https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Аляксандр Лукашэнка: «Мы працавітыя народы і гатовы сваё шчасце самі шукаць і знаходзіць»


Галоўнай падзеяй афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ва Узбекістан сталі перагаворы з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым. Месцам для перагавораў двух лідараў выбраны загарадны комплекс «Куксарой» — дзеючая дзяржаўная рэзідэнцыя Прэзідэнта Узбекістана.
У аснове адносін — руплівыя людзі

У час перагавораў у пашыраным складзе Аляксандр Лукашэнка ў першую чаргу падзякаваў узбекскаму боку за традыцыйна цёплы прыём дэлегацыі і трапяткое стаўленне да беларусаў. «Я вельмі цаню гэта. У нас з вамі абсалютна даверлівыя, сяброўскія адносіны. Напэўна, ужо больш даверлівых не бывае», — заявіў Прэзідэнт.

«Мы з вялікай цікавасцю назіраем за тымі пераўтварэннямі, якія праходзяць ва Узбекістане. Адзінае, што вам трэба, — гэта час. Упушчана ў свой час было нямала. Вам даводзіцца, як вы правільна сказалі, даганяць, даганяць і даганяць, а гэта заўсёды няпроста. Але самае галоўнае, вы ведаеце, куды ісці. Вы развіваецеся ўзрушаючымі тэмпамі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы як вашыя сябры, блізкія браты заўсёды побач, таму што ўзбекскі і беларускі народы — гэта вельмі падобныя людзі, працавітыя, талерантныя. Самыя сапраўдныя працаўнікі. Гэта аснова нашых адносін».

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што беларускі бок задаволены тым, што наша брацкая рэспубліка — Узбекістан — інтэнсіўна развіваецца. «Мы зацікаўлены ў развіцці Узбекістана, таму што ўзялі ў Цэнтральнай Азіі вашу краіну за аснову», — падкрэсліў ён.

Моцную эканоміку, якой не страшныя ніякія ўзрушэнні, Прэзідэнт назваў падмуркам любой дзяржавы. Таму на парадку дня перагавораў Прэзідэнтаў — вельмі вялікі эканамічны блок. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, цяперашнія лічбы тавараабароту — амаль $600 млн. — не адпавядаюць існуючаму патэнцыялу, хоць і з’яўляюцца рэкордным паказчыкам. «У бліжэйшыя год-паўтара трэба выходзіць на $1 млрд і глядзець наперад, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Пакуль ёсць згода паміж урадамі і кіраўнікамі дзяржаў, трэба многае зрабіць. Моладзь заўтра прыйдзе да ўлады — яна іншая. У іх няма гэтага досведу, яны не праходзілі гэты шлях, які мы прайшлі. У нас у памяці ёсць усё. Таму трэба гэты час не страціць».

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што Беларусь гатова ўнесці свой уклад у мадэрнізацыю Узбекістана: «Тыя тэхналогіі, якія вам патрэбны на сёння і нават заўтра, яны ў нас ёсць. Не трэба нідзе хадзіць па свеце і кланяцца. Мы вам гэта прапануем з адкрытым сэрцам, нічога не патрабуючы ад вас. І запатрабаваць не можам: мы роўнавялікія, аднолькавыя краіны, што мы будзем сябар ад сябра патрабаваць. Толькі на добрай аснове мы можам з вамі супрацоўнічаць, і вы таксама з намі».

«Пакуль навучым, будзем вам дапамагаць»

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў актыўна ствараць сумесныя фармацэўтычныя вытворчасці. Узбекістан зацікаўлены ў пастаўках лекаў, таму гэты напрамак вельмі актуальны для рэспублікі. 

Старшыня Гродненскага аблвыканкама Уладзімір Каранік адзначыў, што бакі падрабязна абмяркоўваюць гэтае пытанне. Беларусь і Узбекістан хочуць прааналізаваць нарматыўную базу, каб спрасціць рэгістрацыю прэпаратаў, і скласці пералік найбольш запатрабаваных лекавых сродкаў. «З перспектывай продажу ў суседнія краіны», — сказаў губернатар.

«Што датычыцца тэхнічнай рэгістрацыі. Слухайце, у нас жа “дыктатура” — мы ж пытанне можам вырашыць хутка. Галоўнае, каб у вас была дамоўленасць, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Давайце разам гэта ствараць». У сваю чаргу Шаўкат Мірзіёеў запэўніў, што ўзбекскі бок гатовы прадаставіць гарантыі па набыцці беларускай фармацэўтычнай прадукцыі на неабходную колькасць гадоў. «Ваша якасць нас задавальняе», — заявіў ён.

Беларусь гатова падставіць плячо Узбекістану і ў ахове здароўя, асабліва ў галіне аховы мацярынства і дзяцінства. «Мы гатовы ад сябе адарваць, прыехаць, запусціць, як трэба гэту клініку, дапамагчы вам укамплектаваць, навучыць акушэрству вашых людзей. Але пакуль навучым, будзем вам дапамагаць. Мы заўсёды перад жанчынамі абавязаны нешта зрабіць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу Шаўкат Мірзіёеў прапанаваў наладзіць сумесны выпуск БЕЛАЗаў ва Узбекістане. «Мы адкрыты. Не з усімі краінамі ў нас такая даверная, шчырая размова. Мы гаварылі больш за дзве гадзіны (у вузкім фармаце.) — мы пра ўсё пагаварылі. Але вы ведаеце, многае ад вас залежыць», — звярнуўся Шаўкат Мірзіёеў да членаў дэлегацый.

«Цяпер нам нічога не перашкаджае. Мы вельмі сур’ёзна настроены нарошчваць горна-металургічную галіну. Нам патрэбны БелАЗ. Нам ужо тут лакалізацыя патрэбна, сумеснае прадпрыемства трэба. Мы будзем будаваць медна-абагачальныя фабрыкі — трэцюю, чацвёртую, пятую. Гэта колькі машын нам трэба. Мы столькі гадоў навучалі нашых інжынераў, сярэдні персанал працаваць на БелАЗах. Чаму б нам сумесна не выпускаць гэтыя БелАЗы?» — спытаў Шаўкат Мірзіёеў.

Якасць — гэта надоўга, не на адзін год

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што 2024 аб’яўлены ў Беларусі Годам якасці. «Гэта надоўга, не толькі адзін год», — падкрэсліў ён. Развіццю і мадэрнізацыі вытворчасцей у Беларусі зараз удзяляюць асаблівую ўвагу. Тым больш айчынная прадукцыя вельмі запатрабавана на суседніх рынках дзякуючы сваёй якасці.

Пры гэтым Беларусь гатова не проста пастаўляць тэхніку, але і ствараць на месцах сэрвісныя цэнтры для яе абслугоўвання. Такі досвед назапашаны ўжо даўно. «Было б выдатна. Калі ёсць сэрвіс, фермеры зусім па-іншаму ставяцца, — адзначыў Шаўкат Мірзіёеў. — У нас з 10 трактароў 5 — з Беларусі». Прэзідэнт Узбекістана даручыў сваёй дэлегацыі ўзяць гэтыя пытанні на асаблівы кантроль. «З 10, карацей, павінна быць 7», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

У час перагавораў прэзідэнты заслухалі даклады профільных міністраў аб тым, як развіваецца супрацоўніцтва па шэрагу напрамкаў, якія вынікі ўжо дасягнуты і што патрабуе неадкладнага рашэння. Узбекскі лідар разлічвае, што сёлетні візіт Аляксандра Лукашэнкі ва Узбекістан стане гістарычным. Бо краінам трэба надаць імпульс двухбаковаму супрацоўніцтву рэалізаваць шмат новых сумесных праектаў.

Рэзерваў для росту дастаткова

Прэзідэнты Беларусі і Узбекістана па выніках перагавораў у Ташкенце прынялі сумесную заяву. У ім Аляксандр Лукашэнка і Шаўкат Мірзіёеў адзначылі, што Беларусь і Узбекістан прадоўжаць прыкладаць намаганні для далейшага развіцця партнёрства.

Кіраўнікі дзяржаў падкрэслілі, што прыярытэтны напрамак беларуска-ўзбекскіх адносін — далейшае пашырэнне ўзаемавыгаднага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Імі адзначана дадатная дынаміка аб’ёмаў двухбаковага гандлю, але разам з тым указана на наяўнасць значнага нявыкарыстанага патэнцыялу для павелічэння тавараабароту.
«Бакі пагадзіліся з важнасцю нарошчвання аб’ёмаў узаемнага гандлю і пашырэння яго наменклатуры шляхам уключэння ў тавараабарот прадукцыі з высокім дабаўленым коштам, фарміравання спрыяльных умоў для транзіту знешнегандлёвых грузаў, развіцця супрацоўніцтва паміж суб’ектамі прадпрымальніцтва, прыватнага сектара і рэгіёнамі дзвюх краін», — гаворыцца ў дакуменце.

Прэзідэнты таксама канстатавалі неабходнасць стварэння спрыяльных умоў для актыўнага развіцця механізмаў падтрымкі экспартна-імпартных аперацый, а таксама для правядзення на рэгулярнай аснове выставак прамысловай, сельскагаспадарчай, харчовай і тэхналагічнай прадукцыі, бізнес-форумаў, сустрэч і перагавораў паміж дзелавымі коламі.

Адным з прыярытэтных напрамкаў двухбаковага супрацоўніцтва прэзідэнты назвалі ўзаемадзеянне паміж рэгіёнамі. Падкрэслена прыярытэтнае значэнне супрацоўніцтва ў сельскай гаспадарцы, комплексным развіцці сувязей па лініі аграпрамысловых комплексаў, гарантавання харчовай бяспекі.

Кіраўнікі дзяржаў таксама пацвердзілі прыхільнасць да далейшага ўмацавання двухбаковых сувязей у культуры, адукацыі, навуцы, мастацтве, кінематаграфіі, турызме, маладзёжнай палітыцы і спорце. У 2024-2025 гадах бакі маюць намер арганізаваць Дні культуры Беларусі ва Узбекістане і Дні культуры Узбекістана ў Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка і Шаўкат Мірзіёеў адзначылі неабходнасць нарошчвання супрацоўніцтва ў барацьбе з тэрарызмам, незаконным абаротам наркотыкаў і зброі, распаўсюджваннем зброі масавага знішчэння, іншымі выклікамі і пагрозамі рэгіянальнай і міжнароднай бяспецы. Бакі дамовіліся прадоўжыць узаемадзеянне на міжнароднай арэне і выказалі ўзаемнае імкненне да развіцця супрацоўніцтва ў ААН, СНД, ШАС і іншых глабальных і рэгіянальных структурах.

Галоўныя арыенціры — імпартазамяшчэнне і тэхналагічны суверэнітэт

Па выніках перагавораў Аляксандр Лукашэнка заявіў журналістам, што Беларусь і Узбекістан пацвердзілі прынцыповую нацэленасць на выбудоўванне супрацоўніцтва ва ўсіх напрамках. Кіраўнік дзяржавы расказаў, што перагаворы прайшлі ў выключна адкрытай, дружалюбнай, брацкай абстаноўцы, былі змястоўнымі і рэзультатыўнымі. «Мы разгледзелі шырокі спектр пытанняў і пацвердзілі прынцыповую нацэленасць на выбудоўванне супрацоўніцтва ва ўсіх напрамках, дзе ў Мінска і Ташкента ёсць сумесныя праекты», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у першую чаргу размова ідзе аб гандлёва-эканамічнай сферы. У цэлым краіны маюць тут неблагія вынікі. За мінулы год тавараабарот перавысіў новы гістарычны максімум паўмільярда долараў. 

«Тым не менш разумеем, што рэзервы вялікія», — падкрэсліў Прэзідэнт. Адзін з іх — стварэнне новых і пашырэнне ўжо існуючых партнёрскіх сувязей на ўзроўні абласцей дзвюх краін. «І форум рэгіёнаў, які прайшоў напярэдадні ў Ташкенце, гэта пацвердзіў. На жаль, за перыяд пандэміі кантакты недзе аслаблі. Але цяпер самы час іх аднавіць і напоўніць канкрэтнымі праектамі. Іх нямала», — заўважыў беларускі лідар.

У якасці прыярытэтных пытанняў у час перагавораў абмяркоўвалася паглыбленне вытворчай кааперацыі, стварэнне сумесных прадпрыемстваў, забеспячэнне спрыяльных умоў для абмену таварамі і паслугамі. «Пры гэтым у арганізацыі сумесных вытворчасцей мы нацэлены на доўгатэрміновае супрацоўніцтва і планамерную іх лакалізацыю, што забяспечыць стварэнне новых рабочых месц ва Узбекістане. Галоўныя арыенціры — імпартазамяшчэнне і тэхналагічны суверэнітэт, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — З улікам вытворчых і інтэлектуальных рэсурсаў нашых краін бачны патэнцыял у машынабудаванні, аграпрамысловым комплексе, лёгкай прамысловасці. Мы асобна спыніліся на тэме паглыблення кааперацыі ў сферы фармацэўтыкі, уключаючы пытанні вырабу ва Узбекістане беларускіх лекавых прэпаратаў і стварэння новых сумесных вытворчасцей».

Аляксандр Лукашэнка запрасіў свайго калегу наведаць Беларусь з візітам ужо сёлета і выказаў упэўненасць у тым, што пасля праведзеных у Ташкенце падрабязных і прынцыповых перагавораў бакі змогуць значна зрушыць наперад двухбаковае супрацоўніцтва на працягу года. «Думаю, мы за год значна больш зробім. Сёння ўсе зразумелі, у якім напрамку рухацца і як хутка трэба рухацца і вырашаць пытанні. Будзем падтрымліваць узбекскі народ і Узбекістан наколькі мы можам. Толькі каб вы дасягнулі мэт, якія вы перад сабой паставілі», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь у супрацоўніцтве з іншымі краінамі прапануе шырокі парадак дня і асабліва пытанні, звязаныя з абменам тэхналогіямі. У той жа час апаненты і нядобразычліўцы часам ставяць пад сумненне тое, што Беларусь, будучы невялікай краінай, прапануе нейкія тэхналогіі. Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым нагадаў, што ў Беларусі высокатэхналагічныя галіны былі развіты яшчэ з часоў Савецкага Саюза — так склаліся раздзяленне працы і вытворчая спецыялізацыя ў той агульнай дзяржаве.«Мы не растрацілі гэта за перыяд 1990-х гадоў і цяпер. Прэзідэнт (Узбекістана) гэта добра ведае, ён вельмі добра ведае Беларусь», — падкрэсліў беларускі лідэр.

Аляксандр Лукашэнка прывёў у прыклад магутную баваўняную вытворчасць у Беларусі, сыравінай для якой служыла якраз бавоўна з Узбекістана: «Адсюль атрымлівалі, перапрацоўвалі і пастаўлялі на экспарт, г.зн. мы пералапачвалі вялікую колькасць экспартнай прадукцыі. А для гэтага патрэбны былі высокія тэхналогіі. Бо за мяжой не купяць, калі дрэнна. Нам пашанцавала ў гэтым плане».

Кіраўнік дзяржавы таксама нагадаў, што Беларусь моцна пацярпела ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і іншыя рэспублікі Саюза дапамагалі аднавіцца ў пасляваенныя гады, агульнымі намаганнямі была створана асноўная высокатэхналагічная індустрыяльная база. Усё гэта захавана і ў асноўным знаходзіцца ў руках дзяржавы. Вызначаныя высокія вынікі дасягнуты і ў сельскай гаспадарцы. «Я гэта кажу да таго, што сёння Беларусь мае ўсё тое, што сёння і заўтра трэба тэхналагічна Узбекістану. Гэта таму, што мы стаім на плячах гігантаў, якія стварылі тое, што мы сёння маем у Беларусі. І мы брацкія рэспублікі. Правільна сказаў». Прэзідэнт — «Беларусы і ўзбекі вельмі падобныя народы — талерантныя, гнуткія, яны не глядзяць у агарод чужым людзям, ні ў каго нічога не адбіраюць, не збіраюцца ваяваць. Мы працавітыя народы і гатовы сваё шчасце самі шукаць і знаходзіць».

Звязда, 8 лютага 2024
 
Дата публикации:08.02.2024
Тематика:Новости, В мире
Просмотров:88
 
Ключевые слова:
Узбекистан Сотрудничество Товарооборот
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме