Патрапіць пад Грунвальд ня лёгка. У 30-ці кіламетрах на ўсход бяжыць аўтадарога № 7, злучаная з вёскаю шашою, аднак турысты, якія едуць з іншых напрамкаў, вымушаныя блукаць вузкімі, хаця і маляўнічымі, раённымі дарогамі па Дылеўскім пагоркам.
Ахвотным скарыстацца з паездкі на Грунвальд напоўніцу і пабачыць інсцэнізацыю з першага шэрагу найлепш прыязджаць загадзя з намётам. У дзень бітвы пробка на вясковай дарозе расцягнецца на некалькі кіламетраў.
Грунвальд – машына часу
Едучы сюды, варта ведаць, што поле бітвы і рыцарскі лагер разбіваюць не ў самім Грунвальдзе, дзе адбылася бітва, а побач, пад вёскай Стэнбарк. Пад’язджаючы, ужо здалёк адкрываецца гратэскны від сярэднявечных намётаў на фоне ланцугу прыпаркаваных машынаў.
У лагеры адразу бачна, хто тут гаспадар, а хто – лагерная чэлядзь: вучань, студэнт або проста незаможны аматар даўніны.
Рэканструкцыя – хобі не таннае: мячы, шлемы, суконныя і ядвабныя строі не каштуюць, канешне, як вёска, але спакойна могуць дасягаць цаны легкавога аўта.
Рэканструкцыя – хобі не таннае: мячы, шлемы, суконныя і ядвабныя строі не каштуюць, канешне, як вёска, але спакойна могуць дасягаць цаны легкавога аўта.
Розніца ў статусе нікому не замінае, а, наадварот, робіць Грунвальд яшчэ больш рэалістычным. Урэшце, нехта ж мусіць расстаўляць намёты, насіць ваду і гатаваць ежу ў той час, як рыцары малоцяць адзін другога па галаве.
Хаця маладыя рэканструктары, як правіла, пра выхад на поле могуць толькі памарыць, часам і збраяносцу выпадае шанец апрануць зброю, каб замяніць кантужанага калегу. Звычайна ж яны бяруць удзел у бітве, страляючы з лука, носячы ваду або пільнуючы парадак.
Рэканструктаркі граюць на Грунвальдзе ролю швачак, кухарак і ганчароў.
«Я ў лагеры гатую – нехта мусіць рабіць абед, – кажа адна з дзеўчын. – Мне не па кішэні быць прыдворнай дамай – для гэтага патрэбныя дарагія строі і ўпрыгожанні. Падчас найважнейшых турніраў жанчыны ў Дамскай ложы апранутыя ў шоўк і футра, а мы тут носім льняныя і ваўняныя строі. Калісьці спрабавала браць удзел у турнірах, але гэта не для мяне».
Роля тых, хто не бярэ ўдзелу ў бітва – каласальная. Яны не толькі заўзеюць за сваіх мужоў, братоў і сяброў, але і аказваюць неабходную дапамогу, без якой рэканструкцыя была б немагчымая: падносяць ваду і зброю, дапамагаюць зашпіліць строй. На баявы поспех кожнага рыцара працуе ўсё братэрства.
Гістарычныя інсцэнізацыі – сямейная жарсць, якая часта ўцягвае жонак, бацькоў і дзяцей – часам нават тры пакаленні. Сёлета ў турнірным спісе ўдзельнікаў баёў на даўгіх мячах супернікамі аказаліся два браты. Іншаму рыцару шчыт паднасіў ягоны бацька, які толькі скончыў бітву ў турніры для асобаў сталага веку. Пад Грунвальдам від дзетак у даматканых кашулях – звычайная з’ява.
І хаця кульмінацыя грунвальдскіх дзён – сутыкненне сотняў рэканструктараў у суботняй інсцэнізацыі бітвы, не ўсе едуць сюды для відовішча.
«Не ўяўляю сабе летняга адпачынку без Грунвальду, хаця і не б’юся, – кажа рэканструктар Пётр. – Тут галоўнае – атмасфера ды магчымасць вырвацца з шалёнага тэмпу 21-га стагоддзя».
Бізнес-Грунвальд
Грунвальдскае рыцарства не хоча быць шляхтай, якая «шаблю носіць на вяровачцы». У лагеры можна знайсці рамеснікаў і гандляроў, якія прывезлі сюды неабходныя для рыцараў і іх сем’яў тавары.
«Мы забяспечваем патрэбы ў тканіне, – кажа купец Кшыштаф Лобас. – Калегі навокал – усё астатняе, ад лыжкі да зброі».
У крамах і працоўнях, што расстаўленыя паміж лагерам і Музеем Бітвы пад Грунвальдам, можна знайсці за працай кавалёў, ганчароў, гарбароў, шаўцоў, сталяроў, бондараў і мноства іншых рамеснікаў, чые прафесіі ўжо даўно ўнеслі ў спіс тых, што паміраюць.
І турысты, і рэканструктары могуць набыць тут біжутэрыю, халодную зброю, лукі і стрэлы, браню, шчыты, сукно, воўну і лён на метры, або гатовыя строі.
Рэканструктарам неабходная таксама тагачасная бытавая тэхніка. У намётах гандляроў можна знайсці катлы і кацялкі, каструлі і рондалі, драўняны і гліняны посуд. Сярод лагерных вулічак нярэдка можна пабачыць абвестку: «Выканаю крэслы, лавы, сталы і іншую мэблю на замову».
Пра тое, колькі каштуе гэтае хобі, распавядае беларускі рэканструктар Зміцер.
«Старэйшы сын носіць строй за $ 100, жонка – за 50. Вышыванка малога каштавала нейкія пятнаццаць. Мой строй – $ 300, а жалеза – мячы і іншай зброі – нават не лічу», – кажа Зміцер.
Дарагое абсталяванне рыцары-пачаткоўцы могуць здабыць коштам поту або крыві: рамеснікі і купцы – фундатары ўзнагародаў падчас бугурту.
Хто ў Беларусі вырабляе рыцарскія даспехі
Грунвальду патрэбныя рамеснікі, але і Грунвальд – рамеснікам. Без фэсту знайсці гэткі рынак збыту мала прыдатных у 21-м стагоддзі рэчаў было б цяжэй.
Для рэканструктара-прадпрымальніка Грунвальд – «гэта жыццё».
«Гэта цэлае жыццё. Гэта мэта, да якой ідзеш цэлы год. Немагчыма раздзяліць рэканструкцыю і прафесійныя заняткі», – упэўнены Кшыштаф Лобас.
Рэканструктары застаюцца ў эпосе да рэшты і ў пытаннях гастраноміі: тут п’юць мала папулярныя цяпер хлебны квас і пітны мёд, а ядуць тое, што знайшлі на Грунвальдзе археолагі. У лагеры няма ніякай бульбы – яе тады ў Еўропе не існавала.
Гарцэрскі Грунвальд
На другім баку поля стаяць іншыя харугвы. Ужо 46 гадоў летнік тут разбіваюць гарцэры (польскія скаўты). На сёлетні злёт гарцэрскіх дружынаў на поле пад Грунвальдам прыехала 1400 юнакоў і дзяўчат з усёй Польшчы.
«У злёце могуць узяць удзел не толькі грунвальдскія дружыны са Звязу польскага гарцэрства, – кажа арганізатарка імпрэзы Моніка. – Мы адкрытыя на кожную скаўцкую арганізацыю з любой краіны. Сёлета да нас прыехаў скаўт з Нарвегіі. Павінныя былі прыехаць таксама скаўты з Малдовы і Казахстану, але нам не ўдалося атрымаць дафінансаванне для іхнай паездкі – а ім трэба было б праехаць добры кавалак».
Калісьці на грунвальдскі злёт гарцэраў прыязджалі літоўцы і амерыканцы. Беларусаў Моніка не прыгадвае.
Паўналетнія гарцэры служаць на Грунвальдзе валанцёрамі – вучаць маладых калегаў, аказваюць медычную дапамогу турыстам і рэканструктарам падчас інсцэнізацыі, прыбіраюць поле бітвы і трыбуны пасля заканчэння фэсту.
Турыстычны Грунвальд
Турысты – найбуйнейшая на рыцарскім свяце група. Турыстычны кемпінг месціцца паміж гарцэрскім летнікам і полем бітвы – побач з амфітэатрам і «Тытанікам», мадэрновым павільёнам абслугоўвання турыстаў.
Каб накарміць некалькі тысячаў гасцей фестывалю, тут стаіць больш за сто намётаў з ежай, сувенірамі і вайсковымі аксесуарамі. Побач знаходзіцца парк забаваў ды пасвіцца рыцарскі скакун. Здымак у сядле – 10 злотых (каля $ 2,7).
Каго прывёў пад Грунвальд Вітаўт?
Пра тых, каго прывёў з сабой на поле пад Грунвальдам літоўскі князь, «сярэднестатыстычны паляк» ведае, як правіла, з фільму «Крыжакі» Аляксандра Форда: літоўцаў і татараў.
Беларускія ўдзельнікі бугурту не пагаджаюцца з тым, што пра нас на Грунвальдзе ніхто не кажа.
«За якія землі вялася тая вайна? – пытаецца берасцейскі рыцар Зміцер. – За лясныя тэрыторыі паганскай Жмудзі. Ці Вітаўт мог прывесці са Жмудзі войска, якое б перамагло крыжакоў? Не. Ён прывёў сюды ліцвінаў, якія размаўлялі на старабеларускай мове і жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Ліцвіны Вітаўта – продкі сучасных беларусаў, а не літоўцаў».
Паводле Змітра, літоўцы прыватызавалі ўсю спадчыну ВКЛ не самастойна.
«Яны атрымалі яе ад Расеі дзякуючы пасіўнасці беларускіх і ўкраінскіх уладаў. У нас не кажуць, што Беларусь была Вялікай Літвой. Літоўцы не ведаюць, што былі толькі часткаю Вялікага Княства Літоўскага».
Літоўскі бок не збіраецца папраўляць сваю гістарычную нарацыю.
«У дзень бітвы жмудзіны прышлюць у рыцарскі лагер прамоўцу, каб распавядаў аб вялікай перамозе Жмудзі і Польшчы, – кажа Зміцер. – Пра рэшту ВКЛ не скажа ані слова».
Афіцыйны беларускі бок таксама маўчыць у гэтай справе.
«Часам беларускія ўлады прыгадваюць, што Грунвальд – гэта таксама і беларуская перамога. На юбілей у 2010-м дзяржава адправіла на Грунвальд рыцараў за свой кошт. Але гэта быў адзіны раз. Цяпер рыцары едуць за свае – з Менску, напрыклад, $ 2,5 тыс. за аўтобус плюс віза і аплата за месца на полі. Таму няма чаму дзівіцца, што прыязджае іх гэтак мала», – кажа Зміцер.
У сераду ўвечары Зміцер і ягоная сям’я былі адзінымі рэканструктарамі з Беларусі, якіх можна было знайсці пад Грунвальдам. У лагеры разбілі свае намёты рыцары Ягайлы, мазавецкіх і сілезскіх князёў, а таксама рыцары і кнехты Ордэну ды прускіх гарадоў. Лагеру пад сцягам Пагоні яшчэ не было.
Нягледзячы ні на што, вядома адно – у суботу гісторыя зноўку паўторыцца: вялікі магістр упадзе з каня.
Пётр Яворскі, Варшава – Грунвальд
belsat, 15 ліпеня 2017
belsat, 15 ліпеня 2017