Свяшчэнны сінод Рускай праваслаўнай царквы прыняў рашэнне разарваць еўхарыстычныя зносіны з Канстанцінопальскім патрыярхатам.
Пасяджэнне сінода РПЦ доўжылася больш за шэсць гадзін. "На пасяджэнні было прынята рашэнне аб поўным разрыве еўхарыстычных зносінаў з Канстанцінопальскім патрыярхатам, — сказаў мітрапаліт Іларыён. — Гэта было вымушанае рашэнне, але іншага рашэння наш Свяшчэнны сінод не мог прыняць, паколькі да гэтага вяла ўся логіка апошніх дзеянняў Канстанцінопальскага патрыярхату. <.. .> У практычным плане гэта рашэнне азначае, што мы не зможам праводзіць сумесныя набажэнствы з Канстанцінопальскім патрыярхатам, нашы архірэі і святары не змогуць удзельнічаць у здзяйсненні літургіі сумесна з іерархамі і святарамі Канстанцінопальскага патрыярхату, а вернікі не змогуць прычашчацца ў храмах Канстанцінопальскага патрыярхату".
Паводле яго слоў, Беларускі экзархат як частка Рускай праваслаўнай царквы "далучаецца да гэтага рашэння". Мітрапаліт падкрэсліў, што прынятае рашэнне "распаўсюджваецца на ўсю кананічную тэрыторыю РПЦ, уключаючы Беларусь".
Аргументуючы рашэнне РПЦ разарваць зносіны з Канстанцінопалем, іерарх нагадаў, што "некалькі дзён таму на пасяджэнні сінода Канстанцінопальскага патрыярхату былі прыняты рашэнні аб тым, што ён аднаўляе ў свяшчэнным сане адлучанага ад царквы лідара ўкраінскага расколу Філарэта Дзенісенку і лідара яшчэ адной раскольніцкай групоўкі".
Акрамя таго, было прынята рашэнне "аб адмене акта Канстанцінопальскага патрыярхату 1686 года аб уключэнні Кіеўскай мітраполіі ў склад Маскоўскага патрыярхату, а таксама было прынята рашэнне аб заснаванні стаўрапігіі Канстанцінопальскага патрыярхату ва Украіне".
Акрамя таго, было прынята рашэнне "аб адмене акта Канстанцінопальскага патрыярхату 1686 года аб уключэнні Кіеўскай мітраполіі ў склад Маскоўскага патрыярхату, а таксама было прынята рашэнне аб заснаванні стаўрапігіі Канстанцінопальскага патрыярхату ва Украіне".
"Усе гэтыя рашэнні, з пункту гледжання Рускай праваслаўнай царквы, з`яўляюцца незаконнымі і кананічна нікчэмным, і РПЦ не прымае гэтых рашэнняў, не будзе іх прытрымлівацца, — падкрэсліў мітрапаліт Валакаламскі. — Раскол застаецца расколам, лідары расколу застаюцца лідарамі расколу, а тая царква, якая, прызнаўшы раскольнікаў, уступіла з імі ў дыялог, выключыла сябе з кананічнага поля праваслаўнай царквы. Менавіта гэта з`яўляецца галоўнай прычынай, па якой мы вымушаны перапыніць зносіны з Канстанцінопальскім патрыярхатам, паколькі ён цалкам ідэнтыфікаваў сябе з расколам".
Паводле слоў мітрапаліта Іларыёна, гэта "не першы выпадак такога роду ў гісторыі праваслаўнай царквы". Апошні раз такая сітуацыя ўзнікла, калі ў 1996 годзе Канстанцінопальская царква "ўварвалася ў кананічныя межы Рускай царквы, заснаваўшы сваю юрысдыкцыю ў Эстоніі".
"Але тыя кананічныя злачынствы, якія здзейсненыя сёння Канстанцінопальскім патрыярхатам, значна больш цяжкія, таму што ён абвясціў аб намеры даць аўтакефалію частцы РПЦ, — адзначыў праваслаўны іерарх. — Прычым не той частцы, якая калісьці знаходзілася ва ўладаннях Канстанцінопаля. Тая Кіеўская мітраполія, якая ў 1686 годзе ўвайшла ў склад Маскоўскага патрыярхату, тэрытарыяльна не супадала з цяперашняй Украінскай праваслаўнай царквой, была значна меншай. Туды не ўваходзілі такія тэрыторыі, як Данбас, поўдзень Украіны, Адэса і многія іншыя вобласці. Гэта значыць ануляваць акт 1686 года і падаць справу так, быццам бы на працягу ўсіх гэтых 300 з лішнім гадоў уся тэрыторыя Украіны знаходзілася ў складзе Канстанцінопальскага патрыярхату, — гэта цалкам супярэчыць гістарычнай праўдзе".
Паводле слоў кіраўніка аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага патрыярхату, Свяшчэнны сінод прыняў заяву, у якой "падрабязна тлумачыцца, чаму і на якіх падставах было прынята гэта рашэнне". У прыватнасці, гаворка ідзе пра кананічныя правілы, якія "не дазваляюць епіскапу адной царквы ўмешвацца ў справы іншай памеснай царквы".
"Мы прыводзім тлумачэнне аўтарытэтных візантыйскіх кананістаў Іаана Занары і Нікадзіма Святагорца, якія кажуць пра тое, што Канстанцінопальскі патрыярх мае ўладу прымаць апеляцыі ў межах сваёй царквы, але не можа прымаць апеляцыі ад іншых памесных цэркваў, на чым цяпер беспадстаўна настойвае канстанцінопальскі патрыярх. Тое новае і антыкананічнае вучэнне пра нібыта наяўныя прывілеі Канстанцінопальскага патрыярхату ў аднабаковым парадку прымаць апеляцыі ад іншых памесных цэркваў не знаходзіць падставаў у свяшчэнных канонах праваслаўнай царквы", — заявіў мітрапаліт Іларыён.
Іерарх ад імя сінода РПЦ выказаў надзею на тое, што "здаровы розум пераможа", а Канстанцінопальскі патрыярхат "зменіць сваё стаўленне да існай царкоўнай рэальнасці". "Але да таго часу, пакуль гэтага не адбылося, мы не зможам знаходзіцца ў зносінах з царквой, якая апынулася сёння ў расколе", — сказаў ён.
У красавіку прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка звярнуўся да канстанцінопальскага патрыярха Варфаламея з просьбай прадаставіць томас аб аўтакефаліі праваслаўнай царкве ва Украіне. Яго падтрымалі некананічныя Украінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату і Украінская аўтакефальная праваслаўная царква, але не падтрымала афіцыйная УПЦ Маскоўскага патрыярхату.
22 красавіка Свяшчэнны сінод Канстанцінопальскага патрыярхату афіцыйна прыняў гэты зварот да разгляду. 7 верасня патрыярхат апублікаваў камюніке, у якім паведамлялася аб прызначэнні двух іерархаў экзархамі ва Украіне.
У адказ на гэта Свяшчэнны сінод РПЦ, які лічыць Украіну сваёй кананічнай тэрыторыяй, абвінаваціў патрыярха Варфаламея ва ўмяшанні ва ўнутраныя справы іншай памеснай царквы і прыняў рашэнне прыпыніць кантакты з Канстанцінопальскім патрыярхатам.
11 кастрычніка Сінод Канстанцінопальскага патрыярхату адмяніў дзеянне ўказа 1686 года аб перадачы Кіеўскай мітраполіі Маскоўскаму патрыярхату, а таксама зняў анафему з непрызнанага кіеўскага патрыярха Філарэта, якую ў 1997 годзе наклаў на яго Маскоўскі патрыярхат "за раскол". Тое ж зрабіў Канстанцінопаль у дачыненні да кіраўніка Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Макарыя. Гэта прамежкавае рашэнне на шляху прадастаўлення аўтакефаліі Украінскай праваслаўнай царкве.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 15 кастрычніка 2018
Мінск, 15 кастрычніка 2018