https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


«Менск — гэта эўрапейскі Нью-Ёрк»


Дзяўчына з Босьніі расказала, чаму вывучыла беларускую мову.
Матэа Брандалік зь дзяцінства захапляецца мовамі. Дзяўчыну можна назваць сапраўдным паліглётам: яна свабодна гаворыць на 15 мовах. Адна зь іх — беларуская. У размове яна распавяла пра любоў да беларушчыны, патлумачыла, чаму Менск — гэта эўрапейскі Нью-Ёрк і чаму мову варта шанаваць.


«Пачула першы раз беларускую — і закахалася»

Матэа нарадзілася і вырасла ў Тузьле, невялікім горадзе ў Босьніі і Герцагавіне. Паводле яе, эканамічная сытуацыя там вельмі нестабільная: вялікае беспрацоўе, мала пэрспэктыў. Моладзь ахвотна зьяжджае на Захад. Матэа ня стала выключэньнем — ступень бакаляўра паліталёгіі, славістыкі і ўсходазнаўства дзяўчына цяпер атрымлівае ў Венскім унівэрсытэце.

Адно з галоўных захапленьняў яе жыцьця — вывучэньне моваў.

«Вывучэньне моваў робіць мяне шчасьлівай. Мне падабаецца адчуваньне, калі я магу пагаварыць з рознымі людзьмі на іх родных мовах. Я перакладаю з харвацкай, ангельскай, нямецкай, гішпанскай, італьянскай, францускай, расейскай. Магу гаварыць па-македонску, славенску, чэску, дацку, румынску, арабску, турэцку, пэрсыдску, навагрэцку і беларуску. Цяпер яшчэ вучу ірляндзкую мову».

Чаму Матэа пачала вучыць беларускую мову? Дапамог выпадак: на YouTube яна наткнулася на інтэрвію па-беларуску.

«Калі я пачула беларускую мову першы раз, закахалася ў яе. Гэта дакладна самая прыгожая славянская мова, — кажа яна. — А потым я адкрыла для сябе Naviband. Мне вельмі спадабалася іх музыка, і так пачалося вывучэньне мовы».

Празь песьні Naviband дзяўчына вывучыла шмат лексыкі. Вялікіх складанасьцяў тут не было — на катэдры славістыкі дзяўчына вывучае расейскую мову як першую. Пасьля яна вырашыла ўзяць курс беларускай мовы ў сваім унівэрсытэце.

«У нас ёсьць такая магчымасьць. Праўда, нельга вучыць беларускую мову як першую. Існуе толькі курс для пачаткоўцаў. Вядуць яго выкладчыкі зь Беларусі — Натальля Корына, Алена Рудэнка і Андрэй Зінкевіч. Акрамя мяне, беларускую мову вывучала 5 чалавек: з Расеі, Бразыліі ды Аўстрыі.

Матэа кажа, што курсу ў Вене ёй было недастаткова. Таму яна вырашыла павучыцца яшчэ і ў Менску.

«Беларуская мова прыгажэйшая за расейскую»

Летась у верасьні яны падалася на курсы беларускай мовы для замежнікаў, якія ладзіў БДУ.

«Наша выкладчыца Тацяна Рамза заўсёды гаварыла толькі па-беларуску. Навучаньне было лічы што індывідуальнае — акрамя мяне, курс наведвала яшчэ адна дзяўчына. Напачатку выкладчыца запытала, чаго мы хочам дасягнуць. Нашы памкненьні супалі: мы абедзьве хацелі навучыцца менавіта гаварыць па-беларуску. Таксама мы чыталі вельмі шмат беларускіх твораў. Праз гэта нам выпраўлялі вымаўленьне. Слухалі беларускія песьні, напрыклад, «Госьці» «Ляпіса».

Заняткі цягнуліся 8 дзён. Кожны дзень — 4–5 гадзін заняткаў. Кошт такога курсу — 60 эўра. Апроч гэтага, трэба самастойна наймаць жытло і аплочваць харчаваньне.

«Агулам, вандроўка выйшла нятанная, але я не шкадую. Мне заўсёды хацелася глыбей вывучыць беларускую мову. Жадала пабачыць Менск — гэта было маёй марай».

Мову Матэа вывучала ня толькі на курсах. Напрыклад, беларуская сяброўка Дыяна гаварыла зь ёй выключна па-беларуску.

Вучыць беларускую мову Матэі было нескладана. Дапамаглі родная харвацкая ды веданьне расейскай.

«Расейская мова адыграла адначасова і станоўчую, і адмоўную ролю: яна спрашчае працэс вывучэньня, але словы часта блытаюцца, і атрымліваецца трасянка. Мая расейская пакуль лепшая за беларускую».

Найбольшыя складанасьці ў Матэі ўзьніклі з фанэтыкай, у прыватнасьці з фрыкатыўным «г» — ані ў харвацкай, ані ў расейскай такога гуку няма. А вось «ў» далося значна прасьцей.

«Розьніца паміж расейскай і беларускай вялікая. Беларуская мова больш прыгожая за расейскую дакладна», — кажа суразмоўніца.

Вярнуўшыся ў Вену, Матэа не закінула беларускую мову. Цяпер яна чытае «Чазенію» Ўладзімера Караткевіча.

«У Менску я купіла кнігу „Гэта Беларусь, дзетка!“. Мне вельмі спадабалася, яна вельмі сьмешная! Яшчэ я вельмі люблю Янку Купалу і Якуба Коласа».

«Менск для мяне — гэта эўрапейскі Нью-Ёрк»

«Тыя 8 дзён у Менску былі найлепшыя ў маім жыцьці. Мне спадабалася літаральна ўсё: людзі, вуліцы, горад. Шмат хто ў Заходняй Эўропе мае забабоны наконт Беларусі. Але я хачу паказаць, што ўсё не зусім так, як яны бачаць у газэтах і інтэрнэце».

Матэа кажа, што для яе Беларусь — гэта добрыя людзі і чыстыя вуліцы.

«Менск — гэта эўрапейскі Нью-Ёрк. Я жыла на праспэкце Незалежнасьці, і мне ён нагадаў гэты амэрыканскі горад», — кажа яна.

Самая любімая беларуская ежа дзяўчыны — гэта дранікі і калдуны, якія яна ела амаль штодзень.

У Менску Матэа хацела гаварыць выключна па-беларуску, але гэта аказалася няпроста: людзі звычайна адказвалі па-расейску. На беларускую мову рэагавалі па-рознаму.

«Калі людзі даведваліся, што я гавару па-беларуску, то яны былі рады чуць. Але кожны раз мне адказвалі па-расейску. А некаторыя ўвогуле не разумелі, што я хачу сказаць».

Матэа лічыць, што размаўляць па-беларуску варта, каб мова не памерла.

«Я буду працягваць удасканальваць маю беларускую мову. Ёсьць шмат людзей, якія ня ведаюць, што ў Беларусі існуе ўласная мова, і яна адрозная ад расейскай. Я хачу паказаць ім, што беларуская мова неверагодна прыгожая. Напрыклад, стварыць моўны курс у Вене ці дзе-небудзь у сьвеце, дзе людзі могуць ушанаваць прыгажосьць гэтай мовы».

Радыё Свабода, 8 сьнежня 2018
 
Дата публикации:08.12.2018
Тематика:Культура, В мире
Просмотров:427
 
Ключевые слова:
Беларуская мова Лингвистика
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме