https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Дэлегаты VII з`езда беларусаў свету прапанавалі ўладам увесці пасведчанні беларусаў замежжа


Дэлегаты VII з`езда беларусаў свету, які адбыўся у Мінску 15—16 ліпеня, заклікалі ўлады краіны распрацаваць палажэнне "Аб статусе беларуса замежжа" і прапанаваць прадстаўнікам беларускай дыяспары і беларускай нацыянальнай меншасці ў іншых краінах атрымаць пасведчанні беларусаў замежжа з правам бязвізавага ўезду ў Беларусь.
Гэтая прапанова ўтрымліваецца ў звароце дэлегатаў да прэзідэнта, урада і парламента.

Двухдзённы з`езд беларусаў свету быў арганізаваны міжнародным грамадскім аб`яднаннем "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына". Удзел у форуме ўзялі больш за 300 дэлегатаў з Беларусі і замежжа. 

Дэлегаты з`езда канстатавалі, што сёння па-за межамі краіны жыве больш за 3,5 мільёна беларусаў. У 26 краінах дзейнічаюць каля 200 беларускіх арганізацый, асноўная частка з якіх — аб`яднанні беларускай дыяспары. Апрача таго, "у выніку міждзяржаўных тэрытарыяльных падзелаў у XX стагоддзі" ва ўсіх суседніх краінах засталася частка беларускага народа, якая сёння ўяўляе сабой "аўтахтонныя нацыянальныя меншасці". 

Беларуская дыяспара і беларуская нацыянальная меншасць, адзначана ў звароце, з`яўляецца "не толькі вялізным чалавечым патэнцыялам", але і "іміджавымі прадстаўніцтвамі Беларусі ў замежжы, своеасаблівай "мяккай сілай", крыніцай ведаў, экспертызы і інвестыцый у эканамічную, сацыяльную, адукацыйную, культурніцкую і іншыя сферы". 

"На жаль, сёння гэты патэнцыял практычна не задзейнічаны ў развіцці нашай краіны… Пакуль па арганізацыі супрацоўніцтва са сваёй дыяспарай наша краіна знаходзіцца амаль на апошнім месцы ў параўнанні з краінамі-суседзямі", — канстатавалі ў дакуменце дэлегаты з`езда. Яны дадалі, што з-за такога стаўлення церпяць дзяржаўныя інтарэсы Беларусі. 

Удзельнікі форуму таксама заклікалі ўлады цягам гэтага года распрацаваць дзяржаўную стратэгію супрацоўніцтва з беларусамі замежжа да 2025 года, а на яе аснове — адпаведную дзяржаўную праграму, якая была б накіраваная ў тым ліку на вяртанне высокакваліфікаваных адмыслоўцаў з замежжа ў Беларусь. 

Вартай справай яны лічаць стварэнне ў шэрагу органаў улады асобных структур па справах беларускага замежжа, у прыватнасці ва ўрадзе — дзяржаўнага камітэта, у парламенцкай камісіі па міжнародных справах — падкамітэта, а ў Міністэрстве замежных спраў — аддзела. Да таго ж у Нацыянальнай акадэміі навук мусіць быць створаны навуковы цэнтр па вывучэнні беларускай дыяспары. 

На іх думку, у Мінску трэба стварыць дзяржаўны культурна-інфармацыйны цэнтр суайчыннікаў замежжа "Беларускі дом", падобныя цэнтры таксама мусілі б з`явіцца ў месцах кампактнага пражывання беларусаў замежжа. Апрача таго, дэлегаты заклікалі стварыць дзяржаўную інфармацыйную базу беларусаў замежжа і асобны дзяржаўны інфармацыйны інтэрнэт-партал для іх. 

ЗБС "Бацькаўшчына" як арганізацыя, што мае багаты досвед супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой, выказала гатоўнасць на грамадскіх пачатках далучыцца да падрыхтоўкі і рэалізацыі гэтых праектаў. 

Галасаванне па дакументах з`езда і выбары кіраўніцтва прайшлі за зачыненымі дзвярыма без удзелу прэсы і гасцей.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 16 ліпеня 2017
 
Дата публикации:16.07.2017
Тематика:Культура, В мире
Просмотров:646
 
Ключевые слова:
Визовый режим Удостоверение Беларусы ў свеце Съезд
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме