Беларусь паставіць у Судан 17 збожжасховішчаў на агульную суму 60 млн еўра. Адпаведныя кантракты падпісаныя ААТ "Лідсельмаш", ТАА "Сельэнергапрам" з сельскагаспадарчым банкам Судана Agricultural Bank of Sudan.
"Лідсельмаш" заключыў кантракт на пастаўку васьмі збожжасховішчаў ёмістасцю па 50 тыс. т і чатырох - па 25 тыс. т агульным коштам 32,4 млн еўра. "Сельэнергапрам" падпісаў дакументы на пастаўку пяці збожжасховішчаў па 100 тыс. т на суму 27,45 млн еўра.
На дзелавой сустрэчы намеснік міністра прамысловасці Беларусі Дзмітрый Корчык адзначыў, што падпісанне гэтых кантрактаў - вялікі крок у развіцці двухбаковага супрацоўніцтва. Ён таксама дадаў, што прадпрыемствы Мінпрама гатовыя пастаўляць не толькі сельскагаспадарчую, але і кар`ерную, грузавую, пасажырскую, дарожна-будаўнічую і іншую тэхніку для ўдзелу ў буйных інфраструктурных і сельскагаспадарчых праектах у Судане.
У сваю чаргу прэзідэнт сельскагаспадарчага банка Судана Салах Хасан адзначыў, што беларускую тэхніку ведаюць у гэтай краіне. "Сёння ў Судане актыўна развіваюцца многія сферы эканомікі, таму мы маем патрэбу ў рознай тэхніцы. Больш за тое, праз Судан можна наладзіць пастаўкі прадукцыі прамысловых прадпрыемстваў Беларусі ва ўсю Афрыку", - падкрэсліў ён.
Звязда, 23 верасня 2018