Матэрыялы па элеменце "Лясное бортніцтва Беларусі і Польшчы", падрыхтаваныя экспертамі дзвюх краін, да 31 сакавіка будуць накіраваны ў сакратарыят Канвенцыі па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА - для ўключэння ў Спіс нематэрыяльнай спадчыны.
У Беларусі элемент "Лясное бортніцтва Палесся" мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Гэта старажытны промысел, заснаваны на развядзенні і ўтрыманні лясных пчол у штучных дуплах - борцях, якія вырабляюцца і размяшчаюцца высока на дрэвах у лесе. Лясное бортніцтва ўяўляе сабой шырокі пласт навыкаў і практык, якія датычацца не толькі гэтага промыслу, а таксама вырабу неабходных прылад працы. Промысел быў распаўсюджаны яшчэ ў часы агульнаславянскага моўнага адзінства, распад якога адбыўся ў V-VI стагоддзях. З цягам часу класічнае бортніцтва стала прыходзіць у заняпад у выніку негатыўнага антрапагеннага ўздзеяння на прыроду і развіцця калоднага пчалярства. І калі ў Польшчы гэта традыцыя перарывалася і сёння аднаўляецца, то ў Беларусі лясное бортніцтва захавалася ў асобных раёнах да гэтага часу.
Наталля Хвір нагадала, што ў 2018 годзе Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі папоўніўся трыма нематэрыяльнымі праявамі творчасці чалавека і дванаццаццю матэрыяльнымі культурнымі каштоўнасцямі. У Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА быў уключаны элемент "Урачыстасць у гонар абраза Маці Божай Будслаўскай". Адабрэнне Камітэта нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА атрымалі матэрыялы па элеменце "Юр`еўскі карагод" в.Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці і перыядычныя справаздачы аб выкананні Канвенцыі па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны па элеменце "Калядныя Цары".
Цяпер Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі налічвае 5577 аб`ектаў.
Прадстаўнік Міністэрства культуры таксама расказала, што рамонтна-рэстаўрацыйныя работы (этапы) у мінулым годзе былі завершаны на 115 аб`ектах, якія ўяўляюць сабой гісторыка-культурную каштоўнасць, сярод якіх будынак музея В.К. Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве, Барысаглебская (Каложская) царква ў Гродне, стадыён "Дынама" ў Мінску. Фінансаванне праводзілася як з рэспубліканскага бюджэту, так і за кошт сродкаў фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва. У гэтым годзе з рэспубліканскага бюджэту на рэстаўрацыю помнікаў спадчыны запланавана выдзеліць каля Br4,4 млн, а са сродкаў фонду Прэзідэнта - каля Br2,3 млн.
28 лютага 2019, Мінск
БЕЛТА
28 лютага 2019, Мінск
БЕЛТА