ЗША ў свеце за апошнія чатыры гады пры цяперашнім Прэзідэнце (Джо Байдэне.). Вызначана: гэтыя - сябры, гэтыя - ворагі, гэты - сукін сын, але наш, гэты - чужы. Улада зменіцца - будзе, як у Афганістане. Дакладна будзе. Гэта не першы раз. Ім для таго, каб уладу памяняць, трэба абавязкова нейкую вайнушку развязаць. Не дай бог яны выкарыстаюць канфліктную сітуацыю на Блізкім Усходзе для развязвання новай сусветнай вайны. Яны і на гэта гатовы пайсці", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Я, барані бог, не агітую вас супраць ЗША ці нейкіх вашых традыцыйных саюзнікаў. Вы з усімі павінны сябраваць і выбудоўваць адносіны, хто гэтага хоча. Але не страчвайце тое, што мы стварылі за апошнія гады (размова аб даверным супрацоўніцтве.). Гэта шмат у чым залежыць ад нас - сілавікоў. Шмат у чым залежыць. Я аб гэтым падумаў, ідучы на гэту сустрэчу", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

"АДЗІН АДНАМУ МОЖАМ СУР`ЁЗНА ДАПАМАГЧЫ". Аб далейшай інтэграцыі праваахоўных органаў

"Наша раўнапраўнае партнёрства, якое мы стварылі, падмацаванае добрай дагаворнай базай, праверанае часам, сфармавана на прынцыпах адкрытасці, даверу і ўзаемадапамогі. Ніхто з вас не паднімецца і не скажа, што тут міністр унутраных спраў Расіі, дапусцім (вялікай Расіі, сусветнай дзяржавы), на кагосьці націснуў. Ды не. Хутчэй за ўсё - падтрымка, якая аказваецца па ўсіх напрамках, пачынаючы ад інфармавання да сілавога складніка. Поўная падтрымка, наколькі гэта магчыма. Зноў жа, гэта сведчыць на карысць нашага супрацоўніцтва з вамі", - адзначыў на сустрэчы кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што за гады сумеснай работы бакі не раз пераконваліся: толькі разам можна максімальна эфектыўна процістаяць глабальным, трансгранічным, а таксама ўнутраным пагрозам.

"Таму што побач - сябры, саратнікі, якія заўсёды падставяць плячо. З боку Беларусі вы атрымаеце толькі гэта. Мы заўсёды будзем, наколькі магчыма і немагчыма, падтрымліваць і супрацоўнічаць з усімі вамі. Калі ёсць жаданне, мы адзін аднаму можам сур`ёзна дапамагчы ў вельмі складаных сітуацыях, - запэўніў Аляксандр Лукашэнка. - Міністэрствы ўнутраных спраў краін СНД - гэта, па сутнасці, шчыт для добрапрыстойных грамадзян і меч для злачыннага свету. Але толькі калі мы будзем разам. Зыходзячы з гэтага, Беларусь заўсёды выступала і выступае паслядоўным прыхільнікам інтэграцыі ў рамках Садружнасці Незалежных Дзяржаў, у гэтым выпадку - далейшай інтэграцыі праваахоўных органаў".

"ЗАДАЧЫ СТАЯЦЬ СУР`ЁЗНЫЯ". Аб галоўным для праваахоўнікаў краін СНД

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што задачы перад праваахоўнымі ведамствамі стаяць сур`ёзныя. Аляксандр Лукашэнка абазначыў некаторыя з іх у сваім уступным слове.

Першая задача заключаецца ў забеспячэнні законнасці, міру, парадку і стабільнасці ў дзяржавах.

"Мы вельмі добра бачым, як сёння нашы краіны спрабуюць пасварыць і раскалоць знутры. Мы знаходзімся пад прэсам абсалютна незаконных аднабаковых эканамічных санкцый. Супраць нашых народаў вядзецца перманентная гібрыдная вайна. І кожная з краін СНД перажыла ўжо хаця б адну каляровую рэвалюцыю, якая па сваёй сутнасці з`яўляецца спробай дзяржаўнага перавароту", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён упэўнены ў тым, што апаненты не пакінулі ў спакоі слабыя месцы ў краінах Садружнасці і пастаянна будуць на гэтым іграць. "Вось паглядзіце. Я ўжо раней папярэджваў", - перасцярог кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт заявіў, што не стала выключэннем і Беларусь, дзе ў 2020 годзе зрабілі спробу мяцяжу і хацелі "штурмам перавярнуць краіну". "Разлічвалі, як фашысты, на бліцкрыг. Дзейнічалі па вядомых метадычках. Мы тады не дапусцілі развалу краіны і пачатку ў ёй грамадзянскай вайны. І зрабілі шэраг радыкальных крокаў па змяненні сітуацыі ў Беларусі", - заўважыў беларускі лідар.

Другая важнейшая задача - процідзеянне тэрарызму. Размова як пра ўнутраны, так і знешні тэрарызм, які набірае абароты асабліва ў сувязі з дзейнасцю Захаду (перш за ўсё ЗША) ва Украіне.

"Барацьба з тэрарызмам - гэта для нас важнейшая задача. Я заўсёды свайму міністру гавару: без міліцыі мы нічога не зробім", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт адзначыў, што ў МУС усе - ад участковага да міністра - валодаюць поўнай інфармацыяй аб аператыўнай абстаноўцы ў краіне, таму ад іх работы і правільных дзеянняў вельмі шмат залежыць у любой краіне.

"Галоўнае - атрымаць папераджальную інфармацыю. Калі яна ад вас паступае, значыць, мы пачынаем дзейнічаць", - растлумачыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што міжнародны тэрарызм выкарыстоўвае найноўшыя тэхналогіі і медыярэсурсы для прапаганды сваёй дзейнасці. "Эфектыўная барацьба з гэтым злом патрабуе комплекснага падыходу, што ўключае палітычныя, сацыяльныя, эканамічныя меры, развіццё міжнароднага супрацоўніцтва, абмен інфармацыяй. Толькі разам мы зможам гэтаму процістаяць", - заявіў Прэзідэнт.

Трэцяя задача - барацьба з кіберзлачынствамі. Яна ўваходзіць у лік ключавых і вельмі няпростых задач для праваахоўнікаў краін СНД і актуальная для ўсіх краін. Бо пасля пачатку правядзення СВА актывізаваліся цэнтры махляроў, у тым ліку і кол-цэнтры, дзеючыя на тэрыторыі Украіны, канстатаваў Прэзідэнт. "Адтуль яны нас атакуюць і вас", - заўважыў ён.

Таксама ўзрасла колькасць спроб дэстабілізацыі работы дзяржорганаў шляхам заведама лжывых паведамленняў аб мініраванні важнейшых дзяржаўных аб`ектаў. Стала больш махлярстваў у адносінах да звычайных грамадзян.

"Асабліва ў гэтым годзе неяк мы спрабуем змяніць (і па фактах я бачу - атрымліваецца) сітуацыю з кіберзлачынствамі, - сказаў Прэзідэнт. - Але Беларусь - не ліберальная, а дысцыплінаваная краіна, дзе яшчэ людзі чуюць, калі ім раяць: не лезце. Асабліва старыя. Не лезце ў гэтыя гульні з рознымі махлярамі ў тэлефонах, айфонах і гэтак далей".

На тэрыторыі іншых краін СНД таксама ёсць падобныя праблемы. Таму, лічыць Прэзідэнт, практыка барацьбы з такім злом будзе цікавы ўсім.

"МЫ - НАШЧАДКІ ПЕРАМОЖЦАЎ". Аб святкаванні 80-годдзя Перамогі і агульнай гісторыі

У парадку дня пасяджэння СМУС СНД адной з важных тэм вызначана святкаванне 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. "Дзень Перамогі - самая памятная і ўрачыстая дата ў нашай агульнай гісторыі, - падкрэсліў ён. - Яна сімвалізуе адзінства і мужнасць савецкіх народаў перад тварам фашызму - страшэннай пагрозы ўсяму чалавецтву".

І наконт гэтага сцвярджэння ў краінах СНД няма ніякіх разыходжанняў, заўважыў Прэзідэнт. "Усе народы Савецкага Саюза ваявалі і тысячамі гінулі на франтах. Больш таго, народы Цэнтральнай Азіі далі прытулак тысячам і мільёнам грамадзян тых тэрыторый, якія былі акупаваны ў першыя гады фашыстамі", - сказаў беларускі лідар.

На пасяджэнні форуму кіраўнікоў МУС у Мінску да юбілейнай даты павінна быць прынята адпаведная заява. Яна, падкрэсліў Прэзідэнт, стане не толькі данінай памяці дзясяткам мільёнаў ваеннаслужачых і мірных савецкіх грамадзян, якія загінулі дзеля таго, каб жылі цяперашнія пакаленні. "Гэта будзе зварот да наступных пакаленняў з заклікам свята берагчы гістарычную памяць і галоўнае - праўду аб страшэннай вайне. Ніколі не забываць, што мы - нашчадкі Пераможцаў, і гэта вялікі наш здабытак", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"БУДЗЕМ РАЗАМ - НІЯКІЯ КАЛЯРОВЫЯ РЭВАЛЮЦЫІ НАМ НЕ СТРАШНЫЯ". Аб важнасці адзінства

Прэзідэнт звярнуў увагу, што пры адзінстве па такім важным пытанні, як святкаванне 80-годдзя Перамогі, у краінах Садружнасці бываюць рознагалоссі па іншых пытаннях. Таму Аляксандр Лукашэнка заклікаў усе бакі, і праваахоўнікаў у тым ліку, захоўваць адзінства дзеля забеспячэння бяспекі і стабільнасці ў рэгіёне.

"Давайце будзем сур`ёзна дзейнічаць па асноўных напрамках работы міністэрстваў унутраных спраў. Яны дакладна выкрышталізаваны жыццём, яны вызначаны, і вось там трэба прымаць нам рашэнні. Калі мы прынялі рашэнне, давайце ў гэтым напрамку будзем дзейнічаць усе разам", - сказаў ён.

"Не дай бог, каб у нашых краінах, у вашых незалежных дзяржавах адбылося нешта сур`ёзнае, калі трэба было б дзейнічаць у поўным маштабе сілавых структур. Але мы ад гэтага не застрахаваны. Будзем разам - ніякія каляровыя рэвалюцыі і іншыя мяцяжы нам не страшныя", - заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падзякаваў удзельнікам сустрэчы за гатоўнасць да супрацоўніцтва, за імкненне і далей актывізаваць сумесныя намаганні для забеспячэння бяспекі і аховы правапарадку. "Вы павінны ведаць: мы заўсёды гатовы прыйсці да вас па дапамогу, дзейнічаць адэкватна. Толькі давайце па дробязях сварыцца не будзем. Гэта заўсёды накладае ненармальны адбітак на нашу работу", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы толькі за тое, каб мы былі разам. Мы хочам быць з вамі разам. У адваротным выпадку нас паасобку парвуць, падзеляць, і ўладныя людзі (вы ведаеце, хто гэта) возьмуць нас цёпленькімі, не прыклаўшы для гэтага ніякіх намаганняў. Таму давайце будзем разам", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

8 жніўня 2024, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:08.08.2024
Тематика:Сяброўства, В мире
Просмотров:183
 
Ключевые слова:
СНГ МВД Национальная безопасность 80-летие Победы Сотрудничество Цветные революции Геополитика Терроризм Киберспреступность
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме