Аўтары даследавання вывучылі 48 еўрапейскіх дзяржаў. Для выбару найлепшай краіны для запуску блокчэйн-стартапаў імі выкарыстоўваліся такія крытэрыі, як заканадаўчае рэгуляванне ICO, рэгуляванне крыптавалютнага рынку і падатковы рэжым, што дзейнічае ў дачыненні да лічбавых валют.
У выніку найлепшай краінай для заснавання блокчэйн-стартапаў прызнаная Швейцарыя. Другое месца заняў Гібралтар, трэцяе — Мальта. Акрамя гэтага, у топ-10 удалося трапіць Вялікабрытаніі, Даніі, Германіі, Партугаліі, Нідэрландам, Фінляндыі і Беларусі.
21 снежня 2017 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт "Аб развіцці лічбавай эканомікі", які дазваляе фізічным асобам валодаць і гандляваць лічбавымі валютамі, а таксама абменьваць іх на фіятныя грошы. Акрамя гэтага, дэкрэт узаконіў у Беларусі крыптавалютны майнінг. Пры гэтым ён не адносіцца да прадпрымальніцкай дзейнасці, у сувязі з чым атрыманыя ад яго даходы не з`яўляюцца аб`ектам падаткаабкладання.
БелаПАН, 21 траўня 2018