Прадстаўніца прэзыдэнта Ўкраіны ў Вярхоўнай Радзе Ірына Луцэнка паведаміла, што ўкраінскаму боку перадалі 74 закладніка, якіх утрымлівалі ў Данбасе.
«Добрыя навіны, пра якія ўжо можна гаварыць. Працэс абмену завяршыўся. Украінскі бок атрымаў 74 закладнікаў, якія знаходзіліся ў палоне на акупаванай частцы Данбасу. Яны вяртаюцца дадому», — напісала Луцэнка ў Фэйсбуку.
У сваю чаргу, прадстаўнікі так званай «ДНР» заявілі аб завяршэньні абмену.
Прадстаўнікі данецкіх сэпаратыстаў перадалі Кіеву 58 закладнікаў.
Раней 27 сьнежня адбыўся абмен закладнікамі паміж Кіевам і так званай «ЛНР». Ўкраінскаму боку перадалі 16 палонных. Прадстаўнікі луганскіх сэпаратыстаў паведамілі, што ім перадалі 73 чалавекі (раней заяўлялі пра 99, але частка адмовілася вяртацца).
Абмен палоннымі адбываецца па формуле "306 на 74" - украінскі бок павінна быў вызваліць 306 чалавек, а прарасейскія фарміраваньні - 74.
Аб канчатковым узгадненьні працэдуры заявілі ў Сьвята-Данілаўскіх манастыры Масквы 25 сьнежня патрыярх РПЦ Кірыл, лідэры сэпаратыстаў Леанід Пчаляр і Аляксандр Захарчанка, а таксама прадстаўнік Украіны, лідэр грамадзкага руху «Украінскі выбар — Права народа» Віктар Медзьвядчук.
Абмен палоннымі Медзьвядчук абмяркоўваў з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным 15 лістапада. Тады Медзьвядчук папрасіў Пуціна зьвярнуцца да лідэраў сэпаратыстаў і правесьці першы этап абмену па формуле «усіх на ўсіх».
Па дадзеных першага віцэ-спікера Вярхоўнай Рады, прадстаўніка Ўкраіны ў гуманітарнай падгрупе Трохбаковай кантактнай групы Ірыны Герашчанкі, у палоне знаходзяцца 168 украінцаў.
Радыё Свабода, 27 сьнежня 2017