"Тут з глыбокай старажытнасці цепліцца агонь праваслаўнай веры. З гісторыі добра вядома, што Полацкая епархія стала адной з самых першых епархій у гісторыі Рускай праваслаўнай царквы, таму што неўзабаве пасля хрышчэння кіяўлян былі ахрышчаны і жыхары горада Полацка. Таму Белая Русь звязана з самімі вытокамі праваслаўнай веры на нашай зямлі", — сказаў Кірыл, якога цытуе партал Беларускай праваслаўнай царквы.
"Цяжкая гісторыя гэтага месца. Беларусь зведала шматлікія выпрабаванні, самым страшным з якіх стала Вялікая Айчынная вайна, — адзначыў кіраўнік РПЦ. — І ў пасляваенны час тут было няпроста. Памятаю, як з беларускай зямлі даходзілі весткі пра вельмі неспрыяльнае стаўленне мясцовых уладаў да царквы, пра тое, як няпроста працякае тут царкоўнае жыццё. Але з ласкі божай, дзякуючы веры нашых бацькоў і дзядоў, дзякуючы веры старэйшага пакалення вера праваслаўная як тут, так і па ўсёй Русі захавалася і сёння прыносіць свой плён".
Кірыл зноў раскрытыкаваў намер Украіны дамагчыся аўтакефаліі сваёй праваслаўнай царквы: "Мы ведаем, як сёння няпроста на брацкай украінскай зямлі. Мы ведаем, як вораг роду чалавечага апалчыўся на царкву праваслаўную, якая праходзіць праз цяжкія выпрабаванні, але верым, што і брама пякельная не адолее царкву. Мы верым, што ніякія свецкія сілы, якія ставяць перад сабой мэту знішчыць царкву, не будуць паспяховыя. І ўсім, хто ў гэтым яшчэ сумняваецца, трэба яшчэ і яшчэ раз успомніць пра наша недалёкае мінулае, калі ўлада імкнулася вынішчыць усялякую веру, асабліва царкву праваслаўную. З якой жа сілай наносіліся ўдары па целе царквы! Але нічога не выйшла — царква засталася духоўнай сілай, якая ў рэшце рэшт запаліла пачуцці людзей і натхніла іх на ўладкаванне цалкам іншага быцця. І сёння мы радуемся, што на зямлі беларускай, на зямлі рускай адбываюцца станоўчыя перамены, якія садзейнічаюць умацаванню праваслаўнай веры і царкоўнага жыцця".
Паводле слоў Кірыла, упершыню за ўсю гісторыю Сінод РПЦ правядзе сваё пасяджэнне ў Мінску. "Гэта будзе важнае пасяджэнне, на якім будуць прымацца рашэнні, звязаныя з ацэнкай царкоўнай сітуацыі на Украіне. Я ўсіх вас прашу маліцца аб тым, каб прыманыя Сінодам рашэнні садзейнічалі супакаенню ўкраінскага грамадства, каб праца Сінода садзейнічала ўмацаванню царкоўнага жыцця на Украіне, засцярозе нашай царквы ад магчымых нападкаў і ўціску", — заявіў патрыярх.
У дар кафедральнаму сабору ён перадаў ікону святога роўнаапостальнага Мяфодзія, настаўніка Славенскага, для храмаў Мінскай епархіі — 25 напрастольных Евангелляў. "Няхай Бог дапамагае вам, ваша высокапраасвяшчэнства, усяму епіскапату Беларускай праваслаўнай царквы ў здзяйсненні такога неабходнага для сучаснага чалавека духоўнага чынення, — сказаў Кірыл, звяртаючыся да кіраўніка БПЦ Паўла (Панамарова) і архірэяў Беларускага экзархата. — Пра матэрыяльнае жыццё клапоціцца дзяржава, і мы бачым, як паспяхова развіваецца Беларусь. Пра духоўнае жыццё людзей у першую чаргу павінна клапаціцца царква, і гэта найвялікшая адказнасць і перад народам, і перад гісторыяй".
У сваю чаргу мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел паднёс Кірылу ў дар абраз блажэннай Валянціны Мінскай.
Увечары 13 кастрычніка адбыўся прыём ад імя Мінскай мітраполіі з нагоды візіту Кірыла. На ім прысутнічалі намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Уладзімір Жаўняк, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка, пасол Расіі Міхаіл Бабіч.
Кірыл прыбыў з трохдзённым візітам на самалёце беларускага ўрадавага авіяпарка.
14 кастрычніка патрыярх Кірыл здзейсніць чын асвячэння мінскага храма Усіх Святых, а таксама ў асяроддзі іерархаў ускладзе вянок да абеліска на плошчы Перамогі. Акрамя таго, запланавана сустрэча патрыярха з епіскапатам БПЦ у вузкім коле.
15 кастрычніка кіраўнік РПЦ сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам у Палацы Незалежнасці. Спачатку сустрэча пройдзе ў фармаце "тэт-а-тэт", а затым з удзелам епіскапату Беларускай праваслаўнай царквы і членаў Свяшчэннага сінода.
Пасля сустрэчы з Лукашэнкам патрыярх Кірыл і іншыя іерархі адправяцца ў Мінскае епархіяльнае ўпраўленне, дзе адбудзецца пасяджэнне Свяшчэннага сінода.
Напярэдадні візіту кіраўніка РПЦ старшыня сінадальнага аддзела па ўзаемаадносінах РПЦ з грамадствам і СМІ Уладзімір Лягойда выступіў з заявай аб тым, што Свяшчэнны сінод на пасяджэнні 15 кастрычніка ў Мінску "дасць належную ацэнку" дзеянням Канстанцінопальскага патрыярхату ў дачыненні да аўтакефаліі Украінскай праваслаўнай царквы, якой тая дамагаецца.
У красавіку прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка звярнуўся да канстанцінопальскага патрыярха Варфаламея з просьбай выдаць томас аб аўтакефаліі праваслаўнай царквы ва Украіне. Яго падтрымалі некананічныя Украінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату і Украінская аўтакефальная праваслаўная царква, але не падтрымала афіцыйная УПЦ Маскоўскага патрыярхату.
22 красавіка Свяшчэнны сінод Канстанцінопальскага патрыярхату афіцыйна прыняў гэты зварот да разгляду. 7 верасня патрыярхат апублікаваў камюніке, у якім паведамлялася аб прызначэнні двух сваіх іерархаў экзархамі ва Украіне.
У адказ на гэта свяшчэнны сінод РПЦ, які лічыць Украіну сваёй кананічнай тэрыторыяй, абвінаваціў патрыярха Варфаламея ва ўмяшанні ва ўнутраныя справы іншай памеснай царквы і прыняў рашэнне прыпыніць кантакты з Канстанцінопальскім патрыярхатам.
11 кастрычніка сінод Канстанцінопальскага патрыярхату зняў анафему з непрызнанага кіеўскага патрыярха Філарэта, якую ў 1997 годзе наклаў на яго Маскоўскі патрыярхат "за раскол". Тое ж зрабіў Канстанцінопаль у дачыненні да кіраўніка Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Макарыя. Гэта прамежкавае рашэнне на шляху надання аўтакефаліі Украінскай праваслаўнай царкве.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 14 кастрычніка 2018
Мінск, 14 кастрычніка 2018