У Сербіі цэняць ўклад навукоўцаў Беларусі ў развіццё славянскіх моў. Пра гэта было заяўлена падчас сустрэч Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Сербіі Валерыя Брылёва з намеснікам мэра Белграда Андрэа Младэнавічам і дэканам філалагічнага факультэта Бялградскага ўніверсітэта прафесарам Ліляной Маркавіч.
У сустрэчах таксама прыняў удзел старшыня Беларускага камітэта славістаў, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Лукашанец. Суразмоўцы ў пазітыўным ключы ацанілі ўклад вучоных Беларусі ва ўмацаванне славянскага адзінства, развіццё славянскіх моў і пашырэнне культуралагічнага дыялогу.
Сустрэчы адбыліся падчас XVI Міжнароднага з`езда славістаў у Бялградзе. У яго адкрыцці прынялі ўдзел нацыянальныя дэлегацыі даследчыкаў з 40 краін, прадстаўнікі ўрада Сербіі, мэрыі Белграда, навуковай супольнасці і грамадскіх арганізацый, духавенства, дыпламатычнага корпуса.
Міжнародны з`езд славістаў - найбуйнейшы навуковы форум, прысвечаны праблемам развіцця славянскіх моў, літаратур, культур у іх узаемадзеянні. Падобныя мерапрыемствы праводзяцца кожныя пяць гадоў у сталіцах славянскіх дзяржаў, пачынаючы з 1929 года. Папярэдні, XV з`езд славістаў, прайшоў у 2013 годзе ў Мінску.
Звязда, 26 жніўня 2018